Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“АБЛОГА. ТЫДЗЕНЬ З БЛОГЕРАМ” — летні праект сайту “Свабоды”, аўтарскі агляд самых цікавых публікацый, камэнтароў, дыскусій у беларускай блогасфэры ад вядомых блогераў. Пяць разоў на тыдзень. На гэтым тыдні цікавосткі ў фрэнд-стужцы, суполках Жывога Журналу і іншых плятформаў шукае і камэнтуе balachon --> http://balachon.livejournal.com/ .

Гнаныя дажджом і адпачынкам


У канцы ліпеня гойсаньне па сеціве ў пошуках будаўнічых матэрыялаў для чарговага агляду беларускай блогасфэры нагадвае сваёй складанасьцю паляваньне на аднарога. Аднак калі спосаб упаляваць гэтую фантастычную істоту вядомы з часоў сярэднявечча, то спосабаў прымусіць беларускіх блогераў рабіць пасты ніводны сучасны летапісец яшчэ не зафіксаваў. Бітую гадзіну сядзіш перад браўзэрам і абнаўляеш старонку з фрэндстужкай, а новых допісаў зьяўляецца вобмаль. Магчыма, дажджы пазмывалі задумы нашых блогераў, і тыя моўчкі бавяць час за шклянкай палескай гарбаты ды праглядам наццатага сэзону “Доктара Хаўса”. А можа, яны здолелі адарвацца ад кампутара на значна большую адлегласьць і цяпер спакушаюць сонца паўднёвых прыморскіх краёў з пальмамі і яхтамі.

Зрэшты, некаторыя ўсё ж падыходзяць час ад часу да манітора і клявіятуры, каб паведаміць інтэрнэту пра свае зьдзіўленьні і адкрыцьці. Падаецца, яны таксама палююць: хто на аднарогаў, хто на ружовых сланоў, хто на першую-лепшую нагоду атрымаць прыгоду на падсьпіньне ці іншыя кармічныя радасьці.

Гэтыя настроі ў вершаванай форме фіксуе urban_survivor

Пра жніво ў “Панараме” згадкі,
У ЖЖ — памяншэньне камэнтаў,
А за вакном — ападкі —
Гэта ўсё азначае лета.

Але дух месца — genio loci -
Мяне сумам, бадай, не адорыць.
Бо ў мяне хутка будзе водпуск -

Я паеду на Чорнае мора.

Тым часам dimaidr, забаўляючыся бегам навыперадкі з дажджом, патрапіў у пастаўскі касьцёл, дзе яму пашчасьціла пачуць знакамітую кампазыцыю гурту N.R.M.: “Сядаю на лаўку і слухаю песьні, якія выконваюць маладыя каталікі. На імправізаванай сцэне перад парафіянамі стаяць мікрафоны, клявішы, гітарыст і прыгожыя дзяўчаткі. Акурат скончылася старая песьня, і гітарыст грае ўступ да новай. Гучаць нейкія да болю знаёмыя рыфы, мінае 10 сэкунд, дзяўчынка набліжаецца да мікрафона, і гучыць апакрыфічнае: „Калі раптам адчуеш камунальныя пахі і жыцьцё цябе возьме ў пятлю…“ Заля выбухае сьмехам і воплескамі. Бабулі з неўразуменьнем пасьміхаюцца, але таксама пачынаюць пляскаць у ладкі”.

А вось блогерка LisiЦa скардзіцца на дзівосы перажытага карпаратыўнага сьвята: “Уяўляю, колькі грошай кіраўніцтва ўбухала ў гэты карпаратыў. Лепей бы прэмію далі. А вывозіць у акалодзьдзе, з 8-гадзіннай дарогай у адзін бок на аўтобусе, які больш прызначаны для катаваньня, чым для перавозак пасажыраў, з кіроўцамі, якія ні халеры ня ведаюць дарогі і літаральна ішлі па карце, намаляванай на пачку „беламору“ — і гэта дзеля таго, каб зірнуць жыўцом на старшыню ўправы, атрымаць новы бэйджык і чырвоную майку, пажэрці шашлыку, які маглі б прыгатаваць і лепей (што сьвіны, што курыны — фу-у-у; добра ішлі толькі блінцы з ласосем) і пагуляцца ў „лясную прыгоду“, якая потым выявілася схваткай. Прымусова гульнуць у залеву, у лесе. Прыгажосьць… Ну і, ясна, нікога не папярэдзілі пра тое, што зьменныя шмоткі ніяк не перашкодзяць”. Мы можам толькі пашкадаваць бедную офісную лісічку. Тым часам lejf x і lijana зірнулі б на яе значна больш паблажлівымі вачыма, бо ўмеюць знаходзіць радасьці ў самым будзённым:



Здаецца, што ні лясная прыгода, ні прымусовая залева ня здолеюць ім перашкодзіць.

Дзіўнае побач


Загартаваны ж нягодамі кантактаваньня зь дзіўнымі істотамі pavel-ambiont прапануе чытачам (грамадзянам!) свайго кшталту бэстыярый, куды пакуль улучыў такіх небясьпечных стварэньняў, як хлопчык з фэсту, п’яны гастарбайтар, японскія турысты. Якая ж небясьпека ад, скажам, стварэньня, названага першым? Pavel-ambiont тлумачыць: “стаіць такі хлопчык на ўзбоччы, ды галасуе. спыніцца машына — сядае, шчыра дзякуе ды распавядае, што едзе з супер-цудоўнага фэсту (звыйчайна псі-транс), які быў тут у лесе (”ад дарогі пару кэмэ пешшу, там яшчэ возера класнае“), пра тое, якія добрыя людзі, атмасфэра ды музыка былі. тут ён дастае з заплечніка кампакт-дыск, а мо і касэту — і прапануе ўключыць-паслухаць. (можа і яшчэ чаго прапануе — грыбоў ці „пыхнуць“). кіроўца ўключае дыск, грае энэргічная рытмічная музыка, і размова плыве далей, дарога і час ляцяць незаўважна”. Здавалася б, нічога страшнага, пакуль па прыезьдзе ў горад хлопчык не змушае ўпалага ў транс кіроўцу цёгацца і зразаць дарогу між Савецкай і Сацыялістычнай, каб потым зьбегчы, пакінуўшы “сердабольнага вадзілу” сам-насам з трансавай бядою: “а кіроўца так і блукае далей па гэтых знаёмых-незнаёмых вуліцах, як у сьне — пакуль паліва ня скончыцца ці пакуль не звар’яцее. альбо бывае — спыніцца, стаміўшыся блукаць, выйдзе з машыны — і апынецца ў лясным гушчары. Ну, гэта калі пашанцуе. часьцей — вар’яцеюць”.

Бабулі-бабулькі


Мянчанка ж levcha пераймаецца іншымі клопатамі і скардзіцца на немагчымасьць вырвацца з дому на больш-менш працяглы час: “Я стамілася. Не, не ад дзяцей. Хаця і гэта таксама. Я стамілася сядзець на адным месцы. Дома. У чатырох сьценах. Я хачу выходзіць ня толькі на пошту, у ашчадкасу і ў двор зь дзеткамі. Я хачу, пакідаючы дзяцей на тату-бабулю-кагосьці яшчэ, займацца сваімі справамі і сабой у прыватнасьці… Каб шпацыраваць па горадзе нясьпешліва і без каляскі, не зьбіваючы ўвагу на тое, як сядзіць дзіцёнак, дзе адстае другі, ці не сьпякотна, ці не халодна, і ўсё іншае, іншае, іншае… З усяе гэтае нагоды я павольна, але немінуча набліжаюся да думкі наняць няню… Хай бабулі глядзяць з асуджэньнем і кажуць, што хочуць. Калі ў бабуляў ёсьць час на ягады, але няма часу на ўнучак — яны могуць глядзець, як ім захочацца”. Вырашэньне справы ўпіраецца ў грошы.

Напэўна, у 81-гадовай бабулі блогера kanaj ставала часу і для ягадаў, і для ўнука. Яго цёплы допіс пра бабулю лепшае таму сьведчаньне: “За гэтым казённым словам — „юбілей“ — цяжка штосьці разгледзець. Яно — быццам сьцяна, складзеная з васьмі дзясяткаў цаглінаў, — не раскажа ні пра дзяцінства пад акупацыяй, ні пра сіроцкі „побыт“ Азарыцкага канцлягеру — з тыфам і малярыяй. Сярод яе цаглінаў немагчыма знайсьці тую, што зацягнула падчас рыбалкі на дно ракі майго дзеда, пакінуўшы на руках бабулі трох непаўналетніх дачок, гадаваць якіх ёй дапамагала родная сястра — яны ад самага дзяцінства і да сёньняшніх дзён жывуць і ўсё робяць разам…”



Між тым Глеб Лабадзенка чарговым разам піша пра яснавяльможную бабулю — 91-гадовую Эльжбету Радзівіл, якая наведала Беларусь. Гэтым разам яго ўвагу прыцягнуў мэдальён князёўны: “Эльжбета Радзівіл нарадзілася ў кастрычніку 1917 году ў Лондане, а хрышчоная была ў Парыжы 14 студзеня 1918 году. На хрост бацька, князь Альбрэхт Радзівіл, апошні ўладар Нясвіскага замку, павесіў адзінай дачцэ на шыю залаты ланцужок з мэдальёнам Божай Маці, аздобленым каштоўнымі камянямі… Паводле тагачаснай моды бацька даў ёй 5 імёнаў: Эльжбета Марыя Габрыэла Одры Дарота Радзівіл. Праўда, усьміхнулася князёўна, на мэдальён зьмясьцілася толькі тры. У пашпарце ж засталося два: Эльжбета Марыя. Сама ўладальніца пяці імёнаў лічыць гэты звычай састарэлым: усім сваім дзецям яна давала толькі па два імёны”.



Сьветлапісьмы


Калі няма лішніх літараў, то блогеры зьмяшчаюць фатаграфіі.

Horwattandrzej з дапамогай фатографа Клёна пераносіць сябе ў 1939 год:



Пры гэтым ён дадае імаверны подпіс на такой фатакартцы з папраўкаю на ўзровень тагачаснай пісьменнасьці:


“С далёкава хутара шлём тебе Ніночка прі-
вет! У нас всё харашо. Желаем здаровья тваі-
м дітям і Гале. Передавай Кабанавым што пас-
ылку палучылі за што благадарым.
28 VII 39 г. Семья Горватов”.


І сапраўды, чытаць подпісы на рэальных старых здымках адно замілаваньне: проста, бяз вымудраў, наіўна, але ж надзвычайна жыцьцёва.

tolikm прэзэнтуе фоташэраг з мадэлькай, якую завуць Паліна, зазначаючы: “Не магу не запосьціць яшчэ колькі фотак, бо надта ж прыгожая дзяўчынка”.



Зь ім цяжка не пагадзіцца.

А yan_k падчас ню-плэнэра здолеў-такі сфатаграфаваць белага клясычнага аднарога.



Для гэтага яму не спатрэбілася ні магічнай фотакамэры, ні апошняй вэрсіі “фоташопа”, а толькі зьбег абставін і ўдалы ракурс. Хто б падказаў, дзе ён так добра навучыўся паляваць на аднарогаў?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG