Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што будзе з АДС пасьля заяваў Калякіна?


Беларускія палітыкі працягваюць абмяркоўваць прарасейскія заявы лідэра апазыцыйных камуністаў Сяргея Калякіна. Намесьнік старшыні партыі БНФ Вінцук Вячорка лічыць, што Калякін спрабуе заняць беспэрспэктыўную прарасейскую нішу, а прадстаўнікі камуністаў цьвердзяць, што іхні лідэр не сказаў нічога новага.

СЛУХАЦЬ:


Сёньня ў Вільні прайшло выязное паседжаньне прэзыдыюму АДС, на якім працягвалі выпрацоўваць каштоўнасную плятформу для будучага адзінага кандыдата. Удзельнікі нарады не маглі не адрэагаваць на апошнія выказваньні лідэра ПКБ Сяргея Калякіна, які выказаўся за прызнаньне Менскам Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, а таксама падтрымаў увядзеньне адзінай валюты “саюзнай дзяржавы”.

Пытаньне пра заявы лідэра камуністаў узьняў намесьнік старшыні БНФ Вінцук Вячорка, які адзначыў, што ўсялякія сумневы ў легітымнасьці постсавецкіх межаў ускосна б’юць і па легітымнасьці і незалежнасьці Беларусі. На думку Вячоркі, ідэя аб увядзеньні адзінай валюты “саюзнай дзяржавы” безумоўна цягне пагрозу незалежнасьці Беларусі і наўрад ці знаходзіцца ў згодзе з базавымі прынцыпамі АДС:

Вінцук Вячорка
Вячорка: “Увогуле кажучы, я лічу, што такія пасьлядоўныя і дэманстратыўныя заявы Сяргея Калякіна могуць сьведчыць пра некалькі рэчаў. Па-першае, зьвярнуць на сябе ўвагу Расеі — што, на маю думку, безнадзейна, паколькі Масква ўсё роўна будзе падтрымліваць Лукашэнку, нягледзячы на ўсе свары.

Па-другое, гэта выпрабаваньне дэмакратычнай кааліцыі на разрыў, калі яе цягнуць у беспэрспэктыўны геапалітычны бок. Беспэрспэктыўны, бо нават Лукашэнка, які гуляў у гэтыя гульні, цяпер змушаны (прынамсі, на словах) лічыцца з усё больш моцнымі патрыятычнымі настроямі ў беларускім грамадзтве і ня быць такім безаглядна прарасейскім.

Прыкра, што прадпісаная Аляксандрам Мілінкевічам канцэпцыя нішаў, паводле якой ён сам займае нішу празаходнюю і ёсьць яе манапольным прадстаўніком, а ёсьць яшчэ ніша расейская — гэтая канцэпцыя нішаў успрынятая спадаром Калякіным і ён робіць спробы гэтую прарасейскую нішу заняць. Адказныя дэмакратычныя сілы будуць ня “нішы займаць”, а стаяць на прабеларускіх пазыцыях”.

Сам спадар Калякін сёньня таксама знаходзіцца ў Вільні, дзе ён браў удзел у паседжаньні прэзыдыюму АДС. На тэлефонныя званкі палітык не адказваў, таму мы зьвярнуліся па камэнтар да сябра бюро ЦК і прэсавага сакратара Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Вазьняка. Спадар Вазьняк адзначае, што Сяргей Калякін не сказаў прынцыпова нічога новага.

Сяргей Вазьняк
Вазьняк: “У праграме ПКБ, у шмат якіх рашэньнях нашых зьездаў паглыбленьне інтэграцыйных працэсаў з Расеяй (у першую чаргу ў эканоміцы) вызначана як прыярытэт замежнай палітыкі. Што тычыцца канкрэтнай прапановы Сяргея Калякіна наконт прызнаньня Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, то я як прэсавы сакратар партыі тут не магу ніяк камэнтаваць. Бо пазыцыя партыі ў гэтым пытаньні не была ніколі вызначана — гэта асабістая пазыцыя Сяргея Іванавіча. Ён на яе мае права, як кожны сябра партыі, як кожны грамадзянін Беларусі”.

Цыганкоў: “Заявы Калякіна ўжо выклікалі неадназначную, часам крытычную рэакцыю ў іншых сябраў дэмакратычнай кааліцыі. На вашу думку, ці ня могуць гэтыя заявы пашкодзіць сяброўству партыі ў АДС?”

Вазьняк: “Не, ня могуць. Калі стваралася АДС, мы ўсе разумелі, што ёсьць пытаньні, дзе ў нас розныя погляды. У нас аднолькавыя думкі наконт аднаўленьня ў Беларусі дэмакратыі, і тут ніякіх супярэчнасьцяў няма. Што да замежнай палітыкі, то нам, напрыклад, не падабаецца, калі некаторыя суб’екты АДС выказваюцца за ўступленьне Беларусі ў НАТО. Ну і нічога страшнага. Калі ў Беларусі ўсталюецца дэмакратычная рэспубліка, тады дэмакратычным шляхам вызначацца нашы прыярытэты”.

Тым часам з асуджэньнем пазыцыі Калякіна выступіла Беларуская хрысьціянская дэмакратыя. Сустаршыня партыі Віталь Рымашэўскі заявіў: “Мы лічым гэтыя выказваньні антынацыянальнымі. А такая скіраванасьць (нават больш зацятая, чым у Лукашэнкі) на эканамічную інтэграцыю з Расеяй выяўляе антыбеларускую сутнасьць ПКБ”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG