Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму на выбарах у Малдове камуністы страцілі так шмат галасоў у параўнаньні з папярэднімі выбарамі? Ці сапраўды Малдова ўчора рабіла гэапалітычны выбар? Якім можа быць далейшае разьвіцьцё падзеяў у Малдове? Над гэтымі пытаньнямі ў “Экспэртызе Свабоды” разважаюць аналітык малдаўскай службы нашага радыё Васіліў Батнару і супрацоўнік Інстытуту Эўропы Расейскай акадэміі навук Дзьмітры Фурман. Вядзе перадачу Юры Дракахруст.


ВЫБАРЫ Ў МАЛДОВЕ. ПЭЙЗАЖ ПЕРАД БІТВАЙ

Дракахруст: Чаму камуністы ў Малдове на датэрміновых згубілі так шмат галасоў у параўнаньні з красавіцкімі выбарамі, тады яны атрымалі 61 мандат са 101-го, а зараз – толькі 48. Васіліў Батнару, якое Вашае тлумачэньне?

Любая ўлада - дэмакратычная ці не, левая ці правая, губляе папулярнасьць з аб'ектыўных прычынаў
В. Батнару
Батнару:
Па першае, таму што яны 8 гадоў былі ва ўладзе. Любая ўлада -- дэмакратычная ці не, левая ці правая, губляе папулярнасьць з аб'ектыўных прычынаў, бо ўсіх праблем вырашыць нельга, тым больш калі не вырашаюцца сацыяльныя праблемы. А тым болей калі левыя зарваліся, пачалі паводзіць сябе пыхліва, асабліва адносна апазыцыі. Таму яны атрымалі па заслугах.

Дракахруст: Дзьмітры Фурман, як Вы наагул ацэньваеце вынік гэтых выбараў?

Гэта вялікая перамога малдаўскай дэмакратыі. І не таму, што скінутыя камуністыю Д.Фурман
Фурман:
Перш за ўсё гэта вялікая перамога малдаўскай дэмакратыі. І не таму, што скінутыя камуністы, што камуністы -- гэта так кепска. Наадварот, камуністы забясьпечылі сумленныя выбары, іх палітыка зрабіла магчымай ратацыю, якая зараз адбылася. Пэрспэктывы бясконцага працягу ўлады камуністаў, нават сумленным шляхам і нармальнымі выбарамі -- гэта ня вельмі добрая пэрспэктыва. Камуністам раней ці пазьней трэба было пераходзіць у апазыцыю і правыя раней ці пазьней павінны былі перамагчы. Гэта адбылося зараз. Я меркаваў, што гэта адбудзецца пазьней.

Дракахруст:
Многія палітыкі і назіральнікі казалі, што на выбарах 29 ліпеня Малдова будзе рабіць лёсавызначальны выбар – на Ўсход ці на Захад. Ці сапраўды гэта былі лёсавызначальныя выбары і які лёс краіна для сябе выбрала? Дзьмітры


Нават уявіць сябе, што на чале краіны ўстануць радыкальныя юніяністы, то вельмі хутка іх радыкалізм выпарыцца
Д.Фурман
Фурман: Я ня думаю. што гэта такі ўжо лёсавызначальны выбар. Калі ў 2000 годзе ў першы раз перамаглі камуністы, гэта здавалася лёсавызначальным, маўляў, Малдова абірае нейкі шлях. Насамрэч нічога падобнага. Камуністы сталі арыентавацца на інтэграцыю ў Эўропу і зрабілі для эўраінтэграцыі больш, чым тыя дэмакратычныя ўрады, якія былі да іх.

Я не ўяўляе, каб зараз прыйшлі да ўлады радыкала, каб прэзыдэнтам, напрыклад, стаў крайні юніяніст кшталту Дорына Кіртоакэ. Будзе, хутчэй за ўсё, нэўтральная фігура. Але калі нават уявіць сябе, што на чале краіны ўстануць радыкальныя юніяністы, то вельмі хутка іх радыкалізм выпарыцца. Гэтак жа, як зьніклі камуністычныя лёзунгі і ідэі хуткай інтэграцыі з Расей і Беларусьсю. Яны зьніклі на наступны дзень пасьля перамогі камуністаў.

У Малдове сапраўды вельмі глыбокі раскол, але гэты раскол больш на ўзроўні сымбаляў і жаданьняў. На самой справе абодва крайніх пунктаў гледжаньня -- празаходне-юніянісцкая і малдавенісцкая камуністычная -- ў працэсе палітычнага жыцьця і перш за ўсё ў працэсе рэальнага кіраваньня робяцца больш прагматычнымі. Я ня думаю, што гэта лёсавызначальныя выбары.

Дракахруст: Васіліў, а якое Вашае меркаваньне – на гэтых выбарах Малдова вызначала, куды яна пойдзе – на Ўсход ці на Захад?

Нельга прымушаць людзей выбіраць паміж Усходам і Захадам, нельга адмаўляцца ад Прыднястроўя на карысьць Румыніі і наадварот
В. Батнару
Батнару: Гэта партыйцы намалявалі на картонцы - вось Захад, вось Усход і выбірайце паміж імі. Насамрэч гэта зусім не так. Гэтае спрашчэньне было сьвядома зробленае ў разгар гэтых спрэчак, а насамрэч жыцьцё больш складанае. Бо нельга прымушаць людзей выбіраць паміж Усходам і Захадам, нельга адмаўляцца ад Прыднястроўя на карысьць Румыніі і наадварот. Насамрэч малдаване сёньня выступаюць за Эўразьвяз, за эўраінтэграцыю, але каб атрымаць цывілізаваныя ўмовы ў сябе дома, неабавязкова, каб на другі дзень зьбегчы з Малдовы ў Эўразьвяз. Яны застаюцца малдаванамі, ім дарагое Прыднястроўе, ім дарагія магілы, якія застаюцца тут, дома. Менавіта з прычыны таго, што ў гэтай будучай кааліцыі будуць збалянсаваныя сілы, яны будуць стрымліваць адзін аднаго. І тыя, хто на ўзроўні лёзунгаў, па меншай меры, казалі, што заўтра трэба выходзіць з СНД і ўступаць у НАТО, будуць стрыманыя тымі, хто кажа, што Расея настолькі ж важная, як Эўразьвяз. Такая кааліцыя будзе вельмі шырокая і будзе стрымліваць увесь гэты палітычны запал.

Дракахруст: Дзьмітры, Вы раней сказалі, што выбары ў Малдове былі сумленнымі. Але апазыцыя нават зараз, калі набрала больш за палову галасоў, гаворыць пра фальсыфікацыі. Красавіцкія хваляваньні былі выкліканы менавіта падазрэньнямі ў фантастычных фальсыфікацыях. Праўда, зараз назіральнікі АБСЭ значных парушеньняў не ўбачылі. Але можа апазыцыя мае рацыю і парушэньні ўсё ж істотна паўплывалі на вынік галасаваньня і насамрэч камуністы набралі значна менш афіцыйных лічбаў.

Ёсьць законы Малдовы, паводле якіх у цэнтравыбаркаме большасьць маюць апазыцыйныя партыі -- 5 чалавек з 9-ці
Д. Фурман
Фурман: Ну, фантастычнымі яны быць ніяк ня могуць. У свой час камуністы перамаглі, калі былі апазыцыйнай партыяй, і атрымалі велізарную колькасьць галасоў. Усе выбары, якія праводзіліся пасьля, праходзілі пад назіраньнем эўрапейскіх структураў. Але справа нават ня толькі ў гэтым.

Ёсьць законы Малдовы, паводле якіх у цэнтарвыбаркаме большасьць маюць апазыцыйныя партыі -- 5 чалавек з 9-ці. Усе сьпісы выбаршчыкаў складаліся прэфэктамі мясцовых адміністрацый, дзе дамінуе апазыцыя. Дзе маглі ўзьнікнуць масавыя фальсыфікацыі? Я проста не разумею.

Пра тое, што яны не былі масавымі, гавораць і вынікі гэтых выбараў. Калі б у камуністаў была магчымасьць зрабіць гэтыя масавыя фальсыфікацыі, яны б перамаглі. І ў красавіку не атрымалася б, што ў іх не хапіла аднаго голасу, каб абраць прэзыдэнта.

Дракахруст: Васіліў, выбары 29 ліпеня – посьпех апазыцыі і параза камуністаў. Але ці ня можа ў выніку атрымацца нечаканая канфігурацыя? Дэмакратычная партыя – адна з тых самых апазыцыйных, што перамаглі, кіраваная Марыянам Лупу, былым сьпікерам парлямэнту, які яшчэ нядаўна быў адным з кіраўнікоў кампартыі, і ўжо пасьля красавіцкіх выбараў сышоў зь яе з-за канфліктаў з Уладзімерам Вароніным. Ці ня можа ён пайсьці на альянс не з астатнімі апазыцыянэрамі, а з камуністамі? І тады камуністы – ізноў ва ўладзе?

Навошта Дэмакратычнай партыі залазіць у цягнік, які ідзе ў тупік ці пад адхон?
Батнару: Навошта Дэмакратычнай партыі залазіць у цягнік, які ідзе ў тупік ці пад адхон? А становішча камуністаў можна параўнаць з такім цягніком. Навошта Марыяну Лупу, які ідзе ўверх па палітычнай лесьвіцы, зьнішчаць сваю кар’еру менавіта ў гэтай сытуацыі, калі ў пэрспэктыве зь іншымі партнэрамі ён можа дамагчыся большага, магчыма, і вышэйшай пасады ў дзяржаве?

Зразумела, ў некамуністычнай кааліцыі яму будуць ставіць умовы, якія для яго будуць непрымальныя, але гэтая сытуацыя мае пэрспэктыву. Галасоў, якія мае некамуністычная кааліцыя, дастаткова, каб падрываць некамфартабэльную сытуацыю камуністаў, нават калі Ўладзімер Варонін застанецца выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта, у апазыцыі будзе дастаткова рычагоў, каб на яго ўзьдзейнічаць: прызначаць урад, хаця дзейны прэзыдэнт можа адхіліць кандыдатуры, а таксама прызначаць сваіх прадстаўнікоў у іншыя структуры, якія будуць мець вялікі ўплыў на хаду далейшых падзеяў, на палітычную атмасфэру.

Мне ўсё ж здаецца, што гэтая кааліцыя адбудзецца. Будзе вельмі складаная размова, тым больш што камуністы будуць імкнуцца пускаць "чорную кошку" паміж імі. Але думаю, што яны ўсё ж дамовяцца.

Дракахруст: Дзьмітры, Вы ў сваёй кнізе “Малдова і Расея: дзяржавы і грамадзтвы” падрабязна вывучалі палітычны спэктар Малдовы. Як Вы ацэньваеце шанцы стварэньня і выжываньне апазыцыйнай кааліцыі ў новым парлямэнце Малдовы?

Бяда правых на ўсёй постсавецкай прасторы -- гэта крайняя амбіцыйнасьць іх лідэраў і бясконцыя сваркі
Д.Фурман
Фурман: Бяда правых на ўсёй постсавецкай прасторы -- гэта крайняя амбіцыйнасьць іх лідэраў і бясконцыя сваркі. У Малдове правыя несувымерна больш моцныя, чым расейскія ці беларускія, але ў прынцыпе гэта тое ж самае, дамовіцца ім неймаверна цяжка. Часам на актыкамунізме яны здольныя згуртавацца, але далей сваркі пачынаюцца ізноў. Я ня ведаю, што будзе гэтым разам, але ёсьць вялікая небясьпека, што паўторыцца тое, што было перад першай перамогай камуністаў у 2000 годзе, калі ва ўладзе быў правы лягер і была чахарда няўстойлівых урадаў, якія будаваліся на кааліцыйным прынцыпе. Яны самі ўяўлялі сабой мініпарлямэнты, ўсе міністры спрабавалі правесьці свае партыйныя інтарэсы і лаяліся паміж сабой. Гэта вельмі сумная пэрспэктыва, якая магчымая. З майго пункту гледжаньня ў Малдове ўзьнікла моцная, дэмакратычная, нармальная левая ў асобе кампартыі, але яшчэ ня склалася нармальнай адказнай правай.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG