Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле вынікаў першага паўгодзьдзя, Беларусь займае трэцяе месца сярод краінаў былога СССР па росту цэнаў. Такія высновы на падставе аналізу статыстычных дадзеных робіць агенцыя БелаПАН. Ад пачатку года ў Беларусі ў сярэднім кошты вырасьлі на 7,3 працэнта. На тэму росту цэнаў у Беларусі – паведамленьні карэспандэнтаў “Свабоды” з рэгіёнаў.

СЛУХАЦЬ:


Меншчына

Булка хлеба палягчэла, але падаражэла

Паводле афіцыйных дадзеных, намалот збожжа на сёньня ў Беларусі дасягнуў аднаго мільёна тон. Між тым, на Меншчыне, якая ў лідэрах жніва, зноў падаражэў хлеб. Пра гэта паведамляе “Свабодзе” ўладальнік прыватнай крамы ў райцэнтры Ўзда Віктар Крываль:

“Цяпер хлеб даражэе ў кожны прывоз. Даражэе так: па 10 рублёў на адным вырабе. Булка да гэтага важыла 1 кіляграм 150 грам, а цяпер — 900 грам. Але каштуе даражэй. Дадалі да назвы слова “новы” — “нарачанскі новы”. Быў кошт 2100 рублеў, а цяпер — 2270. Было 1 кіляграм 150 грам, стаў — 900.

Вось так растуць кошты. На каўбасы — таксама. Пішуць, што склад прадукту іншы, а таму кошты растуць”.

Берасьцейшчына

Цэны ў Берасьці вышэйшыя, чым у Польшчы і ва Украіне

Як растуць кошты на Берасьцейшчыне? Наколькі яны цяпер адрозьніваюцца ад польскіх і ўкраінскіх? Удакладняе знаўца гандлёвых рынкаў у Прыбужжы Віктар Чайкоўскі:

“На сёньня, да прыкладу, памідоры каштуюць ва Ўкраіне, на памежжы зь Беларусьсю — адна тысяча беларускіх рублёў за кіляграм. У Берасьці на рынку памідоры каштуюць 3,5 тысячы рублёў за кіляграм. Ужо канец ліпеня, фактычна пачатак жніўня, а такія вар’яцкія кошты!”

Суразмоўца параўноўвае берасьцейскія кошты і з польскімі.

“На захоўваньні высокіх коштаў у Беларусі чыноўнікі маюць свае барышы”

“Прыклад: адзін кіляграм ківі на рынках у Берасьці каштуе ад 8 да 9 тысяч рублёў. У Польшчы — на беларускія рублі — менш за 4 тысячы рублёў. Такая ж разьбежка ў цэнах на цытрусавыя”.

Ці ведае Віктар Чайкоўскі прычыны дарагоўлі ў Беларусі?

“Хтосьці мае ў гэтай справе калясальныя барышы. А хто? Той, хто належыць да ўлады, да яе вышэйшага эшалёну. Гэта сьведчыць, што да цяперашняга часу ад 1991-га, а гэта ўжо 18-ты год, Беларусь не ўступіла ў нармальныя рыначныя адносіны”.

Магілёўшчына

На падрыхтоўку дзіцяці да школы трэба назьбіраць 700 тысяч рублёў

На Магілёўшчыне гандляры адзначаюць праблему падзеньня пакупніцкай здольнасьці насельніцтва. Найбольш выразна гэта выяўляецца ў падрыхтоўцы дзяцей да школы. Працягвае тэму наш магілёўскі карэспандэнт Андрэй Белагубаў.

ям’і ня есьці, ня піць, не плаціць за кватэру, а толькі зьбіраць дзіця ў школу
У параўнаньні зь мінулым годам цэны на вопратку для школьніка вырасьлі ў сярэднім ад дзесяці да дваццаці працэнтаў. Гандляры кажуць, што гэта няшмат. Бацькі з гэтым не згаджаюцца. Яны цьвердзяць: каб падрыхтаваць адно дзіця сёлета ў школу, трэба выкласьці да сямісот тысяч рублёў:

“А паколькі ў мяне двое дзяцей, то гэта дужа дорага. Гэта трэба практычна месяц выкінуць. Сям’і ня есьці, ня піць, не плаціць за кватэру, а толькі зьбіраць дзіця ў школу. Зьніжкі прапануюцца, аднак спачатку трэба на вялізную суму набраць тавару. Там зьніжка не істотная. Больш за дзесяць працэнтаў яна ня будзе”, — кажа адна з наведніц школьнага базару ў Магілёве.

Зьніжак цаны на школьную форму пакуль няма

Сярэднестатыстычны заробак на Магілёўшчыне, дарэчы, у чэрвені складаў 903 тысячы рублёў.

У прадстаўніцы адміністрацыі адной з самых буйных магілёўскіх крамаў я запытаў, ці практыкуюць яны зьніжкі на школьную форму й ці ахвотна людзі бяруць сёлета гэты тавар:

“Наконт зьніжак мы пытаньня яшчэ не вырашалі. Можа, гэтае пытаньне разгледзім у другой палове жніўня. Аднак у нас і так мінімальныя надбаўкі. Летась лепей прадаваўся тавар. Учора, напрыклад, мы прадалі толькі адзін гарнітур для школьніка й дзьве адзінкі для дзяўчат, адну сёньня вярнулі назад. Можа, у сувязі з крызісам людзі яшчэ думаюць”.

Чаму прадпрыемствы дзяржаўнага гандлю неахвотна практыкуюць зьніжкі на такі запатрабаваны тавар, як школьная форма? Можа, прычына зьвязана зь яе вытворцамі?

Калі я табе даю зьніжку 8-10 працэнтаў, то я ад цябе патрабую цягам месяца разьлічыцца. Ніхто ня хоча цягам месяца разьлічвацца. Сёньня запаволіліся тэрміны рэалізацы
Дырэктар бабруйскай швейнай фабрыкі “Славянка” Тэймураз Бачарашвілі цьвердзіць, што гандляры неахвотна бяруць іх прадукцыю са зьніжкамі:

“Сёньня ўмова для зьніжкі — своечасовы разьлік. Калі я табе даю зьніжку 8-10 працэнтаў, то я ад цябе патрабую цягам месяца разьлічыцца. Ніхто ня хоча цягам месяца разьлічвацца. Сёньня запаволіліся тэрміны рэалізацыі”.

Паводле суразмоўцы, гандляры могуць апэратыўна разьлічыцца, толькі калі возьмуць крэдыт пад дваццаць працэнтаў гадавых, а ён зьнішчыць тую зьніжку, якую давала прадпрыемства. “Славянцы” толькі менскія гандляры вінаватыя каля ста пяцідзесяці мільёнаў рублёў. Ад такіх узаемаадносінаў цярпіць пакупнік.

Гомельшчына

Калі пэнсію й заробкі Лукашэнка не падвышае, то навошта ж кошты ўзьвінчваць?

У Беларусі ад сёньня падаражэлі цукар і цыгарэты. Гэта выклікала трывогу ў пакупнікоў Гомельшчыны.

Кабета ў гадах кажа, што кошты на тытунёвыя вырабы падвысіліся больш як на 10 адсоткаў. У прыватнасьці, на цыгарэты “Прыма”:

“Мужу брала — учора былі 540 рублёў, цяпер ужо — 600. Ён курыць “Прыму”.

Прадавачка гандлёвай крамы “Смак”, што на вуліцы Кірава ў абласным цэнтры, удакладніла, на колькі менавіта падаражэў цукар:

“Кіляграм на 50 рублёў — на рафінад, на фасаваны, рассыпны. Любы!”

Новыя кошты на харчы людзі ўспрымаюць з засмучэньнем. Апавядае былая выхавацелька дзіцячага садку спадарыня Валянціна, якая атрымлівае 350 тысяч рублёў пэнсіі:

“Усё дорага. Прыйдзеш у краму — каўбаса па 20 тысяч і болей. Хлеб падаражэў: за батон і бохан чорнага — 3 тысячы. А пэнсію не дабаўляюць. Купіш якую лівэрку ці чайную… Калі пэнсію й заробкі Лукашэнка не падвышае, то навошта ж цэны падвышаць? Як жа чалавеку жыць? Во стаю, а ў мяне галава кружыцца — я яшчэ ня сьнедала”.

Спэцыялісты абласной управы гандлю й паслуг распавядаюць, што гандлёвыя прадпрыемствы разам з вытворцамі харчовых прадуктаў ладзяць кірмашы, акцыі зьніжак коштаў на розныя тавары, у тым ліку й харчовыя:

“Імпартэры многія даюць зьніжкі — на імпартныя тавары. На нашыя беларускія, напрыклад, унівэрсам “Сяльмашаўскі” дае зьніжкі. Яны працуюць толькі зь беларускімі вытворцамі, прадаюць беларускую прадукцыю. У іх заключаныя дамовы, і яны даюць зьніжкі на прадукцыю малочных камбінатаў, на каўбасныя вырабы”.

“Зьніжкі на 5% — гэта нішто!”

Спадарыня Ніна кажа, што яна іншым разам бачыць новыя, ніжэйшыя кошты, але розьніца нязначная:

“Вось там напісана: каўбасныя вырабы — зьніжкі на 5 працэнтаў. Во ў хлебнай краме, што на рагу. На 5 працэнтаў — гэта нішто”.

Пэнсіянэрка спадарыня Зінаіда апавяла, што нядаўна яна была на кірмашы, зладжаным у цырку — ніякай розьніцы ў коштах не заўважыла. Калі ўжо распрадаваць тавар, то трэба кошты зьніжаць істотна:

“Распрадаваць — дык па дарагой цане ніхто браць ня будзе. А што вы да гэтага часу трымалі залежы, хаця б той жа Лукашэнка? Цяпер ён выступае па тэлебачаньні і кажа, што трэба пакрысе збываць. А чаго ты раней не збываў? Чаго чакаў?”


У студзені–чэрвені 2099 году Беларусь заняла трэцяе месца сярод краінаў былога СССР па росту цэнаў.
Такі вынік праведзенага агенцтвам БелаПАН аналізу статыстычных дадзеных.

Цягам першага кварталу Беларусь была лідэрам паводле гэтага паказьніка, ў красавіку саступіла першынства Ўкраіне, а ў чэрвені яшчэ і Расеі.

Ад пачатку году цэны вырасьлі:

* Ва Ўкраіне – на 8,6%
* У Расеі – на 7,4%
* У Беларусі – на 7,3%
* У Армэніі – на 5,2%
* У Казахстане – на 3,9%
* У Таджыкістане – на 2,8%
* У Літве – на 2,4%
* У Латвіі – на 2,1%
* У Грузіі – на 1,3%
* У Кыргызстане – на 0,6%


За 6 месяцаў цэны зьнізіліся:

* У Малдове – на 1,8%
* У Эстоніі – на 2,1%
* У Азэрбайджане – на 3,2%

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG