Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Нацбанку Пётар Пракаповіч не чакае рэзкіх ваганьняў курсу беларускага рубля адносна даляра ЗША да канца году. Забарона на крэдытаваньне насельніцтва ў замежнай валюце ўведзеная "раз і назаўсёды”. Стаўку рэфінансаваньня да канца году плянуецца зьнізіць з 14 да 12 працэнтаў. Пра ўсё гэта заявіў сёньня старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Пётар Пракаповіч на прэсавай канфэрэнцыі па выніках выкананьня грашова-крэдытнай палітыкі за першае паўгодзьдзе.


Дэвальвацыі беларускага рубля да канца 2009 года больш ня будзе, запэўніў кіраўнік Нацбанку:

“Адзін раз мы вас не папярэдзілі і засьпелі зьнянацку. Але гэта адзін раз за 11 гадоў. Адзін раз можна такое дазволіць з улікам такой надзвычайнай сытуацыі”.

Пётар Пракаповіч падкрэсьліў, што гэта было ўмовай Міжнароднага валютнага фонду. І пажартаваў, што чуткі пра дэвальвацыю можа распускаць толькі адзін чалавек: кіраўнік Нацбанку. А потым сур’ёзна запэўніў:

“Цяпер ніякіх падставаў для дэвальвацыі няма. Усе казалі, маўляў, 1 ліпеня будзе дэвальвацыя. Ужо і 1 ліпеня прайшло. Таму ніякай дэвальвацыі ня будзе. Ніякіх павышэньняў ставак па крэдытах, больш чым сёньня яны ёсьць, не чакаем. Наадварот, паступова, пакрысе пачынаем зьніжэньне”.

Што да прагнозу, які будзе курс беларускага рубля ў адносінах да даляра на канец году, Пётар Пракаповіч зноў пажартаваў, што ня можа адказваць за эканоміку чужой краіны, тым больш такой вялікай:

“Гэта ведае толькі кіраўнік Фэдэральнай рэзэрвовай сыстэмы і прэзыдэнт ЗША. А ў Беларусі пры астатніх роўных умовах будзе тое самае, што і цяпер: умацоўвацца два-тры дні, потым аслабляцца. І так гэта будзе захоўвацца да канца году. Я так мяркую. То бок істотныя рэзкія рухі ў 20, 30, 10% — гэта нерэальна”.

Я ўпэўнены, што гэтае рашэньне будзе дзейнічаць раз і назаўсёды
Ніякіх новых абмежаваньняў на валютным рынку сёлета ня будзе, запэўніў спадар Пракаповіч. Што да нядаўняй забароны на атрыманьне валютных крэдытаў, спадар Пракаповіч падкрэсьліў, што гэта зроблена ў інтарэсах насельніцтва, каб пазьбегнуць рызыкі. “Я ўпэўнены, што гэтае рашэньне будзе дзейнічаць раз і назаўсёды,” – сказаў ён. Раней абвяшчалася, што гэтае рашэньне будзе дзейнічаць да 1 студзеня 2011 году. “Калі насельніцтва будзе вельмі хацець атрымліваць валютныя крэдыты, мы вернемся да гэтага пытаньня. Але я ня бачу перадумоваў, каб вяртацца да гэтага пытаньня напачатку 2011 году”.

Старшыня Нацбанку таксама паведаміў, што да канца году Беларусь атрымае яшчэ дзьве траншы крэдыту МВФ на агульную суму мільярд 350 мільёнаў даляраў. Паводле яго ўсе колькасныя крытэрыі рэалізацыі праграмы МВФ на 1 ліпеня выкананыя ў поўным аб’еме.

Гэта ведае толькі кіраўнік Фэдэральнай рэзэрвовай сыстэмы і прэзыдэнт ЗША. А ў Беларусі пры астатніх роўных умовах будзе тое самае, што і цяпер
Нават падчас крызісу Нацбанк забясьпечыў выкананьне ўсіх паказьнікаў, якія закладзеныя ў Асноўных кірунках грашова-крэдытнай палітыкі, і ў краіне няма праблемных банкаў, сказаў Пётар Пракаповіч. На пытаньне, які працэнт нявернутых крэдытаў, старшыня Нацбанку адказаў так:

“Праблемныя актывы — сюды ўваходзяць ня толькі крэдыты. На сёньняшні дзень яны складаюць 2,6%, яны павялічыліся з пачатку году. Але гэта далёка ня ў тых межах, якія пагражаюць нашай банкаўскай сыстэме. 5% — гэта бясьпечны рубеж праблемных актываў. Мы маем пакуль толькі палову”.

Золатавалютныя запасы на 10 ліпеня, паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту, склалі 3 мільярды 887 мільёнаў, адмоўнае сальда ў зьнешнім гандлі — 4 мільярды 605 мільёнаў. Тут ёсьць праблемы, заўважыў старшыня Нацбанку.

“Наперадзе вялікая праца па павелічэньні міжнародных рэзэрваў, золатавалютных рэзэрваў. Мінімальная лічба павінна быць 5 мільярдаў 770 мільёнаў. Сур’ёзная праца наперадзе”.

ДЭВАЛЬВАЦЫЯ Ў ЦЫТАТАХ

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG