Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малдова выбірае


Хроніка крызісу, які прывёў да датэрміновых выбараў у парлямэнт, і расклад сілаў перад выбарамі ў Малдове.


ХРОНІКА КРЫЗІСУ


5 красавіка 2009. На парлямэнцкіх выбарах камуністычная партыя атрымала 60 месцаў парлямэнце, тры апазыцыйныя правыя партыі атрымалі 41 месца. Усе тры гэтыя партыі адхілілі магчымасьць кааліцыі з камуністамі.

7 красавіка 2009. Каля 10 тысячаў чалавек узялі ўдзел у акцыі пратэсту ў Кішынёве, яны аспрэчылі перамогу камуністаў, маніфэстанты занялі офіс прэзыдэнта і парлямэнт. У выніку забурэньняў адзін чалавек загінуў, дзесяткі былі параненыя, каля 200 чалавек затрыманыя. Прэзыдэнт Варонін абвінаваціў апазыцыю ў спробе зрабіць дзяржаўны пераварот. Ён таксама абвінаваціў суседнюю Румынію ў спрыяньні беспарадкам.

8 красавіка 2009. Паліцыя вызваліла занятыя дэманстрантамі будынкі. Цэнтральная выбарчая камісія адхіліла патрабаваньне правесьці перападлік галасоў. Пасол Румыніі быў выдалены з Малдовы.

10 красавіка 2009. Прэзыдэнт Варонін даў згоду на перападлік галасоў. Апазыцыя назвала гэта бессэнсоўным, паводле яе асноўныя фальсыфікацыі адбываліся праз маніпуляцыі сьпісамі выбаршчыкаў.

21 красавіка 2009. Перападлік галасоў скончаны, ён не зьмяніў папярэдніх вынікаў

12 траўня 2009. Першая сэсія новага парлямэнту. Уладзімер Варонін абраны сьпікерам парлямэнту.

13 траўня 2009.
Камуністы вылучаюць прэм'ер-міністра Зінаіду Грачаную на пасаду прэзыдэнта.

20 траўня 2009. Грачаная набірае толькі 60 галасоў, для абраньня патрэбны 61.

3 чэрвеня 2009. Паўторнае галасаваньне па кандыдатуры Грачанай. Ізноў для абраньня не хапае аднаго голасу.

10 чэрвеня 2009. Парлямэнт выказвае давер Грачанай, яна застаецца кіраўніком ураду.

15 чэрвеня 2009. Варонін, які застаецца выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта, у адпаведнасьці з Канстытуцыяй пасьля двух няўдалых спробаў абраць прэзыдэнта распускае парлямэнт і прызначае датэрміновыя выбары на 29 ліпеня 2009

29 ліпеня 2009. Датэрміновыя парлямэнцкія выбары


ПЕРАДВЫБАРЧЫ ПАСЬЯНС


На 101 месца ў парлямэнце на выбарах 29 ліпеня прэтэндуюць 10 партыяў. У Малдове дзейнічае прапарцыйная выбарчая сыстэма, у парлямэнт патрапляюць партыі, якія набіраюць больш за 3% галасоў выбарцаў. Найбольшыя шанцы на сёньняшніх выбарах маюць наступныя 5 партыяў.

Камуністычная партыя.

Паводле афіцыйных дадзеных на мінулых выбарах у красавіку камуністы атрымалі 49.48 працэнтаў галасоў. Цяпер, паводле апытаньняў, за камуністаў гатовыя галасаваць 30 працэнтаў.
Камуністы прыйшлі да ўлады ў 2001 годзе. Яны абяцалі далучэньне да саюзу Беларусі і Расеі і наданьне расейскай мове статусу другой дзяржаўнай. Калі адносіны з Масквой пагоршыліся, прэзыдэнт Варонін абвясьціў, што Малдова павінная інтэгравацца ў Эўразьвяз.
Партыя ідзе на выбары пад лёзунгам абароны незалежнасьці Малдовы, яна абвінавачвае правую апазыцыю ў імкненьні далучыць краіну да Румыніі.

Лібэральная партыя.

Правацэнтрысцкая прарумынская партыя. На выбарах у красавіку набрала 13 працэнтаў, столькі ж набірае зараз паводле апытаньняў. Лідэр партыі Міхай Гімпу. У 2007 годзе партыя выйграла мясцовыя выбары ў Кішынёве, і пляменьнік Гімпу Дарын Кіртаока стаў мэрам сталіцы. Партыя выступае за “братэрскія сувязі з Румыніяй”, выхад з СНД і ўступленьне Малдовы ў НАТО і Эўразьвяз.

Лібэральна-дэмакратычная партыя.

На выбарах у красавіку набрала 12%, зараз, паводле апытаньняў, можа набраць 7%. Лідэр і стваральнік партыі – Ўлад Філат. Займаў пасаду міністра ў двух урадах. Паводле Філата, партыя выступае за стварэньне сапраўднай дэмакратычнай дзяржавы і за рэальную інтэграцыю Малдовы ў Эўразьвяз.

Дэмакратычная партыя
.

Левацэнтрысцкая партыя. На выбарах у красавіку набрала менш за 4%. Пасьля красавіцкіх выбараў партыю ўзначаліў Марыян Лупу, сьпікэр парлямэнту мінулага скліканьня. Ён выйшаў з камуністычнай партыі з прычыны канфлікту з лідэрам партыі і прэзыдэнтам Вароніным. Паводле апытаньняў, зараз за Дэмакратычную партыю гатовыя прагаласаваць 10% выбаршчыкаў.

Альянс "Наша Малдова"

Правая антыкамуністычная партыя, у красавіку набрала 10% галасоў. Зараз паводле апытаньняў набірае менш за 3% галасоў, якія патрэбныя, каб атрымаць месцы ў парлямэнце. Лідэр партыі – Серафім Урэняну, былы прафсаюзны лідэр і былы мэр Кішынёва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG