Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары ў Малдове: на Ўсход ці на Захад?


Сёньня ў Малдове праходзяць датэрміновыя парлямэнцкія выбары. На думку некаторых аналітыкаў, на гэтых выбарах краіна абірае свой шлях – на Ўсход ці на Захад.


Цяперашнія выбары праводзяцца пасьля таго, як ў траўні і ў чэрвені парлямэнт двойчы ня здолеў абраць новага прэзыдэнта, абодва разы не хапіла аднаго голасу. Раней у красавіку абвяшчэньне перамогі камуністаў на выбарах выклікала масавыя пратэсты, маніфэстанты на адзін дзень захапілі будынак парлямэнту і прэзыдэнцкі палац. У забурэньнях адзін чалавек загінуў, дзесяткі былі параненыя, 200 чалавек былі арыштаваныя.

У сёньняшніх выбарах удзельнічаюць 10 партыяў, але рэальныя шанцы на посьпех маюць 4 зь іх – камуністы і 3 апазыцыйныя партыі. Паводле экспэртаў – галоўнай інтрыгай выбараў стане вынік Дэмакратычнай партыі на чале з былым сьпікерам парлямэнту і былым камуністам Марыянам Лупу. Некаторыя мяркуюць, што Лупу – “засланы казачок”, што ягоны выхад з партыі быў інсцэніроўкай, каб на выбарах адцягнуць галасы ў правай апазыцыі, а ў парлямэнце стварыць альянс з кампартыяй.

Праўда, сам спадар Лупу заяўляе, што выхад з крызысу – у стварэньні шырокай кааліцыі.

"Я вельмі добра ведаю мэнталітэт кіраўніцтва камуністычнай партыі. У іх няма належнай палітычнай культуры для таго, каб разьвіваць раўнапраўнае супрацоўніцтва дзеля інтарэсаў краіны".

Палітык заяўляе, што пойдзе на саюз з кампартыяй толькі калі Ўладзімер Варонін сыдзе з палітыкі. Але выканаўца абавязкаў прэзыдэнта не зьбіраецца гэтага рабіць, пасьля красавіцкіх выбараў ён быў абраны сьпікерам парлямэнту.


Камуністы не зьбіраюцца сыходзіць?


Апазыцыя абвінавачвае камуністычныя ўлады ў запалохваньні выбаршчыкаў і ціску на апазыцыйных актывістаў.

Дарын Кіртаокэ, адзін з лідэраў лібэральнай партыі і мэр Кішынёва заяўляе, што кампартыя падрыхтавала вайсковыя часткі, каб утрымацца ва ўладзе, нават прайграўшы выбары.

"Яны могуць арганізаваць нейкія агрэсіўныя дзеяньні ў такой сытуацыі, бо мне здаецца, што яны ня хочуць прымаць дэмакратыю і дэмакратычнае кіраваньне".

Галоўны лёзунг камуністаў у гэтай кампаніі – захаваньне сувэрэнітэту Малдовы. Яны абвінавачваюць апазыцыю ў імкненьні далучыць краіну да суседняй Румыніі. Апошнім часам Уладзімера Вароніна падтрымлівае Масква, расейскі прэм'ер Ўладзімер Пуцін прапанаваў Малдове крэдыт у паўмільярда даляраў.

Сёньня падчас галасаваньня Варонін падкрэсьліў шчыльную сувязь Малдовы з Расеяй.

"Расея ў гэтыя дні праявіла сябе як самы шчыры, самы блізкі сябра і мы ніколі не павінны гэта забыць".


Як прагаласуюць малдаване замежжа?


Прыкладна чвэрць працаздольных малдаванаў працуюць за мяжой. Некаторыя зь іх мяркуюць, што ўлады знарок прызначылі выбары на працоўны дзень, каб малдоўскім гастарбайтарам было цяжэй дабрацца на пасольстваў у тых краінах, дзе яны працуюць і прагаласаваць.

У сэпаратысцкім Прыднястроўі малдоўскія выбары не праводзяцца. Аднак улады Прыднястоўя ня робяць перашкодаў тым жыхарам краю, якія накіроўваюцца ў малдоўскія паселішчы, дзе ёсьць выбарчыя ўчасткі, каб прагаласаваць.

Існуе перасьцярога, што калі будзе абвешчаная перамога камуністаў, то красавіцкія забурэньні паўтарацца ізноў. Але большасьць экспэртаў лічаць такі сцэнар малаімаверным. Апазыцыя заяўляе, што ў выпадку сваёй перамогі выведзе краіну з СНД і павядзе ў НАТО і Эўразьвяз. Але сяброўства ў НАТО супярэчыць замацаванаму ў Канстытуцыі нэўтральнаму статусу Малдовы. Да таго ж палова замежнага гандлю Малдовы прыпадае на Расею, адтуль жа краіна атрымлівае і 90% энэрганосьбітаў.

За выбарамі ў Малдове сочаць больш за 3000 замежных і нацыянальных назіральнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG