Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто што калі казаў пра дэвальвацыю і грашовую палітыку. Ацэнкі ўрадоўцаў і эканамістаў.

29 ліпеня заплянаваная прэсавая канфэрэнцыя старшыні Нацыянальнага банку Беларусі Пятра Пракаповіча. Прапануем вашай увазе цытаты пра грашовую палітыку ўладаў Беларусі апошняга часу.

Юрыст Сяргей Балыкін, 25 лістапада 2008 г.

“Пра тое, што курс беларускага рубля завышаны, сьведчыць хоць бы тое, што попыт на замежную валюту на біржавым рынку істотна перавышае прапанову. І дзяржаве неабходна дэвальваваць рубель да ўзроўню, які дазволіць цалкам задаволіць попыт на замежную валюту”.

Аляксандар Лукашэнка, 20 сьнежня 2008 г.

“Няма неабходнасьці цяпер штосьці абвальваць. Мы, дзякуй Богу, стварылі хоць нейкія золатавалютныя рэзэрвы. Трэба людзям валюта — калі ласка, мы з золатавалютных рэзэрваў прадаём. Спыталіся ў Расіі — мільярд далі, мільярдам у лютым яшчэ нам абяцалі дапамагчы. Мы вернем гэтыя грошы. Прыток жа ў бюджэт зноў пойдзе назад. Людзі сёньня здымаюць, а заўтра ж ім трэба і беларускія рублі купляць. Ён пойдзе, гэты прыток. У нас ужо гэта было — прылівы і адлівы. Трэба спакойна на гэта глядзець”.




Былы старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч, 20 сьнежня 2008 г.

“Паступовая дэвальвацыя патрэбна, каб не дапусьціць у будучыні дэвальвацыі абвальнай.

Але Нацбанк перад Новым годам трымае курс не зь меркаваньняў мэтазгоднасьці, а зыходзячы з адміністрацыйных установак”.





Эканаміст Леанід Заіка, 5 студзеня 2009 г.

“Пытаньне не ў дэвальвацыі ці яе тэмпах, пытаньне наагул у лёсе беларускага рубля, таму што ён страціў дзьве свае асноўныя функцыі — меру кошту, а таксама функцыю сродку зьберажэньняў, гэта значыць ператварыўся ў сурагат грашовай адзінкі”.





Эканаміст Яраслаў Раманчук, 5 студзеня 2009 г.

“Настае залаты час для тых, хто завінаваціўся банкам і іншым крэдыторам сумы ў беларускіх рублях. Інфляцыя дапаможа вярнуць такія крэдыты і зарабіць, ня думаючы пра разьвіцьцё сучаснай вытворчасьці. Дэвальвацыя ашчасьлівіла тыя сотні прадпрыемстваў-экспартэраў, якія маюць абавязкі па пазыках і перад бюджэтам. Іх валютная выручка дасьць значна больш рублёў, што дазволіць ім лягчэй аддаць пазыкі”.




Аляксандар Лукашэнка, 13 студзеня 2009 г.

“Лукашэнка павінен быў за тыдзень, за дзесяць дзён абвясьціць, што будзе дэвальвацыя нацыянальнай валюты? (…) Слухайце, які абсурд. Уявіце, я абвясьціў бы гэта да Новага году. Народ бы замест навагодніх сьвят біўся б у нейкія дзьверы. (…) Нідзе пра гэта ніхто не абвяшчае. Тым больш, калі хтосьці ўмее мяне слухаць, я пра гэта казаў у інтэрвію з нашымі журналістамі. Я, праўда, прыкладна сказаў: ну і што, калі там на 10 [адсоткаў], крыху больш мы дэвальвуем нашу валюту. Гэта што, такія вялікія страты? Вазьміце мой выступ. Нават тут я намякнуў на тое, што мы трымаць ня будзем”.


Аляксандар Лукашэнка, 13 студзеня 2009 г.

"Міжнародны валютны фонд “прапанаваў Беларусі добры крэдыт, нават лепшы, чым дала Расія (…) Але было два патрабаваньні: не павялічваць заработную плату, не раздаваць беларускія рублі, таму што народ пойдзе мяняць іх на даляры ў абменьніках (хоць мы не з усім пагадзіліся, але знайшлі кампраміс), і другое — каб мы на 20% аднаразова дэвальвавалі рубель. Гэта было патрабаваньне МВФ. І амаль за тры мільярды даляраў, якія яны нам прапанавалі, на гэта трэба было ісьці. Тым больш што дэвальвацыю нам трэба было і так ажыцьцяўляць у сілу нашай экспартна-арыентаванай эканомікі”.

Кіраўнік ураду РФ Уладзімер Пуцін, 27 студзеня 2009 г.

“Што да паслабленьня нацыянальнай валюты, што да рэзэрваў. Мы ж не паступілі так, як у некаторых краінах зрабілі.

Мы ня “ляснулі” нацыянальную валюту зь сёньня на заўтра. Мы гэта ўсё рабілі плаўна і акуратна”.



Намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч, 2 лютага 2009 г.

“У дэмакратычных краінах галоўнай перадумовай пераадоленьня крызісу зьяўляецца фактар узаемнага даверу паміж уладай, бізнэсам і СМІ.

У Беларусі ў выніку беспрэцэндэнтна цынічна праведзенай дэвальвацыі нацыянальнай валюты грамадзтва страціла давер да ўлады. Таму мы патрабуем ад улады сказаць людзям праўду”.




Аляксандар Лукашэнка, 5 лютага 2009 г.

“Мы не гулялі ў фінансавыя піраміды, мы ня ўдзельнічалі ў гэтых фондавых спэкуляцыйных апэрацыях. (…) Але з Расіі ён [фінансавы крызіс — РС] часткова перакінуўся і да нас. Таму мы частку золатавалютных рэзэрваў накіравалі на падтрыманьне нашай валюты. І змушаны былі, каб атрымаць крэдыты ад Міжнароднага валютнага фонду, дэвальваваць на 20 адсоткаў нашу валюту. Вось так закранула гэта нашых людзей і нашы прадпрыемствы”.


Вядучы адмысловец ЭБРР па Беларусі Аляксандар Пляханаў, 20 лютага 2009 г.

“Хоць у сьвеце рост цэнаў спыніўся, рызыка далейшага росту цэнаў для Беларусі застаецца. Чыньнік — дэвальвацыя беларускага рубля. Гэта прывядзе да павелічэньня кошту імпарту і імпартных кампанэнтаў у складзе беларускай прадукцыі. Гэтыя рызыкі, лічыць ён, урад павінен строга кантраляваць мерамі фіскальнай і грашова-крэдытнай палітыкі”.

Віцэ-прэм'ер ураду Беларусі Ўладзімер Сямашка, 20 лютага 2009 г.

“Абвальнай дэвальвацыі ня будзе. (…)

Памяркоўная, разумная, мяккая дэвальвацыя спрыяе абароне ўнутранага рынку і стымулюе экспарт”.





Эканаміст Леанід Злотнікаў, 2 красавіка 2009 г.

“Экспартэры тавару пры дэвальвацыі выйграюць на нейкі час, але насельніцтва ў цэлым — страціць. У першую чаргу, як і падчас першай дэвальвацыі, пацярпяць бюджэтнікі, пэнсіянэры, студэнты. (…) Калі б у выніку дэвальвацыі экспартныя галіны змаглі дастаткова хутка атрымаць прыбыткі, абнавіць вытворчасьць, зрабіць сваю прадукцыю таньнейшаю — гэта была б апраўданая дэвальвацыя. Экспартэры і самі зарабілі б, і прынесьлі б сродкі бюджэту. (…) Але відавочна, што ў нас такога не адбудзецца. Беларуская экспартная прадукцыя неканкурэнтаздольная, і дэвальвацыя не дапаможа выйсьці з крызісу, яна толькі дазволіць шэрагу вытворчасьцяў нейкі час працягнуць, пратрымацца. І тут уся праблема ўпіраецца ў беларускую эканамічную мадэль”.


Аляксандар Лукашэнка , 23 красавіка 2009 г.


“Няма ніякіх падставаў для панічных настрояў. Ня трэба скупляць у крамах усё, што ляжыць на паліцах, абменьваць зарплату на валюту, запасіцца цукрам і крупамі, бегчы ў банкі і здымаць свае ўклады. Я ж гэта казаў на пачатку году. І той, хто не паслухаў, сёньня кажа: а дарма не паслухаў. Навошта гэта ўсё было? Яно ўсё на паліцах, на прылаўках ляжыць. Навошта зьмярцьвілі грошы? Ніхто не спрабуе і ня будзе, тым больш я, гуляцца, падлашчвацца ці ашукваць народ”.

Былы старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч, 5 чэрвеня 2009 г.

“Вонкавыя пазыкі пакуль не патрачаны, чакаюцца новыя, якія ўрад, мяркуючы па ўсім, таксама будзе марнаваць на банальнае праяданьне. Урэшце дэвальвацыя абавязкова адбудзецца, але ўлады будуць спрабаваць адцягнуць яе да апошняга”.

Старшыня Нацбанку Пятро Пракаповіч, 20 чэрвеня 2009 г.

“Мы не прымаем парады, якія нам даюць, што трэба павялічыць дэвальвацыю, пашырыць калідор да 10—15%. (…)

Рашэньне, прынятае 2 студзеня, найболей аптымальнае ў гэтых умовах, калідор плюс-мінус 5% мы пераглядаць ня будзем”.



Былы старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч, 20 чэрвеня 2009 г.

“Тэарэтычна дэвальвацыя павінна рабіць станоўчы ўплыў на экспарт і спрыяць скарачэньню дэфіцыту гандлёвага балянсу. (…) Толькі гэтага вельмі мала. Стаўка павінна быць зроблена на рэформы ў эканоміцы, але ў гэтым кірунку пакуль нічога сур'ёзнага не прадпрымаецца”.


Эканаміст Яраслаў Раманчук, 22 чэрвеня 2009 г.

“Улады трымаюць курс на паступовую, пакрокавую дэвальвацыю, і разавага шокавага рашэньня ня будзе. (…) Да верасьня мы будзем назіраць паступовае паслабленьне рубля”.

Міністар эканомікі Мікалай Зайчанка, 30 чэрвеня 2009 г.

“Сур'ёзных зьменаў, што дэвальвацыйная лінія пойдзе імкліва ўгару, я ня бачу абсалютна. Сытуацыя на валютным рынку спакойная. У сэктары насельніцтва мы дасягнулі збалянсаванасьці ў куплі і продажу валюты”.




Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG