Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Крычаве за бяду лічаць не патоп, а пажар


Грамадзкі рэдактар Ганна Ільіна
Грамадзкі рэдактар Ганна Ільіна

Ужо каля пяці гадоў жыхары крычаўскага інтэрнату ў мікрараёне Сож змагаюцца за дах над галавой: лье як зь вядра. Да рамонту рукі ў камунальнікаў пакуль не дайшлі, а ў МНС для выезду на месца чакаюць пажару…


Ужо каля пяці гадоў жыхары крычаўскага інтэрнату ў мікрараёне Сож змагаюцца за дах над галавой: лье як зь вядра. Да рамонту рукі ў камунальнікаў пакуль не дайшлі, а ў МНС для выезду на месца чакаюць пажару…

Сьвятлана Ткацевіч жыве ў інтэрнаце з 1993 году:

– Я на пятым, апошнім паверсе. У нас гэткая праблема даўно. Летам, увесну, восеньню – як толькі дождж – залітая ўся хата… Апошняй зімой спрабавалі нешта з дахам зрабіць, але ж то была зіма, ды і што яны там зрабілі… Мы і званілі, і пісалі ў розныя інстанцыі. Нават прыходзілі да нас, састаўлялі акт, прызналі аварыйны стан памяшканьня. Аднак рамонту так і не дачакаліся. Спрабавалі зьбіраць подпісы, дык людзі баяцца.



Мяне на днях хацелі прымусіць маўчаць: супрацоўнік ЖКГ сказаў, каб нават рта не адкрывала на гэтую тэму, але я маўчаць не буду.

Зьвярталася да супрацоўнікаў жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, да губэрнатара хачу ісьці. Ад адчаю аднойчы пазваніла у МНС, кажу: прыяжджайце, бо патонем, а яны мне: “Вось загарыцеся, тады выклікайце…”



Дом 23 у мікрараёне Сож прыналежыў ад пачатку гумаваму заводу. У 2005 годзе жыхары скардзіліся ўладальніку на праблемы з дахам. На месца выяжджалі спэцыялісты, саставілі акт, дзе засьведчылі аварыйны стан будынку. Тры месяцы таму дом перайшоў на балянс крычаўскаага ўнітарнага прадпрыемства “Камунальнік”.

Намесьнік дырэктара па жыльлёваму фонду апошняга Васіль Кавалькоў:

– Я ў курсе. Зараз праводзім плянавы рамонт аднаго з будынкаў гораду, усе сілы накіраваныя туды. Адразу па заканчэньні працы прыступім да інтэрнату. Мы чакаем таксама і надвор’я добрага. Думаю, пачнем недзе праз тыдзень: плянуем зьняць стары рубіроід і пакласьці новы.

Пачакаць тыдзень для жыхароў інтэрнату – гэта ўжо нічога ў параўнаньні зь некалькімі гадамі. Аднак людзі ня вераць. Сьвятлана Ткацевіч:

– Яны нам абяцаюць ўжо колькі месяцаў, што вось-вось прыступяць. А зараз я чула – у іх рубіроід скончыўся, і будзе ў нас дах новы не раней, чым праз год. Вось. Паглядзем, як спраўдзяць сказанае…


Рыгор Кастусёў, былы дырэктар шклоўскага раённага прадпрыемства ЖКГ:

– Працэдура рамонту пачынаецца заўсёды зь пісьмовага звароту грамадзян у камунальную службу. У дадзеным выпадку людзі зьвярталіся да былога ўладальніка, той адрэагаваў толькі фармальна. Новы ўладальнік за тры месяцы таксама нічога, хоць валодаў інфармацыяй аб праблеме – гэта хіба, бо практычная рэакцыя павінна быць ужо цягам месяцу. Квартал – дастатковы тэрмін для таго, каб разабрацца і вырашыць праблему. На сёньня жыхары маюць права, па-першае, на рамонт. Па-другое – на састаўленьне акту аб нанесеных пашкоджаньнях, зь якім яны могуць зьвяртацца ў суд за кампэнсацыяй шкоды ад уладальніка дому – прадпрыемства “Камунальнік”.


P.S.: У 2008 годзе ў Магілёве ў аднапакаёвай кватэры на апошнім паверсе дзевяціпавярховага дому з-за працяканьня даху чатыры месяцы ішоў дождж. На афіцыйную заяву магіляўчаніна ў ЖКГ рэакцыі з боку камунальнай гаспадаркі не было ўсё тыя ж чатыры месяцы, пакуль… справа не была агучаная ў мясцовых незалежных мэдыях. Карэспандэнт аднаго зь інтэрнэт-рэсурсаў прыйшоў па камэнтар да супрацоўніка жыльлёвай гаспадаркі, менавіта ў тую самую хвіліну майстар ЖЭУ пагрукаў у дзьверы ўладальніка кватэры на дзявятым паверсе…


Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – магіляўчанка Ганна Ільіна. Яна выдавец няшматнакладнай газэты “Магілёўскі час”, мае вопыт працы на радыё, тэлебачанні, навучаецца ў віленскім ЭГУ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG