Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”. Эфір 26 ліпеня

21 ліпеня ў Менску была створаная Каардынацыйная рада грамадзкіх і палітычных арганізацый, якія займаюцца выяўленьнем і вывучэньнем злачынстваў, зьдзейсьненых камуністычнай уладай у Беларусі. Адным зь ініцыятараў стварэньня Рады выступіў намесьнік старшыні аргкамітэту партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя Віталь Рымашэўскі.

Міхась Скобла: “Віталь, якія арганізацыі увайшлі ў вашую Раду, і чым канкрэтна яны будуць займацца?”

Віталь Рымашэўскі: “У Раду ўвайшлі ініцытыва “Пакаяньне” Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, прадстаўнікі міжнароднага аб’яднаньня “Мэмарыял” у Беларусі, Малады фронт, грамадзкае аб’яднаньне “Беларуская нацыянальная памяць”, што цяпер якраз рэгіструецца ў Польшчы, прадстаўніца жаночай лігі Ніна Стужынская... Рада адкрытая і для іншых арганізацый. Мы спадзяемся, што ў яе ўвойдзе таксама і прадстаўнік Беларускага Народнага Фронту. Першае мерапрыемства, якое ў нас заплянаванае на 22 жніўня, прадугледжвае запрашэньне прадстаўнікоў палітычных партый, грамадзкіх і царкоўных арганізацый на канфэрэнцыю, прымеркаваную да дня падпісаньня пакту Молатава-Рыбэнтропа. Там усім будзе дадзеная магчымасьць далучыцца да дзейнасьці Рады. Чым яна будзе займаецца? Гэта і выданьне дыскаў са зборам фільмаў, якія расказаваюць пра злачынствы камуністычнага рэжыму, са зборам электронных дакумэнтаў, гэта і сустрэчы моладзі з былымі вязьнямі камуністычнага рэжыму, гэта і падтрымка тых самых вязьняў. Гэтая падтрымка фактычна ладзіцца на грамадзкія сродкі, ахвяраваньні, якія робяць людзі. Прыкладам, мы падпісваем пацярпелых ад рэжыму на незалежныя выданьні: “Народную волю”, “Нашу ніву”. На жаль, яны сёньня засталіся без увагі дэмакратычнай грамадзкасьці”.

Скобла: “Вось вы кажаце пра збор дакумэнтаў і распаўсюд іх на дысках. Але наўрад ці вы атрымаеце допуск у архівы КДБ. Ці ў вас ёсьць нейкія свае каналы інфармацыі?”

Рымашэўскі: “Допуск да архіваў КДБ рана ці позна мы атрымаем. Неўзабаве гэтая ўлада зьменіцца, і гэтыя архівы будуць адчыненыя. І канешне ж, у Беларусі будзе створаны Музэй злачынстваў камунізму, як у Вільні ёсьць музэй КДБ. А пакуль мы зьбіраем віртуальны архіў і запісваем сьведчаньні людзей, якія яшчэ памятаюць тыя злачынствы. Прыкладам, у дакумэнтальным фільме “Лес сьмерці”, які выйшаў у рамках праекту “Пакаяньне”, расказваецца пра лес пад Гомелем, дзе былі расстраляныя тысячы жыхароў Беларусі, там вельмі шмат дакумэнтальных сьведчаньняў людзей – відэазапісаў, і гэта вельмі каштоўна. Многія людзі, зь якімі мы сустрэліся за апошнія тры гады, ужо адышлі ў іншы сьвет, і, магчыма, гэта былі апошнія запісы зь іх удзелам. У згаданым гомельскім лесе былі праведзеныя раскопкі, і ёсьць дакумэнтальныя падцьверджаньні, што там былі знойдзеныя гільзы ад савецкіх наганаў. Беларуская ўлада, як вядома, хавае гэты факт, спрабуючы сьпісаць усё на фашыстаў, але сьведчаньні ёсьць, і мы павінны іх задакумэнтаваць. Акрамя таго, вельмі важная жывая памяць. Сустрэчы былых вязьняў Эрнэста Сабілы, Надзеі Дземідовіч ды іншых з маладымі людзьмі зьбіралі поўныя залі, і на ўправе БНФ і ў рэгіянальных гарадах. І гэта, я лічу, таксама вельмі патрэбна”.

Скобла: “Паводле якой шкалы клясыфікацыі вы вызначаеце: гэта злачынства камуністычнай сыстэмы ці звычайны крымінал? Прыклад: у 1943 годзе партызаны спалілі спалілі вёску Дражна ў Старадароскім раёне і забілі 25 мірных жыхароў. Наўрад ці яны пайшлі на гэтае злачынства па загадзе з Цэнтральнага партызанскага штабу”.

Рымашэўскі: “Я думаю, што кожны факт трэба разглядаць асобна. Забойства асобнага чалавека – гэта ўжо цэлая гісторыя, цэлая трагедыя, і мы ня можам, як гэта было прынята ў камуністычныя часы, усіх дзяліць на белых і чорных. Адной з нашых тэзаў зьяўляецца наступная: “Камунізм у Беларусі павінен быць асуджаны як зьява, як назва, як ідэалёгія, павінна быць ацэненая дзейнасьць камуністычных лідэраў”. Але кожны прыватны факт трэба разглядаць асобна, трэба разумець, што адбывалася. Безумоўным зьяўляецца адно: таталітарныя кіраўнікі, такія як Ленін, Сталін, і антычалавечная таталітарная ідэалёгія – камунізм – павінны быць асуджаны ў Беларусі. Як і ў іншых цывілізаваных краінах, за прапаганду гэтых ідэяў людзі мусяць трапляць у вязьніцы”.

Скобла: “Вы лічыце, што камунізм мае быць асуджаны на працэсе накшталт Нюрнбэргскага?”

Рымашэўскі: “Безумоўна. Але юрыдычнае асуджэньне не будзе легітымным без грамадзкага асуджэньня. Мы гэта ведаем. Трэба рабіць пэўныя намаганьні для пераасэнсаваньня гісторыі беларускім грамадзтвам. І толькі пасьля гэтага павінна быць юрыдычнае замацаваньне”.

Скобла: “Вось вам прыклады “пераасэнсаваньня гісторыі” ў Беларусі. У мястэчку Сьвіслач усталяваны парадны бюст Сталіна. Вы, дарэчы, бачылі яго?”

Рымашэўскі: “Не, ня бачыў”.

Скобла: “Пад Менскам узьведзены цэлы музэйны комплекс “Лінія Сталіна”. У Менску некалькі гадоў таму выйшла кніга “Сталину, Европа, поклонись”… Гэта што – насланьнё нейкае на людзей найшло? У чым прычына гэткай дзіўнай любові да тырана?”

Рымашэўскі: “Гэтае насланьнё засталося з часоў Савецкага Саюзу. І першая прычына ў тым, што мэнтальнасьць, сьветапогляд людзей не зьмяніліся. А другая прычына – гэта мэтанакіраваная палітыка ўладаў Расеі й Беларусі. Гэта відавочна ўсім. Я хачу працытаваць словы вядомага хрысьціянскага дэмакрата Адама Станкевіча, сказаныя ім пры арышце: “Праўда сілу пераможа”. І я ўпэўнены, што так і станецца. Адзінае, што патрэбныя людзі, якія б адстойвалі гэтую праўду. Хай сабе сёньня мала людзей асэнсоўваюць, што Сталін сапраўды злачынца, важна, каб гэтыя людзі былі, і каб у іх было жаданьне перадаць гэтую праўду іншым, каб было асэнсаваньне гэтых злачынстваў. Трэба, каб людзі гэтыя мелі адкрытыя сэрдцы, каб адчуць той боль, праз які яны прайшлі. А для гэтага трэба проста зь імі сустрэцца, іх убачыць, пакуль яшчэ жывыя гэтыя людзі, – вось што істотна”.

Скобла: “У румынскім горадзе Сігіце пры падтрымцы Рады Эўропы створаны і дзейнічае Музэй памяці ахвяраў камунізму. Наколькі гэтая тэма актуальная для Эўропы сёньняшняй?”

Рымашэўскі: “Яна надзвычай актуальная для Эўропы сёньняшняй. На жаль, Эўропа ня вельмі хутка гэта асэнсавала. Але, дзякуючы палітыцы Расейскай дзяржавы, гэтая тэма становіцца ўсё больш актуальнай, бо эўрапейцы бачаць небясьпеку. Яны таксама бачаць небясьпеку ў тых таталітарных ідэялёгіях, якія сёньня зьяўляюцца на іх тэрыторыях, як напрыклад, на тэрыторыі Ўсходняй Нямеччыны зьяўляюцца фашысцкія і радыкальныя камуністычныя арганізацыі. Тое, што гэтая тэма для Эўропы актуальная, пацьвярджае таксама і той факт, што на Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы была прынятая рэзалюцыя, якая ўскладае роўную адказнасьць за пачатак Другой усясьветнай вайны на нацысцкую Нямеччыну і Савецкі Саюз. Вядомая негатыўная рэакцыя Расеі на гэтую пастанову, але, тым ня меньш, гэты дакумэнт прыняты. Прынята таксама рашэньне, што будзе адзначацца 23 жніўня – дзень падпісаньня пакту Молатава-Рыбэнтропа, і гэты дзень прапанавана зрабіць Днём памяці ахвяраў сталінізму і нацызму. Я думаю, што гэта вельмі ўдалая прапанова, і мы са свайго боку яе толькі вітаем. Мы ўжо два гады і нават болей казалі пра тое, што два гэтыя рэжымы раўназначныя. Тым больш, каму, як не беларусам гаварыць пра гэта… Таму што невядома нават, хто больш зьнішчыў беларусаў – камуністычны сталінскі рэжым, ці фашысцкі нямецкі? Я думаю, што параўноўваць тут ня варта. Важна памятаць, што ў абодвух выпадках лічбы ідуць на мільёны. Гэта вялікая трагедыя, і мы мусім пра гэта сьведчыць Эўропе”.

Скобла: “Віталь, вось я бяру ў рукі дзьве энцыкляпэдыі – Энцыкляпэдыю гісторыі Беларусі і Нацыянальную энцыкляпэдыю ў 18 тамах – і чытаю артыкул “Курапаты”. У энцыкляпэдыі гісторыі (год выданьня – 1997) напісана: “Курапаты – месца масавых расстрэлаў. У працэсе расьследаваньня, як пацьверджана ў 1996 годзе Генэральнай пракуратурай Беларусі, устаноўлена, што тут у 1937–1941 гадах супрацоўнікі НКУС расстрэльвалі рэпрэсаваных жыхароў рэспублікі”. І лічба прыведзеная – да 100 000 чалавек. Адгортваю 9 том Нацыянальнай энцыкляпэдыі (год выданьня – 1999). Лічбы ўжо няма, затое выказваецца вэрсія, што ў Курапатах ляжаць ахвяры фашысцкага генацыду. Аказваецца, высновы Генэральнай пракуратуры нашым энцыкляпэдыстам – да лямпачкі. Дык, можа, іх саміх прыцягнуць да адказнасьці – за фальсыфікацыю?”

Рымашэўскі: “Вельмі добрая ідэя, і гэтым варта было б заняцца. Мы, безумоўна, ведаем, чым можа скончыцца падобны судовы працэс, калі мы пададзім скаргу ў пракуратуру і пачнем гэтую справу ў судзе, але я думаю, што варта паспрабаваць. Думаю, што новаствораная Рада падасьць адпаведныя дакумэнты ў суд. Мы павінны распаўсюджваць інфармацыю пра злачынствы сталінізму і пра тое, што адбываецца сёньня, як мага шырэй па краіне. Акурат судовае разьбіральніцтва, яго вынікі таксама будуць пацьверджаньнем таго, што адбываецца ў Беларусі ў гэтым кірунку. Невядома, якім чынам улада на гэта зрэагуе, але – дзякуй за ідэю, што мы гэты факт скарыстаем”.

Скобла: “Вы першым у нашай краіне заявілі пра свой удзел у будучых прэзыдэнцкіх выбарах. Ці будзе ў вашай перадвыбарчай праграме прысутнічаць тэма рэпрэсій? Наколькі асуджэньне камуністычнай сыстэмы можа дадаць вам галасоў?”

Рымашэўскі: “Падчас маёй перадвыбарчай кампаніі і ў маёй перадвыбарчай праграме будуць гучаць тыя тэмы, якімі сёньня займаецца Беларуская хрысьціянская дэмакратыя. Я перакананы: альтэрнатывай таму, што цяпер робіцца ў Беларусі, альтэрнатывай Лукашэнку можа быць толькі чалавек, які будзе гаварыць праўду. Што тычыцца палітычных дывідэндаў… Я лічу, што ёсьць рэчы, якія трэба рабіць незалежна ад таго, прыносяць яны табе дывідэнды ці не прыносяць, будзе плюс для твайго іміджу, для тваёй палітычнай кар’еры, альбо мінус. Выкрыцьцём і асуджэньнем злачынстваў камунізму мы займаемся і будзем займацца, і не таму, што тэма гэтая прыносіць дывідэнды. Праўда гісторыі для нас – сьвятая праўда. І гэтая праўда дапаможа нам перамагчы”.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG