Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Нас зьвінавацілі ў фінансаваньні малдаўскай апазыцыі"


Дэпартаваныя беларускія назіральніцы (зьлева направа) Самойлава і Закрэўская.

Дэпартаваныя беларускія назіральніцы (зьлева направа) Самойлава і Закрэўская.

Улады Малдовы дэпартавалі каля дзесяці беларускіх праваабаронцаў, якія мелі намер назіраць за парлямэнцкімі выбарамі ў гэтай краіне.

СЛУХАЦЬ:



Як паведаміў БелаПАН віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі, з Малдовы высланы дзевяць сяброў аргкамітэту ў стварэньні праваабарончага грамадзкага аб'яднаньня "Наша Вясна".

"Гэтая місія назіральнікаў зьехала з Малдовы. Фармальнай прычынай дэпартацыі паслужыла тое, што назіральнікі знаходзіліся там без акрэдытацыі Цэнтральнай выбарчай камісіі. Нягледзячы на тое, што два чалавекі былі акрэдытаваныя, яны таксама вырашылі пакінуць краіну, паколькі у такім складзе поўную карціну выбараў атрымаць немагчыма. Падрабязнасьці будуць вядомыя, калі ў Менск прыедзе наш юрыст Уладзімер Лабковіч», сказаў А.Бяляцкі.

Раней стала вядома, што з Малдовы дэпартаваныя тры грамадзянкі Беларусі: Аксана Закрэўская, Аксана Самойлава ды Тацяна Каралёва .Усе яны - сябры магілёўскага незарэгістраванага аб’яднаньня “Модэс (моладзевыя дэмакратычныя сілы), якія вялі маніторынг выбарчай сытуацыі ў Малдове.

“Нас зьвінавацілі ў фінансаваньні малдаўскай апазыцыі і ў арганізацыі беспарадкаў сёлета 7 красавіка, на мінулых выбарах. Учора блізу сямнаццатай гадзіны ў нумар гатэлю, дзе мы жылі, прыйшлі васьмёра супрацоўнікаў эміграцыйнай службы. Яны заявілі, што нас няма ў іх кампутаровай базе. У камісарыяце мы напісалі тлумачэньні. Яны доўга нешта высьвятлялі. У камісарыяце нас трымалі да гадзіны ночы. Потым прымусілі пакінуць тэрыторыю Малдовы. У Нас забралі тэлефоны й мы нікому не маглі патэлефанаваць. Цяпер мы ў Адэсе. Нам забаронена ўяжджаць у Малдову на працягу чатырох гадоў”, - паведаміла Аксана Закрэўская.

Як паведаміла Свабодзе Аксана Закрэўская, яна і яе калегі не зьбіраліся быць назіральнікамі ў юрыдычным сэнсе: “Мы не зьбіраліся наведваць выбарчыя ўчасткі, рабіць экзіт-пулы ці іншыя дзеяньні такога кшталту” – патлумачыла яна. Паводле яе мэтай яе, Аксаны Самуйлавай і Тацьцяны Каралёвай было проста адсочваць сытуацыю, чытаць газэты, сустракацца з людзьмі. Закрэўская сказала, што яны былі ў Малдове і на мінулых выбарах у красавіку 2009 году. Тады яны зьвярнуліся ў Цэнтральную выбарчую камісію Малдовы з просьбай аб акрэдытацыі назіральнікамі і атрымалі адмову. Гэтым разам яны не спрабавалі акрэдытавацца.

Аксана Закрэўская падкрэсьліла, што паміж Беларусьсю і Малдовай існуе бязьвізавы рэжым, яна і яе калегі ўехалі ў Малдову легальна, былі зарэгістраваныя на мяжы. Для Аксаны загадка, як іх прозьвішчы маглі зьнікнуць з паліцэйскага кампутара, калі гэта сапраўды здарылася.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG