Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь-Расея: цыклічны канфлікт ці палітычная адчужанасьць?


Як можна інтэрпрэтаваць апошні шэраг разнастайных канфліктаў паміж Масквой і Менскам: як звычайныя цыклічныя рознагалосьсі або як прыкметы больш глыбокай палітычнай адчужанасьці бакоў?

СЛУХАЦЬ:


Такое пытаньне ставяць у сваім дасьледаваньні экспэрты нямецкай палітычнай фундацыі імя Конрада Адэнаўэра.

Нямецкія дасьледчыкі адзначаюць, што напружанасьці ў стасунках паміж Менскам і Масквой нельга не заўважыць. Канфлікты і разыходжаньні пазыцыяў не абмяжоўваюцца нейкім адным аспэктам, яны закранаюць як эканоміку, так і геапалітыку. Акрамя таго, бакі робяць самыя розныя сымбалічныя сыгналы.

Сэзонныя хістаньні


Назіральнікі адзначаюць гэтак званыя сэзонныя хістаньні ў прынцыпова зьмененых апошнім часам дачыненьнях паміж колішнімі савецкімі рэспублікамі. Так, на пачатку году Менск і Масква праводзяць у цэлым прыязныя перамовы, у выніку якіх Расея разьлічвае на тое, што Беларусь выканае дадзеныя пры канцы папярэдняга году абяцаньні, каб атрымаць узамен пэўныя саступкі ад свайго ўсходняга суседа. Потым увесну Расея пачынае выстаўляць патрабаваньні эканамічнага кшталту, на якія Менск рэагуе адмоўна. Пакрысе эканамічны канфлікт ператвараецца ў палітычны, і ягоная эскаляцыя назіраецца прыкладна да лета. Пад восень стасункі становяцца халоднымі. Раньняй зімой, пад канец году, бакі пачынаюць весьці перамовы адносна супрацоўніцтва ў наступным годзе. Менавіта на гэтым апошнім этапе назіраюцца найбольш гарачыя спрэчкі, аднак амаль заўсёды яны заканчваюцца кампрамісам. Кожны так званы канфліктна-кампрамісны цыкл уплывае на форму двухбаковых стасункаў абедзьвюх краін і выклікае ў іхнай унутранай палітыцы рознага кшталту напружаньні.

Крэдытная спрэчка


Нягледзячы на тое, што канфліктны цыкл у дачыненьнях характэрны і для цяперашняга сэзону, падзеі апошніх тыдняў сьведчаць пра нейкую новую якасьць напружанасьці, якую пакуль даволі складана патлумачыць. Усё пачалося пры канцы траўня, калі Беларусь наведалі расейскія прэм’ер і міністар фінансаў — Пуцін і Кудрын — і Масква зрабіла заяву пра няздольнасьць Менску вярнуць расейскі крэдыт. Падобная дэманстрацыя зьнявагі на адрас Лукашэнкі, як мяркуюць экспэрты, была выклікана ня толькі эканамічнымі прычынамі. Падставай для гневу і незадаволенасьці маскоўскіх палітыкаў зрабіліся пазыцыя Менску ў справе прызнаньня незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, а таксама ўключэньне Беларусі ў праграму ЭЗ “Усходняе партнэрства”.


“Вайна слоў” паступова прывяла да ”малочнай вайны”.


Аналітыкі называюць гэта як “расейска-беларускаю драмаю ў сямі актах”.

1. Пэўная эканамічная група ў Расеі (“Газпром”, “Транснефть”, вытворцы цукру і г.д.) выстаўляе эканамічныя прэтэнзіі да Беларусі і выказвае свае патрэбы расейскім палітыкам.

2. Расейскі ўрад бароніць інтарэсы гэтай групы і выстаўляе Беларусі патрабаваньні ў адпаведнасьці з прэтэнзіямі.

3. Пачатая на эканамічным узроўні эскаляцыя пераходзіць на палітычны ўзровень (як правіла, гэта пагрозы адносна “сьмерці” саюзнай дзяржавы; пры гэтым выкарыстоўваюцца ўсе магчымыя аргумэнты з галіны абароны і палітыкі бясьпекі).

4. Расея пачынае ціснуць эканамічна. Беларусь у адказ ідзе на “палітычную дэманстрацыю псэўдаэканамічнымі сродкамі”. Менск заяўляе, напрыклад, пра ўвядзеньне транзытных збораў ці стварэньне мытных КПП на мяжы з Расеяй.

5. Пакуль эканамічны ціск на Беларусь узмацняецца, а ў мэдыях пануюць палітычныя інтэрпрэтацыі канфліктаў, паміж бакамі адбываюцца перамовы. Беларусь робіць саступкі і пагаджаецца прыняць патрабаваньні Расеі, сама Расея паслабляе ўзровень эскаляцыі, аднак пры гэтым не адмаўляецца ад уласнай пазыцыі, якую мела да пачатку канфлікту.

6. Абодва бакі вызначаюць выніковае пагадненьне як уласны посьпех, хоць ён і значна меншы за першапачатковыя спадзяваньні бакоў у канфлікце.

7. Нарэшце, у выніку канфлікту нацыянальныя эліты кансалідуюцца, умацоўваецца іх ляяльнасьць да ўрадаў, у грамадзтве растуць патрыятычныя настроі.


Мяса, газ і трактары


Нягледзячы на тое, што пад канец чэрвеня баі на малочным фронце спыняюцца, трывожныя зьвесткі працягваюць паступаць зь іншых франтоў. Паведамляецца пра тое, што з-за кепскай якасьці з Расеі вернутыя 4000 беларускіх трактароў. Менск адмаўляе гэта. Расея заяўляе пра спыненьне паставак беларускага мяса, якое нібыта пагражае здароўю. Менск спыняе пастаўкі расейскай нафты ў Латвію праз транзытны нафтаправод на падставах тэхнічнай бясьпекі. Расейскія ўладальнікі трубаправоду адкідаюць падобныя аргумэнты. Толькі ў адным пункце Менск і Масква прыйшлі да кансэнсусу — гэта цана (альбо формула аплаты), паводле якой Беларусь сёлета плаціць Расеі за пастаўкі газу, і ўпартае маўчаньне абодвух бакоў, якія не жадаюць афішаваць гэтую інфармацыю.


Палітычны кантэкст


Такія моцныя, разьдзьмутыя СМІ канфлікты паміж Беларусьсю і Расеяй, па сутнасьці, сьведчаць пра прынцыповы канфлікт доўгатрывалых эканамічных інтарэсаў. Лукашэнка як майстар палітыкі сымбаляў пераносіць гэтыя канфлікты на іншы флянг і выкарыстоўвае сытуацыю згодна з баромэтрам грамадзкіх настрояў адносна двухбаковых дачыненьняў.

Калі разглядаць беларуска-расейскую напружанасьць у шырэйшым палітычным кантэксьце, то Расеі, каб нармалізаваць дачыненьні, трэба разумець, што ўключэньне Беларусі ў склад РФ або яе эканамічная анэксія — ужо ня той варыянт, які можа падтрымаць беларускае палітычнае кіраўніцтва ці беларускае насельніцтва. Канструкцыя саюзнай дзяржавы досыць хісткая, і Масква павінна гэта прызнаць.

Што да Эўропы, дык тут ня можа быць ілюзій, нібыта пагаршэньне беларуска-расейскіх стасункаў аўтаматычна прывядзе да паляпшэньня дачыненьняў паміж Менскам і Брусэлем, з усімі пажаданымі вынікамі — такімі, як дэмакратызацыя краіны ці рынкавыя рэформы.

Абодва бакі, Расея і ЭЗ, цягам бліжэйшых месяцаў павінны прасыгналізаваць пра сваё неабмежаванае прызнаньне нацыянальнай незалежнасьці Беларусі і яе сувэрэнітэту, бо ў гэтым моманце існуе шмат няпэўнасьці.

Гэта дазволіць паскорыць разьвіцьцё працэсу нацыянальнай ідэнтыфікацыі. Гаворка ідзе пра такія рэчы, як мова, культура, гісторыя. І тут Расея і Эўропа маглі б дапамагчы Беларусі.

Нядаўна ў Беларусі быў прызначаны новы міністар культуры Павал Латушка. Гэта першы беларускамоўны міністар за доўгі час.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG