Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сэзон нарыхтоўкі ягад і садавіны зноў паказаў хібы сельскай гаспадаркі, з-за якіх некаторыя беларускія харчы ня могуць канкураваць з замежнымі нават на ўнутраным рынку.


СЛУХАЦЬ:


Кіляграм цукру ад сёньня падаражэў на 50 рублёў — цяпер ён каштуе 2270 рублёў. Іван Данчанка, кіраўнік канцэрну “Белдзяржхарчпрам”, на прадпрыемствах якога вырабляюць беларускі цукар, патлумачыў, чаму падвысіліся кошты:

“Гэта адбылося дзеля таго, каб кампэнсаваць страты вытворцам цукру. Летась кошты закупу на цукровыя буракі падвысілі на 20%, а кошт цукру не падвышаўся. Такім чынам, мы яшчэ адстаем па кампэнсацыі стратаў. І цяпер наш беларускі цукар у даляравым эквіваленце самы танны, таньнейшы нават за расейскі, украінскі”.

За мяжой у выніку фінансавага крызісу большасьць харчоў патаньнела. Чаму ж на паліцах беларускіх крамаў харчы даражэюць, у тым ліку і беларускай вытворчасьці? Паводле Івана Данчанкі, гэтаксама, як з цукрам, большасьць беларускіх харчоў у даляравым эквіваленце таньнейшыя за замежныя аналягі. А тое, што спажыўцы аддаюць перавагу імпарту, дырэктар канцэрну патлумачыў “раскручанасьцю” вядомых гандлёвых марак.

“Трэба і нам больш паважаць свой айчынны тавар, які зусім ня горшы, ды больш укладаць грошай у рэкляму сваіх, беларускіх брэндаў”, — мяркуе Іван Данчанка. Кіраўнік “Белдзяржхарчпраму” прывёў у прыклад піўную галіну, якая ва ўмовах крызісу павялічыла вытворчасьць і нават прарвалася ў Эўропу. Так, менскі піўзавод “Крыніца” сёлета ўдвая павялічыў продажы ў Латвіі.

Некалькі нарыхтовачных кантор ганяюцца за адным і тым жа вядром вішняў.
А чаму беларускія сокі цяжка канкуруюць з замежнымі нават на ўнутраным рынку? Іван Данчанка паведаміў, што сёлетняя кампанія па нарыхтоўцы ягад і садавіны мала чым адрозьніваецца ад ранейшых: купляць асабліва няма ў каго: “некалькі нарыхтовачных кантор ганяюцца за адным і тым жа вядром вішняў”. Ці не з-за таго, што ў краіне мала фэрмэраў, якія займаюцца садавіной?

“Так, мала фэрмэраў. У асноўным была арыентацыя на прыватныя падворкі, але сельскае насельніцтва старэе, памеры садоў на прыватных падворках зьніжаюцца. Таму, сапраўды, трэба, каб было больш фэрмэраў, якія займаюцца садова-ягадным кірункам. Мы гатовыя працаваць разам з такімі фэрмэрамі і нават іх фінансаваць”, — паведаміў Іван Данчанка.

Чаму беларускія сокі даражэйшыя за імпартныя і што перашкаджае Беларусі падняць ягадна-садовую галіну? Незалежны эканаміст Міхал Залескі бачыць прычыны адставаньня ў дзяржаўнай сыстэме гаспадараньня:

“За царскім часам Магілёўская губэрня была асноўным пастаўшчыком вішняў у Маскву і Санкт-Пецярбург. Сады былі па 3-10 гектараў. Змарнавалі ўсё сваёй калгаснай арганізацыяй. Як аднавіць? Падаецца, праблема ня столькі ў тым, каб вырошчваць, колькі ў тым, каб нарыхтоўваць. Дрэваў шмат і на лецішчах, і ў старых калгасьнікаў, але няма сыстэмы нарыхтоўкі. Нейкім чынам бы абадралі. Я вунь учора бачыў, баба адна ўзьбілася мэтраў на 7 на вішню, сядзела ды абірала. Але каб праехала машына, ды сабрала гэта ўсё, ды завезла на перапрацоўку… Арганізаваць такі гандлёва-тэхналягічны ланцужок вельмі складана, бо зашмат усякіх чыноўніцкіх перашкодаў. Нягледзячы на заявы пра ліцэнзаваньне, пра адно вакно і гэтак далей”, — мяркуе Міхал Залескі.

У канцэрне “Белдзяржхарпрам” прызналі, што ў выніку нядаўняга малочнага канфлікту з Расеяй мусілі зьменшыць пастаўкі туды малочных вырабаў і зараз шукаюць іншыя кірункі экспарту. Што да былых войнаў — “цукровай” з Расеяй і “карамельнай” з Украінай, “Белдзяржхарчпрам” спадзяецца, што канфліктаў тут больш ня будзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG