Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новым кіраўніком 3-й асобнай Чырванасцяжнай брыгады спэцназу вайсковай часткі 3214 стаў Хазалбек Бахцібекавіч Атабекаў, паведаміў «Нашай Ніве» прэсавы сакратар унутраных войскаў Сяргей Кабаковіч.

Зьмена зьвязаная з тым, што былы кіраўнік спэцназу Юры Караеў пайшоў на павышэньне. Цяпер ён займае пасаду першага намесьніка начальніка апэратыўнай і баявой падрыхтоўкі ўнутраных войскаў МУС. Караеў быў начальнікам спэцназа менш за год. Да гэтага брыгадай камандаваў Дзьмітры Паўлічэнка.

У ліпені летась асэтын Юры Караеў узначаліў Менскі полк міліцыі спэцназу ГУУС Менгарвыканкаму. Ён замяніў Юрыя Падабеда, у якога нібыта ўзьніклі праблемы са здароўем. Дарэчы, цяпер Падабед узначальвае асабістую ахову вядомага бізнэсоўца Юрыя Чыжа. Да гэтага Караеў працаваў у Гомелі.

А літаральна праз два з паловай месяцы Караеў атрымаў новае прызначэньне. Ва ўручанскі спэцназ ён прыйшоў на месца Дзмітрыя Паўлічэнкі, які знаходзіцца ў сьпісе неўязных у Эўразьвяз і ЗША як падазроны ў датычнасьці да зьнікненьняў апазыцыянэраў.

Хазалбек Атабекаў у 1990 годзе скончыў Менскае вышэйшае ваенна палітычнае агульнавайсковае вучылішча. У 2005 годзе Атабекаў быў узнагароджаны мэдалём «За бездакорную службу», у той час ён зьяўляўся начальнікам аддзяленьня баявой падрыхтоўкі в/ч — 3214. У жніўні 2007 году новаму кіраўніку спецназа было прысвоена званне палкоўніка, піша "Наша Ніва".
XS
SM
MD
LG