Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Актывіст хоча быць танкістам, але пасьля акадэміі


Андрусь Цянюта

Андрусь Цянюта

22-гадовы гомельскі актывіст “Маладога фронту” Андрусь Цянюта, якога выклікалі ў ваенкамат “дзеля прызыву”, даслаў туды па пошце даведку з Бранскай сельскагаспадарчай акадэміі аб тым, што ён зьяўляецца студэнтам-завочнікам 3 курсу гэтай навучальнай установы. Сам спадар Цянюта ў ваенкамат не хадзіў.


“Яшчэ два гады таму, - кажа Андрэй, - я атрымаў адтэрміноўку да 2012 году. Што зьмянілася зараз, сказаць цяжка. Лічу, што праз войска ўлады хочуць ізаляваць актыўных маладых людзей. Калі закончу вучобу ў акадэміі, я не супраць ісьці на службу. Хацелася б патрапіць у танкавыя войскі. Я набываю прафэсію інжынэра-мэханіка, і гэта бліжэй да маёй спэцыяльнасьці”.

У верасьні 2007 году спадара Цянюту арыштавалі на 10 сутак за распаўсюд улётак у падтрымку выключанага з унівэрсытэту студэнта-выдатніка Зьміцера Жалезьнічэнкі.

Пазьней Гомельская ўправа КДБ прызнала яго падазроным у крымінальнай справе за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. У кватэры, дзе актывіст жыве з бацькамі, быў праведзены ператрус, адабраны кампутар й друкаваныя матэрыялы. Справу неўзабаве спынілі.

У 2008 годзе, за тыдзень да правядзеньня ў Менску сьвята Дня Волі 25 сакавіка, Андруся Цянюту пакаралі дзесяцьцю суткамі арышту. У верасьні таго ж году актывіста пакаралі штрафам і 7-суткавым арыштам за хуліганцтва й непадпарадкаваньне міліцыі.

Сёлета ў лютым спадар Цянюта за паход да аблвыканкаму з расьцяжкай “КДБ нас з працы гоніць — хто абароніць?” пакараны буйным штрафам. А ў траўні Андрэй разам зь іншымі маладафронтаўцамі трымаў галядоўку на знак салідарнасьці з ваўкавыскімі прадпрымальнікамі Мікалаем Аўтуховічам, Юрыем Лявонавым, Уладзімерам Асіпенкам.
XS
SM
MD
LG