Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 29 ліпеня, сераду.


Кіраўнік Беларусі заявіў, што мае намер жорстка кантраляваць выкананьне ўрадам ягоных даручэньняў. “Найперш гэта тычыцца рэалізацыі прадукцыі, якая сёньня назапасілася на складах”. Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту, запасы гатовай прадукцыі на складах беларускіх прадпрыемстваў ацэньваюцца ў больш як 7 трыльёнаў рублёў. Камэнтары слухачоў:

Працоўны, пралетар зь Беларусі: “Наш хатні народны прэзыдэнт ніколі не прадасьць тавары машынабудаўніцтва і станкабудаўніцтва і яшчэ сем-восем відаў, якія захоўваюцца на пляцоўках і складах, седзячы дома. Трэба рухацца, рухацца, рухацца. Рухацца па ўсім кантынэнце і сьвеце. А яго туды не пускаюць. Вось ён і перад народам патрабуе ў прэм’ер-міністра, міністраў і прадпрымальнікаў прадаваць па чайнай лыжцы”.

Павел Давыдзенка: “Шаноўная “Свабода”! Першае: ніхто з улады народ не паважае, разам з прэзыдэнтам. Другое: улада з прэзыдэнтам Лукашэнкам зрабіла не перабудову эканомікі, а карупцыю, падман і ганьбу народа”.

Далей наступныя меркаваньні:

Валерый Курневіч, Барысаў: “Злачынствы ленінаў, сталінаў — гэтых аднолькавых каінаў як панімаць? Помнікі ім і сёньня стаяць. Наш прэзыдэнт іх любіць, відаць. Сталінізм, камунізм супраць людзей, гэта садызм. Майго дзядзьку, яго жонку, настаўнікаў, арыштавалі. Потым разам расстралялі. І сёньня ня ведаем, дзе іх закапалі. Можа, у Курапатах — гэтыя садысты, вар’яты. Добра, калі адкрыюць тайны КДБ. Закапалі дзядзьку — дзе? Тады зьезьдзім, каб шапку зьняць і са сьвечкай пастаяць”.

Спадар: “Вось слухаў сёньня па “Свабодзе” размову аднаго з прадстаўнікоў Камітэту па арганізацыі Хрысьціянска-дэмакратычнай партыі. Ён сказаў, што ў іх праграме — дасягнуць пакаяньня камуністаў. Але паўстае пытаньне, што большасьць нават лідэраў БНФ і нават вашых на “Свабодзе” ёсьць былыя камуністы. Дык як зь імі трэба працаваць? Найперш яны павінны пакаяцца незалежна, што яны прытрымліваліся ў той час іншых поглядаў. Але ж партыйныя білеты яны насілі. Як гэта можа адбыцца, асабліва ў такой камуністычнай былой рэспубліцы, як савецкая Беларусь?”

Выказваньне камэнтуе адзін з сустаршыняў аргкамітэту дзеля стварэньня партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Павал Севярынец:

“Кампанія пакаяньня накіраваная на тое, каб пакаяліся мы ўсе. Бо ў грахах камунізму і ў тым, што мы зараз цярпім наступствы камунізму — помнікі Леніну, камунізм у эканоміцы, палітыцы, культуры, стасунках людзей — вінаватыя мы ўсе. Што тычыцца сяброў БНФ, то пераважная бальшыня зь іх камуністамі не была, толькі адзінкавыя выпадкі. І то людзі прылюдна палілі свае партыйныя білеты і прылюдна шкадавалі, што падтрымлівалі камуністычную ідэалёгію. Гэта я бачыў на ўласныя вочы. Што тычыцца Радыё Свабода, то там у пераважнай бальшыні працуюць маладыя людзі, якія прыходзілі ў жыцьцё, калі камунізм ужо руйнаваўся. Але што тычыцца грамадзтва цалкам, то слухач мае рацыю. Мільёны былых камуністаў яшчэ жывыя і не раскайваюцца ў тым, што падтрымлівалі камунізм. Некаторыя нават і рабілі гэтыя злачынствы. Гэта вялізная праблема, і толькі нам усім разам магчыма пераадолець наступствы гэтага зла”.

Працягваем праграму такім выказваньнем:

Янка, Менскі раён: “Хачу выказаць меркаваньне. У шэсьць гадзін раніцы я ўключаю “Свабоду”, еду на працу і слухаю яе, слухаю перш за ўсё навіны. Дык вось, хачу выказаць такое меркаваньне: у вашых навінах ніколі няма вынікаў афіцыйных матчаў Лігі чэмпіёнаў. Бывае, чакаеш — ну, таму што няма магчымасьці паглядзець, таму што заканчваюцца яны позьняй ноччу. Ня толькі БАТЭ, а і Манчэстэр Юнайтэд, Лівэрпуль. І ніколі вы ня можаце сказаць. Няўжо цяжка? Вы ж ведаеце вынікі. Інфармацыяй валодаеце, там на кампутарах седзіцё ў інтэрнэтах. Ну скажыце вы ў шэсьць трыццаць у навінах, як сыгралі там каманды паўфінал ці фінал лігі чэмпіёнаў. Як сыгралі беларускія каманды. Вось такая просьба да вас. Дзякуй”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG