Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Грузія й Расея абвінавачваюць адно аднога ў страляніне


Мапа Грузіі

Мапа Грузіі

Сёньня міністар абароны Паўднёвай Асэтыі Юры Танаеў заявіў, што раніцай з боку грузінскага сяла Дыцы па назіральным пункце каля сяла Эрэдві было зроблена два стрэлы з гранатамёту.

Міністэрства ўнутраных спраў Грузіі катэгарычна абвергла гэтае цьверджаньне й заявіла, што наадварот, асэтынскія фармаваньні адкрылі агонь па грузінскіх паліцыянтах.

У грузінскім дыпляматычным ведамстве таксама даволі рэзка адрэагавалі на пагрозы з боку міністэрства абароны Расеі пра тое, што расейскае войска пакідае за сабой права абараніць сілай зброі расейскіх грамадзян і вайсковы кантынгент, дысьлякаваны ў Паўднёвай Асэтыі.

МЗС Грузіі амаль адразу выступіла з заявай у адказ, у якой гаворыцца, што “мілітарысцкія заявы мінабароны Расеі маюць на мэце далейшую эскаляцыю напружанасьці й ствараюць глебу для разьвіцьця падзей па вельмі небясьпечным сцэнары”.

Назіральнікі адзначаюць, што танальнасьць заяў ім нагадвае атмасфэру, якая панавала ў рэгіёне за некалькі дзён да вайны ў жніўні 2008 году.

Грузія зьвярнулася па дапамогу да назіральнікаў Эўрапейскага Зьвязу й выклікала ў МЗС усіх паслоў заходніх дзяржаў. Паслы заклікалі ўсе бакі да стрыманасьці й выкананьня дамоў Сарказі-Мядзьведзева.
XS
SM
MD
LG