Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыцьцё і сьмерць мітаў: Кастусь Каліноўскі


Кастусь Каліноўскі
Кастусь Каліноўскі

Удзельнічае гісторык Алесь Краўцэвіч

Кастусь Каліноўскі — палітычны дзеяч, публіцыст, паэт. Адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863-1864 гадоў на землях Беларусі і Літвы супраць расейскага панаваньня.

Частка беларускага грамадзтва ўважае Кастуся Каліноўскага як найярчэйшага нацыянальнага героя Беларусі.


Алесь Краўцэвіч
Вячаслаў Ракіцкі

Вячаслаў Ракіцкі: Кастусь Каліноўскі — той рэдкі нацыянальны герой, які быў міталягізаваны ў савецкую камуністычную пару. Гэты ж міт быў прыняты таксама незалежніцкім беларускім грамадзтвам. Чаму так сталася?

Алесь Краўцэвіч: Міт Кастуся Каліноўскага — адзін з нешматлікіх мітаў савецкай эпохі, які арганічна ўкладаўся ў кантэкст беларускай нацыянальнай ідэалёгіі. Ён ня нішчыў яе, а, наадварот, падмацоўваў. Каліноўскі — змагар за вольнасьць беларусаў. І менавіта за нацыянальную і сацыяльную вольнасьць беларускага сялянства — тады, у ХІХ стагодзьдзі, фактычна адзінага сацыяльнага пласта, які быў носьбітам нацыянальнай беларускай культуры.

Ракіцкі: Дык чаму ж камуністычныя ідэолягі так прыязна ставіліся да асобы Каліноўскага, што вывучалі паўстаньне, якое ён ачольваў, у школах, унівэрсытэтах, называлі ягоным імем вуліцы, дазвалялі мастакам пісаць ягоныя партрэты, а пісьменьнікам пісаць раманы? І гэта адбывалася ў так званай інтэрнацыяналістычнай дзяржаве, дзе насамрэч дамінавала расейская нацыя, супраць панаваньня якой ў ХІХ стагодзьдзі на землях Беларусі і Літвы змагаўся Каліноўскі?

Краўцэвіч:
Узьнікненьне міту Каліноўскага ў савецкія часы было абумоўлена ідэалягемай змаганьня з самадзяржаўем.
Узьнікненьне міту Каліноўскага ў савецкія часы было абумоўлена ідэалягемай змаганьня з самадзяржаўем. Гэтая ідэалягема была складной часткай ідэалягічнай праграмы расейскіх камуністаў. Парадокс у тым, што, адбудоўваючы Расейскую імпэрыю, бальшавікі адкідвалі яе галоўнага будаўніка — царызм. Абвяржэньне самадзяржаўя было іх інструмэнтам да здабыцьця ўлады. А потым, калі ўладу здабылі, царская Расея ў Савецкім Саюзе заставалася фонам, на якім дэманстраваліся савецкія дасягненьні ў эканоміцы, культуры і дзяржаўным жыцьці. Таму ў савецкай мадыфікацыі Расейскай імпэрыі дазвалялася міталягізацыя гістарычных асобаў, якія выступалі супраць тагачаснай улады, такіх, як Разін, Пугачоў, дзекабрысты, а ў нашым выпадку, Кастусь Каліноўскі. І беларусы напоўніцу скарысталіся з гэтага не галоснага ідэалягічнага дазволу і раскруцілі вобраз Кастуся настолькі, наколькі было магчыма.

Ракіцкі: Раскручвалі яго сьвядома як нацыянальнага героя, змагара супраць расейскай акупацыі, ці ўсё ж у межах камуністычнай ідэалягемы — як змагара супраць царскага прыгнёту?

Краўцэвіч: Натуральна, ва ўмовах Савецкага Саюзу акцэнтацыя антырасейскай пазыцыі Каліноўскага была немагчымай. Гісторыкі, літаратары зьвярталі ўвагу найперш на сацыяльна-рэвалюцыйны аспэкт дзейнасьці Каліноўскага і замоўчвалі антырасейскі. Нават узгадка пра нейкія нэгатыўныя ў адносінах да расейцаў дзеяньні ці выказваньні не дапускалася. Пра братні народ можна было пісаць толькі станоўча. Успомнім, напрыклад, творы Уладзімера Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”, “Паром на бурнай рацэ”, “Зброя” — там абавязкова прысутнічалі станоўчыя расейцы, якія спачувалі, або дапамагалі паўстанцам.

Ракіцкі: Чаму менавіта Каліноўскі так лёгка паддаваўся міталягізацыі як найярчэйшы нацыянальны герой?

Краўцэвіч: Кастусь Каліноўскі ідэальна надаецца на функцыю аднаго з найважнейшых беларускіх нацыянальных мітаў з прычыны ягонай надзвычай грунтоўнай і рэальнай гістарычнай асновы. Кастусь Каліноўскі — сапраўдны герой, прычым, герой выразна беларускі. Змагаўся за высакародную справу, застаўся ёй верным да канца, ня выказаў слабасьці нават у апошнія хвіліны жыцьця, стоячы пад шыбеніцай. Вядомыя ягоныя апошнія словы. Калі зачытвалі прысуд, у якім яго назвалі дваранінам, Каліноўскі крыкнуў да вялізнага тлуму людзей на плошчы: “У нас няма дваран, усе роўныя”. А ягоныя знакамітыя “Лісты з-пад шыбеніцы”, скіраваныя “Да беларускага народа”! І напісаныя яны былі ў турме, калі аўтар ужо ведаў прысуд і ня меў ніякіх ілюзіяў адносна свайго лёсу.

Ракіцкі: І тут варта яшчэ раз працытаваць тыя словы Каліноўскага з-пад шыбеніцы: “Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе.
Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасліва, калі над табою Маскаля ўжэ не будзе.
Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, — но не жаль згінуць за тваю праўду… Няма ш, браткі, большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек у галаве мае розум і науку… . Но як дзень з ноччу не ходзіць разам, так не ідзе разам наука праўдзіва з няволяй маскоўскай. Дапокуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе, не будзе праўды, багацтва і ніякай наукі, — адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, но на пагібель нашу… Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасліва, калі над табою Маскаля ўжэ не будзе”.

Краўцэвіч: Нават зьнешнасьць Каліноўскага выдатна пасуе да гераізацыі — ладна збудаваны малады мужчына, з прыгожым, мужным, рашучым і адначасна інтэлігентным тварам. Таму так любяць яго маляваць беларускія мастакі.

Ракіцкі: Беларусы міталягізавалі Каліноўскага як нацыянальнага героя. Але наогул, нацыянальная прыналежнасьць Каліноўскага аспрэчваецца ў розных гістарыяграфіях, і ня толькі польскай ці літоўскай, але і ў беларускай. Дык якімі ж былі нацыянальныя погляды Каліноўскага?

Краўцэвіч: Сапраўды, канкрэтныя нацыянальныя погляды Каліноўскага не былі выразна аформленыя як беларускія.
Канкрэтныя нацыянальныя погляды Каліноўскага не былі выразна аформленыя як беларускія.
Прычына ў тым, што беларускай нацыянальнай ідэалёгіі на той час яшчэ не існавала. Яна толькі зараджалася. Наша запозьненая нацыятворчасьць тады знаходзілася на першай з трох фазаў будаўніцтва нацыі — на фазе навуковага дасьледаваньня традыцыйнай нацыянальнай культуры, а дакладней, у стадыі пераходу ад фазы навуковага дасьледаваньня да фазы нацыянальнай агітацыі, калі група інтэлігенцыі пачынае працу для перакананьня сваёй этнічнай групы, што яна зьяўляецца народам. Каліноўскі, выкарыстоўваючы беларускую мову ў сваіх адозвах, стаў як бы першым нацыянальным агітатарам. Беларускі рух яшчэ толькі зараджаўся, знаходзіўся на стадыі ідэі ў галовах некалькіх інтэлігентаў, а Каліноўскі ўжо зьвяртаўся да беларусаў на іхняй роднай мове! Таму Каліноўскага з поўным правам можна назваць вестуном беларускага нацыяналізму.

Ракіцкі: Мы ўжо сказалі, што міталягізацыя Каліноўскага адбывалася ў савецкую пару. Аднак, хоць Каліноўскі і шанаваўся, але афіцыйна ўсё ж не ўключаўся у пантэон галоўных герояў. Чаму?

Краўцэвіч: Думаю, што так адбывалася якраз таму, што гэты герой быў занадта беларускім і да таго ж змагаўся з расейскай дзяржавай. А Беларусь у Савецкім Саюзе павінна была быць наперадзе ў стварэньні расейскамоўнага савецкага народу. У нашых гарадах яго імем называліся вуліцы, але ня самыя цэнтральныя. Але ў высокіх творах таго ж Уладзімера Караткевіча ён станавіўся цэнтральным героем.

Ракіцкі: Такім чынам, у савецкім міце пра Каліноўскага акцэнтаваўся сацыяльны, а не нацыянальны аспэкт дзейнасьці Каліноўскага.

Краўцэвіч: Так. У пацьверджаньне прывяду цытату са школьнага падручніка, выдадзенага ў 1992 годзе — у пачатку незалежнай Беларусі, але напісанага яшчэ савецкімі аўтарамі. Вось як там характарызуецца асоба Каліноўскага: “Каліноўскі стаў палымяным рэвалюцыянэрам-дэмакратам, ворагам царызму, памешчыкаў, усёй прыгоньніцкай сыстэмы. […] Пераапрануўшыся ў сялянскую вопратку і ўзяўшы торбу, гэты сьмелы і мужны чалавек адправіўся вандраваць па роднай зямлі. Ён сустракаўся зь сялянамі, унікаў у іх патрэбы і настроі. Прагна лавілі сяляне кожнае яго слова аб зямлі і волі.” Сапраўды, тут бачны выразны акцэнт на рэвалюцыйнай дзейнасьці.

Ракіцкі: Але акцэнт, як мне падаецца, усё ж не зусім адпавядаў гістарычнай праўдзе пра рэвалюцыйную дзейнасьць Каліноўскага. З гэтай цытаты хутчэй паўстае асьветнік, агітатар, а не радыкальны змагар. Наколькі насамрэч радыкальнай была рэвалюцыйная дзейнасьць Каліноўскага? І як яна стасавалася з рамкамі міту пра Каліноўскага, вызначанага камуністычным рэжымам?

Краўцэвіч: Каліноўскі быў сьвядомы таго, што без актыўнага ўдзелу сялянства ў барацьбе супраць царызму, перамогу здабыць немагчыма. Адсюль ягоная праграма — даць зямлю і волю сялянам. Дарэчы, царскі ўрад таксама выдатна гэта разумеў, таму праводзіў актыўную і, трэба сказаць, пасьпяховую контрпрапаганду. Маўляў, паны бунтуюць, бо ня хочуць дапусьціць, каб цар
Ідэолягі сёньняшняга беларускага рэжыму пачалі актыўна змагацца зь мітам Каліноўскага.
даў сялянам зямлю. Для многіх шляхціцаў — удзельнікаў паўстаньня праграма Каліноўскага была занадта радыкальнай. Таму гэтак званыя белыя яго і не любілі ды стараліся адсунуць ад кіраўніцтва.

Ракіцкі: Як ставіцца сучасная беларуская ўлада, улада незалежнай Беларусі, за якую акурат і змагаўся Каліноўскі, да асобы гэтага героя і да міту пра яго?

Краўцэвіч: Ідэолягі сёньняшняга беларускага рэжыму пачалі актыўна змагацца зь мітам Каліноўскага. Спробы ідэалягічнага апарату Лукашэнкі зьнішчыць міт Каліноўскага — яшчэ адно пацьвярджэньне, што ягоная ўлада не беларуская. Маю ўражанне, што культурніцкая палітыка незалежнай Беларусі, надалей, як і ў савецкія часы, кіруецца з Масквы. А істота гэтай палітыкі — зачыстка беларускай культурнай прасторы, выдаленьне зь яе ўсяго беларускага. Найперш, маргіналізацыя беларускай мовы, яе носьбітаў і творцаў; вынішчэньне нацыянальных помнікаў архітэктуры, разбурэньне нацыянальнай ідэалёгіі. У гэтым шэрагу і спробы дэміталягізацыі Каліноўскага. Працытую найноўшы (2008 году) вучэбны дапаможнік па гісторыі Беларусі для вучняў 10 клясы школаў зь беларускай мовай навучаньня. Падручнік, якога галоўным аўтарам і адначасна рэдактарам зьяўляецца Якаў Трашчанок. Дарэчы, падручнік для беларускай школы перакладзены з расейскай мовы?! Ён уведзены Міністэрствам адукацыі ціхенька, употайкі ад грамадзкасьці. Там ёсьць нават спэцыяльны параграф пад назвай: “Гістарыяграфічны міф пра Вікенція (Кастуся) Каліноўскага.” Тлустым шрыфтам вылучаная фраза: “Паводле этнічнай ідэнтыфікацыі, ён быў палякам і ніколі не называў сябе беларусам”. І далей робіцца выснова: “Ніякіх аб’ектыўных падстаў для ператварэння В. Каліноўскага ў „нацыянальнага героя беларускага народа“ не існуе”. А ў наступным параграфе гэтага падручніка кат Каліноўскага — генэрал Мураўёў названы “таленавітым адміністратарам і арганізатарам”.

Ракіцкі:
Сёньня імя Каліноўскага становіцца сьцягам незалежніцкага беларускага грамадзтва.
Але ў гэты самы час, калі пісаўся гэты падручнік, дый яму падобныя кніжкі, нацыянальна і дэмакратычна арыентаваная беларуская моладзь брала на свой шчыт вобраз Каліноўскага. У сакавіку 2006 году, збудаваўшы намётавы лягер на Цэнтральнай плошчы Менску, такую выспачку свабоды на знак пратэсту супраць скрадзеных у іх галасоў на прэзыдэнцкіх выбарах, пераназвала плошчу ў плошчу імя Кастуся Каліноўскага. Гэта адзін з прыкладаў рэальнага жыцьця гэтага міту. Як яшчэ гэты міт жыве і выяўляецца сёньня? Якую пэрспэктыву міту пра Каліноўскага вы бачыце?

Краўцэвіч: Сёньня імя Каліноўскага становіцца сьцягам незалежніцкага беларускага грамадзтва. Калі мы станем гаспадарамі ў сваёй краіне, дык Каліноўскі, несумненна, увойдзе ў самы ганаровы шэраг нацыянальных герояў. Будзе праведзеная міталягізацыя ягонай асобы на дзяржаўным узроўні. Да гэтага актыўна спрычыняцца гісторыкі, бо час Каліноўскага добра забясьпечаны пісьмовымі крыніцамі — для гісторыкаў неабсяжнае поле пошукаў і знаходак. Па ўсёй краіне будуць стаяць помнікі нашаму герою. Я веру, што вядомая па ўсім сьвеце праз змаганьне моладзі ў намётавым гарадку вясной 2006 году менская плошча будзе мець назву “плошча Каліноўскага” не толькі ў грамадзкай сьвядомасці, але і цалкам афіцыйна. І адбудзецца гэта ўжо неўзабаве.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG