Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што выбрала Малдова?


На пазачарговых парлямэнцкіх выбарах 29 ліпеня кіроўная камуністычная партыя набрала адносную большасьць галасоў, але апазыцыйныя партыі разам атрымалі больш за палову галасоў выбаршчыкаў.


СЛУХАЦЬ:


Паводле папярэдніх дадзеных, якія вынікаюць з падліку больш за 95% галасоў, 101 месца ў малдаўскім парлямэнце разьмяркуецца наступным чынам: камуністы – 48 месцаў, лібэральна-дэмакратычная партыя – 17 месцаў, лібэральная партыя – 15 месцаў, дэмакратычная партыя – 13 месцаў, альянс “Наша Малдова” – 8 месцаў. Агулам 53 мандата ў апазыцыі супраць 48 у камуністаў.

Учорашнія выбары адбыліся з прычыны таго, што пасьля красавіцкіх выбараў камуністам, якія атрымалі тады 60 мандатаў, не хапіла 1 голасу, каб абраць прэзыдэнта. Цяпер прэзыдэнта ня зможа абраць ані апазыцыя, ані камуністы.

Гаворыць Натальля Марар, адна з арганізатарак пратэстаў, якія адбыліся пасьля красавіцкіх выбараў.

"Камуністы ня здолелі дамагчыся таго, што яны хацелі. І гэта самае галоўнае, гэта відавочная перамога апазыцыі".

Як і ў красавіку, апазыцыя заяўляе, што падчас ўчорашніх выбараў мелі месца фальсыфікацыі. Паводле экзыт-полаў, праведзеных ўчора, камуністы набралі яшчэ менш галасоў. Пра парушэньні гавораць і назіральнікі, але , напрыклад, Іон Грэнага, кіраўнік Лігі абароны правоў чалавека, якая выставіла найбольш назіральнікаў на выбары, кажа, што няма сьведчаньняў, што яны істотна паўплывалі на вынікі, галоўным чынам з прычыны вялікай яўкі.

Напярэдадні дня галасаваньня малдаўскія ўлады дэпартавалі некалькі замежнікаў, якія мелі намер назіраць за выбарамі, але агулам на іх было больш за 3000 нацыянальных і замежных назіральнікаў, у тым ліку і 300 назіральнікаў ад АБСЭ.

У выніковай ацэнкі назіральнікі АБСЭ заявілі, што ў дзень галасаваньня не было выяўлена значных парушэньняў. Разам з тым былі адзначаныя выпадкі вытанчанага запалохваньня і паклёпу ў друку.

Пасьлявыбарчы пасьянс у Малдове дапускае разныя варыянты разьвіцьця падзеяў. У парлямэнт прайшлі 4 апазыцыйныя партыі. Ці здолеюць яны стварыць кааліцыю?

Гаворыць палітоляг Васіліў Батнару.

"Мне здаецца, што гэтая кааліцыя адбудзецца. Будзе вельмі складаная размова, тым больш, што камуністы будуць імкнуцца пускаць туды "чорную кошку" паміж імі, але я мяркую, што яны дамовяцца".

Зараз ключавым момантам зьяўляецца пазыцыя Дэмакратычнай партыі і яе лідэра Марыяна Лупу – былога камуніста, былога сьпікера парлямэнту, які сышоў з кампартыі з-за канфлікту з прэзыдэнтам Вароніным. Ён можа пайсьці на альянс як з камуністамі, гэтак і зь іншымі апазыцыйнымі партыямі. Праўда, нават у альянсу Лупу з камуністамі недастаткова галасоў, каб абраць прэзыдэнта.

Але сытуацыя напярэдадні наступных выбараў будзе цалкам іншай, калі апазыцыя кантралюе ўрад, у яе значна больш магчымасьцяў не дапусьціць маштабнага выкарыстаньня адміністрацыйнага рэсурсу партыяй камуністаў
Гаворыць Натальля Марар.

"Калі Марьян Лупу фармуе кааліцыю з апазыцыяй, у іх зьяўляецца магчымасьць сфармаваць свой урад, прызначыць свайго сьпікера парлямэнта і спакойна дачакацца на працягу году наступных паўторных выбараў. У гэты час выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта краіны будзе заставацца лідэр камуністаў Уладзімер Варонін. Але сытуацыя напярэдадні наступных выбараў будзе цалкам іншай, калі апазыцыя кантралюе ўрад, у яе значна больш магчымасьцяў не дапусьціць маштабнага выкарыстаньня адміністрацыйнага рэсурсу партыяй камуністаў".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG