Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Завяршаецца залічэньне студэнтаў на дзённае бюджэтнае навучаньне ў ВНУ па выніках цэнтралізаванага тэставаньня. У параўнаньні зь мінулым годам прахадныя балы на прэстыжныя спэцыяльнасьці вырасьлі.


СЛУХАЦЬ:


Самы высокі конкурс быў сёлета ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце — 17 чалавек на месца на спэцыяльнасьць “камунікатыўны дызайн” гуманітарнага факультэту. Што да прахадных балаў, прэсавы сакратар БДУ Вольга Шчадрына распавяла:

“Самыя высокія балы — на спэцыяльнасьць “кампутарная бясьпека” на факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі. Там прахадны бал — 358. Летась быў 352, то бок павялічыўся на 6. І на спэцыяльнасьць “усясьветная эканоміка” на факультэце міжнародных адносінаў: прахадны бал 357. А ў мінулым годзе быў 344”.

Наагул, на розныя спэцыялізацыі факультэту міжнародных адносінаў прахадныя балы былі вышэйшыя за 340. А вось на заўсёды папулярную спэцыяльнасьць “правазнаўства” — 296 (летась — 276).

Высокія прахадныя балы і на прэстыжныя спэцыяльнасьці Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту, Лінгвістычнага ўнівэрсытэту — ад 330 да 360. Каб паступіць на стаматалягічны факультэт сталічнага мэдунівэрсытэту, трэба было набраць 360 балаў, на лячэбны факультэт — 331 бал.

З другога боку, гэтая сыстэма абмяжоўвае і свабоду выкладчыкаў. Ну і, канечне ж, не дае ніякага ўяўленьня пра асобу абітурыента
А вось на некаторыя спэцыяльнасьці Беларускага аграрна-тэхнічнага ўнівэрсытэту дастаткова было набраць 140 балаў: аж на 220 балаў меней, чым у БДУ ці ў эканамічны ўнівэрсытэт.

Тэставая сыстэма дагэтуль выклікае шмат спрэчак. Дацэнт аднаго з гуманітарных факультэтаў выказала такое меркаваньне:

“З аднаго боку, тэсты зручныя пры падлічваньні балаў: падлічыў і прыняў. Адміністрацыйнаму пэрсаналу лягчэй, таму што галаўнога болю менш. З другога боку, гэтая сыстэма абмяжоўвае і свабоду выкладчыкаў. Ну і, канечне ж, не дае ніякага ўяўленьня пра асобу абітурыента”.

мне не падабаецца тэставая сыстэма, таму што на маю спэцыяльнасьць больш патрэбныя нейкія асабістыя і прыродныя якасьці: уменьне гаварыць, уменьне думаць, аналізаваць інфармацыю, факты, а ня проста вывучыць і паставіць “галачкі”
Незадаволеныя тэставай сыстэмай і многія абітурыенты, асабліва тыя, хто паступае на гуманітарныя спэцыяльнасьці. Аляксей скончыў прэстыжную сталічную гімназію і набраў 298 балаў. Але на бюджэт на філязофскі факультэт, на спэцыяльнасьць “інфармацыя і камунікацыі” ён не праходзіць, падае дакумэнты на платнае аддзяленьне:

“Безумоўна, мне не падабаецца тэставая сыстэма, таму што на маю спэцыяльнасьць больш патрэбныя нейкія асабістыя і прыродныя якасьці: уменьне гаварыць, уменьне думаць, аналізаваць інфармацыю, факты, а ня проста вывучыць і паставіць “галачкі”. Мае рэпэтытары і тыя, хто мне дапамагаў рыхтавацца, казалі, што мая адзнака — 9 балаў. Калі б я здаваў вусна, я мог бы прадэманстраваць, што ўмею думаць, усё разумею, а ня проста вызубрыў. Гэта ж філязофскі факультэт!”

Дакладныя сьпісы залічаных у ВНУ зьявяцца да 1 жніўня. А да 5 жніўня працягнецца прыём дакумэнтаў на платнае навучаньне. Наагул, сёлета набор на платную і бюджэтную форму навучаньня павялічыўся на 2800 чалавек. У ВНУ ўсіх формаў уласнасьці плянуецца прыняць 94,2 тысячы студэнтаў. Зь іх на бюджэт, на дзённую форму навучаньня — 24,8 тысячы чалавек. Гэта прыкладна 26%.
XS
SM
MD
LG