Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адсутнасьць дадзеных страшнейшая за карыкатуру


Ігар Банцар, галоўны рэдактар польскамоўнага часопіса “Магазын польскі ў выгнаньні”, атрымаў афіцыйнае папярэджаньне за намер распаўсюду выданьняў без выходных дадзеных.


Сёньня ў пракуратуры вобласьці Ігару Банцару зачыталі папярэджаньне за тое, што сёлета ў чэрвені ў яго былі канфіскаваныя ў Шчучыне асобнікі часопіса “Магазын польскі ў выгнаньні” і газэты “Глос з-над Немна ў выгнаньні”, якія ён нібыта меў намер незаконна распаўсюджваць. Канфіскаваныя асобнікі ня мелі выходных дадзеных.

Ігар Банцар кажа, што быў зьдзіўлены тэкстам папярэджаньня.

Банцар: “Там не было ніякай ацэнкі зьместу часопіса і газэты. У папярэджаньні гаварылася, што газэта і часопіс ня маюць выходных дадзеных — накладу, месца друку, кантактнай інфармацыі, што зьяўляецца парушэньнем заканадаўства”.

Ігар Банцар быў упэўнены, што яго выклікаюць менавіта за зьмест часопіса, у якім былі апублікаваныя некалькі крытычных матэрыялаў пра Аляксандра Лукашэнку, а на першай вокладцы — калаж з выявай Аляксандра Лукашэнкі ў выглядзе расейскага цара Аляксандра III вярхом на кані разам з сынам Колем.

Банцар: “Я бачу ў гэтым выключна палітычны падтэкст. І вось гэтая вокладка часопіса, дзе быў калаж з Аляксандрам Лукашэнкам і ягоным сынам, яна не магла не закрануць адпаведныя органы, якія дбаюць пра імідж кіраўніка краіны”.

Яшчэ, як аргумэнт на карысьць сваёй думкі, Ігар Банцар дадае, што газэта і часопіс выдаюцца без выходных дадзеных з 2005 году, і дагэтуль за гэта ніхто нікога не папярэджваў.

Ён таксама кажа, што беларускія ўлады, з аднаго боку, імкнуцца паказаць Захаду сваю лібэралізацыю, а з другога — не забываюць пакараць тых, хто адважыўся пакрытыкаваць прэзыдэнта.

Ігар Банцар таксама зазначае: у пракуратуры яго папярэдзілі, што наступным разам узбудзяць адміністрацыйную справу.

У чэрвені ў Шчучыне разам зь Ігарам Банцарам быў затрыманы і ўласны карэспандэнт газэты “Rzeczpospolita” ў Беларусі Анджэй Пісальнік. Яго таксама шукае пракуратура, але позвы дагэтуль не ўручылі.

Анджэй Пісальнік кажа, што яшчэ ў міліцыі патлумачыў: газэты і часопісы, якія ў іх канфіскавалі, перавозіліся ў колькасьцях, якія не патрабуюць рэгістрацыі. Зь яго слоў, выходныя дадзеныя там ёсьць. У іх гаворыцца, што выданьні выходзяць пры падтрымцы Сэнату Рэчы Паспалітай і фонду “Вольнасьць і дэмакратыя”.

Пісальнік: “Мы ж не хавалі таго, што газэта і часопіс друкуюцца ў Польшчы, то няхай яны і задаюць пытаньні польскім сэнатарам — чаму тыя не выконваюць заканадаўства аб СМІ Беларусі”.
XS
SM
MD
LG