Лінкі ўнівэрсальнага доступу

30 ліпеня на 56-м годзе жыцьця ня стала легендарнага беларускага футбаліста Юрыя Курненіна. Чэмпіёна Савецкага Саюзу 1982 году ў складзе менскага «Дынама». Як паведамляецца, ён памёр проста ў сне.


Юры Курненін нарадзіўся 14 чэрвеня 1954 году ў расейскім Арэхава Зуева, дзе і пачаў займацца футболам, піша “Наша ніва”. Потым таленавітага юнака заўважылі ў расійскай сталіцы, і ён перабраўся ў тамтэйшае «Дынама». Зрэшты, замацавацца ў асноўным складзе каманды Курненін так і не змог. Было прынятае рашэньне адправіць яго, а таксама Юрыя Пудышава, на падмогу менскім аднаклюбнікам.

Гэта было ў 1976 годзе. Праз два гады ў каманду прыйшоў трэнэр Эдуард Малафееў, і ў Менску пачалося стварэньне зусім новай каманды. Курненіну адводзілася ў ёй адно з ключавых месцаў.

У 1982 годзе малады мінскі клюб нечакана стаў першым у СССР. Курненін таксама ўвайшоў у той год у гісторыю. У адной з гульняў першынства з алмаацінскім «Кайратам» абаронца менчан забіў тры галы. Гэта быў першы хет трык абаронцы ў чэмпіянатах Савецкага Саюзу! Да Курненіна падобным не адзначаўся ніхто.

Праз год Курненіна зрабілі капітанам «Дынама», тады клюб заваяваў бронзавыя мэдалі. Кар’еру футбаліст скончыў у 1987 годзе. За час выступленьня ў вышэйшай лізе СССР Куненін правёў 265 матчаў і забіў 19 галоў, тройчы трапляў у склад 33 найлепшых гульцоў першынства.

Трэнэрскую кар’еру Курненін пачынаў у берасьцейскім «Дынама». У першым чэмпіянаце незалежнай краіны берасцейцы заваявалі бронзавыя мэдалі. Болей каманда з горада над Бугам на подыюм ніколі не падымалася.

Аднак праз нейкі час трэнэр з’ехаў з краіны, працаваў у Расіі.

Таксама ў ягонай біяграфіі прысутнічае надзвычай экзатычная старонка — у 1996 годзе ўзначальваў нацыянальную зборную Сірыі.
Зрэшты, у 1999 годзе Курненін зноў вярнуўся ў Беларусь. Трэніраваў мінскае «Дынама», дапамагаў у салігорскім «Шахцёры».
У 2005 годзе Курненін прыняў прапанову свайго колішняга партнэра па менскім і маскоўскім «Дынама» Анатоля Байдачнага дапамагаць яму ў нацыянальнай зборнай Беларусі.

Ад лютага 2006 году Курненін узначаліў моладзевую зборную краіны. Каманда пад ягоным кіраўніцтвам выйшла на чэмпіянат Эўропы, які прайшоў месяц таму. Там, праўда, гульня не вельмі атрымалася. Курненін вельмі перажываў праз гэтую няўдачу.

Юры Курненін -- трэці футбаліст залатога складу менскага «Дынама», які сышоў з жыцьця. У 1989 годзе не стала Аляксандра Пракапенкі, яму было 36 гадоў. У 1992 годзе ў Бэрліне ва ўзросьце 32 гадоў памёр Віктар Янушэўскі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG