Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябры “Маладога фронту” зьвярнуліся да старшыні АБСЭ з просьбай даць прававую ацэнку дзеяньням кіраўніка офісу АБСЭ ў Беларусі Ханса-Ёхана Шміта.


Як заявіў у інтэрвію БелаПАН лідэр арганізацыі Зьміцер Дашкевіч, зварот зьвязаны зь нядаўнім візытам у Менск экспэрта ў галіне крымінальнага права краінаў Усходняй Эўропы Марціна Фінке.

Паводле З.Дашкевіча, згодна з часткай 1 артыкула 229 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Беларусі, пры экспэртызе былі парушаны правы абвінавачанага і яго абаронцы — такія, як права знаёміцца з пастановай аб прызначэньні экспэртызы, заяўляць адвод экспэрту, прысутнічаць з дазволу сьледчага пры правядзеньні экспэртызы, даваць тлумачэньні экспэрту і гэтак далей.

З.Дашкевіч адзначыў, што Фінке не сустракаўся з адвакатам Аўтуховіча Паўлам Сапелкам.

“Таму яго экспэртнае заключэньне можа быць аднабаковым”, — сказаў З.Дашкевіч.

У сувязі з апошнімі “супрацьлеглымі паведамленьнямі” ў беларускіх мэдыях адносна прававога заключэньня нямецкага юрыста д-ра Марціна Фінке па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзіміра Асіпенкі кіраўнік офісу АБСЭ ў Менску паведаміў:

“У траўні 2009 году офіс АБСЭ ў Менску атрымаў запыт ад Міністэрства замежных спраў Беларусі адносна аказаньня дапамогі ў пошуку незалежнага экспэрта ў галіне права, які б спэцыялізаваўся ў крымінальным і крымінальна-працэсуальным заканадаўстве ўсходнеэўрапейскага рэгіёну, з мэтай вывучэньня справы АўтуховічаЛявонаваАсіпенкі. Задачай экспэрта было даць непрадузятую і аб’ектыўную ацэнку гэтай справе з выяўленьнем магчымых парушэньняў у галіне правоў чалавека ці злоўжываньняў крымінальным працэсам.

Офіс АБСЭ ў Менску прапанаваў кандыдатуру Марціна Фінке як вядучага экспэрта ў галіне крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага права, які мае міжнародную вядомасьць і вялікі дасьледчыцкі і выкладчыцкі досьвед са спэцыялізацыяй ва ўсходнеэўрапейскім і расейскім праве.

Вышэйназваныя факты тлумачаць ролю офісу АБСЭ ў Менску ў гэтай справе”.

Раней у інтэрвію “Свабодзе” нямецкі доктар права Марцін Фінке распавёў, што на запрашэньне офісу АБСЭ знаходзіўся ў Менску два дні. У мэтах падрыхтоўкі незалежнай экспэртызы ён цягам аднаго дня меў дыскусіі з прадстаўнікамі беларускага МУС, а цягам другога — займаўся вывучэньнем матэрыялаў справы. Спадар Фінке дадаў, што ня меў ніякіх кантактаў ні з прадстаўнікамі абароны, ні з абвінавачваньнем, ні з самім Мікалаем Аўтуховічам.
XS
SM
MD
LG