Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнікі беларускіх малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў не сьпяшаюцца атрымаць сэртыфікаты якасьці дзеля экспарту прадукцыі ў Расею, што можа прывесьці да паўтарэньня беларуска-расейскай “малочнай вайны”.

СЛУХАЦЬ:


Кіраўнік “Роспотребнадзора” Генадзь Анішчанка неаднаразова абвінавачваў беларускі бок у зрыве чэрвеньскіх пагадненьняў. У адпаведнасьці з падпісаным у Маскве дакумэнтам Расея аднаўляла пастаўкі беларускай малочнай прадукцыі, аднак да 1 ліпеня малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы мусілі атрымаць дазвольныя дакумэнты ў адпаведнасьці з новым тэхнічным рэглямэнтам Расейскай Фэдэрацыі. Праз некаторы час на просьбу Менску тэрмін быў падоўжаны да 1 жніўня. Аднак відавочна, што ўкласьціся і ў гэтыя рамкі не атрымліваецца. Ці азначае гэта, што праз два дні пастаўкі несэртыфікаванай прадукцыі зь Беларусі могуць быць прыпыненыя? Прадстаўніца “Роспотребнадзора” Любоў Варапаева станоўча адказала на гэтае пытаньне:

“Так, пастаўкі будуць спыненыя. Было паўгода для вырашэньня гэтага пытаньня. Увогуле ўсе нюансы справы ў кампэтэнцыі спэцыялістаў, якія гэтымі праблемамі займаюцца. Я ж магу казаць толькі пра тую пастанову, якая была ўхваленая яшчэ летась. І на сёньняшні дзень яна дзейнічае, застаецца ў сіле як для замежных вытворцаў, так і для расейскіх”.

Днямі віцэ-прэм’ер Іван Бамбіза расказаў, што асобныя рэгіёны практычна завалілі справу з атрыманьнем сэртыфікатаў на малочную прадукцыю ў расейскіх лябараторыях. Так, на Меншчыне не ўхваленая ўвогуле ніводная заяўка. Па Гомельскай вобласьці атрыманыя толькі 53 дазвольныя сэртыфікаты на 184 узоры прадукцыі, якую прадпрыемствы меліся пастаўляць у Расею. Па Берасьцейшчыне сытуацыя аналягічная — 57 дазволаў на 167 заяўленых найменьняў. Лепшыя справы на Віцебшчыне — 191 сэртыфікаваны ўзор са 196 і на Гарадзеншчыне — 95 са 106. Паводле Бамбізы, аб’ектыўных прычынаў для неатрыманьня сэртыфікатаў няма. У сувязі з гэтым віцэ-прэм’ер паабяцаў непрыемнасьці дырэктарскаму корпусу галіны.
Асобныя рэгіёны практычна завалілі справу з атрыманьнем сэртыфікатаў на малочную прадукцыю ў расейскіх лябараторыях.


На некаторых прадпрыемствах наракаюць, што ў справе сэртыфікацыі даводзіцца рабіць падвойную працу. Так, паводле прадстаўніцы берасьцейскага “Савушкінага прадукта” Алены Бабкінай, патрэбныя дазволы былі аформленыя яшчэ ў траўні, аднак пасьля пачатку так званай “малочнай вайны” расейскі бок іх усе ануляваў:

“Натуральна, была праблема — тое, што былі анулявалі сэртыфікаты, атрыманыя прадпрыемствам на адпаведнасьць тэхнічнаму рэглямэнту. Гэта калі іх агульным чохам проста анулявалі, ня стаўшы разьбірацца, што адпавядае, а што не. Але цяпер мы пастаўляем практычна ўвесь асартымэнт, за выключэньнем невялікіх партый прадукцыі, якую пастаўлялі раней, але сёлета не рыхтавалі да ўвозу на расейскі рынак. Дакладна кажучы, не рыхтавалі пакунак, адпаведны фэдэральнаму закону. Але ўвогуле пакункі ўжо да 1 чэрвеня адпавядалі цалкам, на 100 працэнтаў, патрабаваньням “Роспотребнадзора”. Там быў пазначаны імпартэр у Расейскай Фэдэрацыі і ўсё тое, што патрабуецца дзеля таго, каб гэты прадукт стаяў на паліцах крамаў”.

У чэрвені за неадпаведнасьць расейскім стандартам якасьці да ўвозу ў Расею было забаронена блізу 1,5 тысячы найменьняў беларускай малочнай прадукцыі. Раней ад малочнага экспарту, які больш чым на 90% завязаны на рынак Расеі, штогод беларускі бюджэт атрымліваў блізу 1 мільярда даляраў. Ці знойдуць бакі паразуменьне гэтым разам? Меркаваньне экспэрта ў аграрнай галіне Анатоля Гуляева:

“Думаю, што ўрэшце дамовяцца. Але такія захады робяцца перадусім дзеля таго, каб прадэманстраваць: ты, сябра, павінен паводзіць сябе прыстойна. Як гэта бывае ў жыцьці, так і ў палітыцы, калі адразу ідзе папярэджаньне ў тым ці іншым выглядзе.

Бо папярэджаньне — гэта ж не абавязкова нота на дыпляматычным узроўні пратэсту, а ўсе папярэджаньні менавіта такімі мэтадамі і робяцца. А калі чалавек ці нейкі бок не разумее, то будуць нейкія іншыя захады. Але думаю, што ўрэшце пра ўсё дамовяцца”.

Гэткае перакананьне днямі агучыў міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі Сямён Шапіра. Паводле кіраўніка ведамства, нават калі беларускі бок і не пасьпее да 1 жніўня аформіць усе пададзеныя заяўкі, вялікай праблемы, на яго думку, ня будзе. Як удакладніў Шапіра, пасьля чэрвеньскага канфлікту ў Расею пастаўлялася блізу 600 відаў беларускай малочнай прадукцыі, і калі ўрэшце застанецца паўтысячы, то і гэтага будзе дастаткова. Па словах міністра, атрыманьне сэртыфікатаў — працэс “пэрманэнтны”.

Праблем з пастаўкамі малочнай прадукцыі з Беларусі пасьля 1 жніўня ня будзе, тым часам заяўляе галоўны санітарны ўрач Расеі Генадзь Анішчанка. "Ніякіх збояў, ступару не будзе", — сказаў ён у жывым эфіры радыёстанцыі "Эхо Москвы", паведамляе РІА Новости.

Паводле слоў Анішчанкі, падрыхтаваны рэестар прадукцыі, якая будзе пастаўляцца, уключаючы тую, што прайшла перарэгістрацыю ў адпаведнасьці з тэхрэглямэнтам. "Такой прадукцыі — значная частка", — сказаў ён. Аднак колькі найменьняў прадукцыі дазволена да паставак у Расію, кіраўнік Расспажыўнагляду не сказаў. На пытаньне, ці не будзе праблем у беларускіх вытворцаў малочнай прадукцыі пасьля 1 жніўня, Анішчанка адказаў: "У гэтым выпадку — не", паведамляе БелаПАН.
XS
SM
MD
LG