Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдачны: “Курненіна дабілі чыноўнікі і прэса”


30 ліпеня нечакана памёр вядомы беларускі футбаліст і трэнэр Юрый Курненін. Чэмпіёну СССР 1982 году ў складзе менскага “Дынама” было ўсяго 55 гадоў, свой юбілей ён адзначыў якраз напярэдадні моладзевага чэмпіянату Эўропы ў Швэцыі. Апошнія тры гады Курненін узначальваў беларускую “маладзёжку”, вывеў яе ў лік васьмі мацнейшых камандаў кантынэнту.


На пачатку 1980-х мінулага стагодзьдзя абаронца “Дынама” Юрый Курненін быў своеасаблівай візытоўкай каманды. Невысокі, з кароткімі, нібыта не зусім “футбольнымі” нагамі, ён тым ня меней надзейна цэмэнтаваў дынамаўскую абарону. Асабліва заўзятараў цешылі нясьпешныя “ваяжы” Курненіна праз усё поле на правы флянг падчас выкананьня вуглавых — ягоная падача левай рыхтавала супернікам нямала непрыемных сюрпрызаў.

У актыве Курненіна нямала рэкордаў, якія ўнесеныя ў гісторыю футболу. Ён тройчы ўключаўся ў лік лепшых футбалістаў СССР, быў першым савецкім абаронцам, на рахунку якога хет-трык — тры галы ў вароты алма-ацінскага “Кайрату” ў трыюмфальным 1982-м. Курненін — аўтар першага эўракубкавага голу беларускіх клюбаў: у 1983-м у матчы 1/16 фіналу Кубку чэмпіёнаў ён забіў гол швайцарскаму “Грасхопэрсу”.

Гэта недаацэнены — я нават ня ведаю ў колькі разоў — чалавек, спэцыяліст
Спыніўшы кар’еру гульца, скончыў Вышэйшую школу трэнэраў у Маскве. На трэнэрскай пасадзе пачынаў у віцебскім КІМе, на пачатку 1990-х узначаліў берасьцейскае “Дынама”, пасьля працаваў з расейскай камандай “Саматлор”. Пры канцы 1990-х — у трэнэрскім штабе менскага “Дынама”.

За сваю кар’еру Курненін таксама папрацаваў за мяжой. У сярэдзіне 1990-х трэніраваў нацыянальную зборную Сырыі, вывеў каманду ў фінальны турнір Кубка Азіі. Пасьля пераехаў у Аман, рыхтаваў сталічны клюб “Аль-Ахлі”.

Ад 2003 году да канца 2005-га дапамагаў тагачаснаму настаўніку зборнай Беларусі Анатолю Байдачнаму ў працы з нацыянальнай камандай. А ў 2006-м прызначаны галоўным трэнэрам моладзевай зборнай, зь якой сёлета ў чэрвені езьдзіў на эўрапейскі чэмпіянат у Швэцыю. Анатоль Байдачны згадвае, што ведае Юрыя Курненіна амаль 40 гадоў, яшчэ ад часоў сумеснага выступу ў маскоўскім “Дынама”:

СЛУХАЦЬ:


“Мы зь ім сябруем яшчэ з маскоўскага “Дынама”, з 18—19 гадоў. Гэта недаацэнены — я нават ня ведаю ў колькі разоў — чалавек, спэцыяліст. Чалавек, які вельмі многага дабіўся ў беларускім футболе, прынёс славу беларускаму футболу. І чэмпіянат Савецкага Саюзу выйграў зь менскім “Дынама”, і ў зборнай быў на сваім месцы. У сямёрку ў Эўропе ўвёў моладзевую каманду. Выбітная асоба ва ўсім беларускім футболе. Але стаўленьне да яго было перадузятае з боку вельмі многіх людзей. У тым ліку і з боку прэсы. Шчыра кажучы, дрэннае было стаўленьне шмат у якіх нюансах”.

Ён вельмі моцна з гэтай нагоды перажываў. Натуральна, што і чыноўнікі заадно прыклаліся — вы ж ведаеце, як у нас любяць “дабіваць”
Анатоль Байдачны перакананы, што да такога сумнага фіналу спрычынілася “цкаваньне” Юрыя Курненіна пасьля вяртаньня каманды са Швэцыі. Апошні месяц ён нідзе не працаваў, вырашалася пытаньне “адпаведнасьці” спэцыяліста займанай пасадзе. Байдачны лічыць, што цкаваньне, распачатае пасьля разбору вынікаў першынства, дзе Беларусь заняла перадапошняе месца, мела для Курненіна цалкам нэгатыўны ўплыў:

“Думаю, што гэта на 99,9% паўплывала. Але, па-першае, зусім нядрэнны быў выступ у Швэцыі. Калі каманда Беларусі займае сёмае месца ў Эўропе, то асабіста я не лічу гэта дрэнным вынікам. Я лічу гэта выбітным выступам для Беларусі. Таму што Беларусь у футболе сабой пакуль што нічога не ўяўляе, нават блізка да гэтага не стаіць. І калі ззаду апынаюцца Партугалія, Францыя, Расея, то казаць пра нейкі няўдалы выступ язык не паварочваецца. Але ўзгадайце артыкулы ў “Прессболе”: “Паехаў лідэрам — вярнуўся беспрацоўным” і да таго падобныя выказваньні. Ён вельмі моцна з гэтай нагоды перажываў. Натуральна, што і чыноўнікі заадно прыклаліся — вы ж ведаеце, як у нас любяць “дабіваць”. Проста незразумела — за што?”

Юрый Курненін нарадзіўся 14 чэрвеня 1954 году ў Падмаскоўі. Дзе ён будзе пахаваны — пакуль невядома. Жонка Курненіна цяпер у адпачынку; нешта павінна высьветліцца, калі яна прыедзе ў Менск.
XS
SM
MD
LG