Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 дзён на працу над памылкамі


Памылкі ў беларускамоўных тэкстах на скульптурнай кампазыцыі ў Брэсьце плянуецца выправіць за 10 дзён.


75 памылак налічылі адмыслоўцы на бронзавых шыльдах, якія месьцяцца ўнізе скульптурнай кампазыцыі. Помнік, прысьвечаны 990-годзьдзю Берасьця, адкрылі днямі.

“Працы па карэкцыі надпісаў ужо пачаліся і праводзяцца берасьцейскімі і менскімі адмыслоўцамі з выкарыстаньнем адпаведнай тэхналёгіі”, — заявіў БелаПАН галоўны адмысловец у справе аховы гісторыка-культурнай спадчыны ўправы культуры Берасьцейскага аблвыканкаму Леанід Несьцярчук.

Дакладную колькасьць памылак ён не назваў. Але адзначыў, што пераважная іх частка — гэта напісаньне “у” замест “ў”.

Помнік зроблены з граніту і бронзы і мае тры ярусы.

На ніжнім ярусе разьмешчаны 12 бронзавых шыльдачак. Яны ўтвараюць сымбалічны гадзіньнік, які нібыта адмярае гісторыю гораду. На шыльдах пазначаныя найважнейшыя падзеі з 990-гадовых дзеяў Берасьця. Вышэй месьцяцца шэсьць бронзавых постацяў: вялікі князь Вітаўт, Мікалай Радзівіл Чорны і князь Васількавіч, а таксама тры сымбалічныя фігуры — маці, жаўнер і летапісец. Над імі ўзвышаецца постаць анёла-ахоўніка гораду.

Скульптурная кампазыцыя распрацавана берасьцейскім скульптарам Аляксеем Паўлючыкам. Бронзавыя постаці адлівалі ў Менску на прадпрыемстве “Ліцейны двор” беларускага Саюзу мастакоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG