Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Насельніцтва Беларусі скарацілася на 12,9 тысячаў


Колькасьць насельніцтва Беларусі на 1 ліпеня склала 9662,4 тысяч чалавек. Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту, гэта на 12,9 тысячаў меней чым на такую ж дату 2008 года.


Колькасьць насельніцтва за мінулы год павялічылася толькі ў Менску - з 1816,8 тысячаў чалавек да 1841,8 тысячаў. У астатніх рэгіёнах краіны колькасьць жыхароў паменшылася. Паводле статыстыкі на 1 ліпеня гэтага года ў Берасьцейскай вобласьці налічвалася 1430,6 тысяч, у Віцебскай - 1261,0 тысячаў, у Гомельскай - 1462,4 тысячаў, у Гарадзенскай - 1099,6 тысячаў, у Менскай - 1447,7 тысячаў, у Магілёўскай - 1119,3 тысячаў чалавек, паведамляе БЕЛТА.

У студзені-чэрвені ў Беларусі нарадзіліся 53,6 тысячаў немаўлят, а гэта на 2,4 тысяча бў больш, чым за аналягічны пэрыяд 2008 года. Агульны каэфіцыент нараджальнасьці склаў 11,2 на 1000 жыхароў, у 2008 годзе - 10,6 на 1000 чалавек. Памерлі за шэсць месяцаў 2009 года 69,2 тысячаў - на 0,9 тысячаў больш. Агульны каэфіцыент сьмяротнасьці склаў 14,4 на 1000 насельніцтва, за аналягічны пэрыяд 2008 года - 14,1 на 1000 жыхароў. Натуральная ўбыль насельніцтва паменшылася з 3,5 да 3,2 на 1000 насельніцтва.

У студзені-чэрвені ў Беларусь прыбылі 9 тысячаў 748 чалавек, выбылі 3 тысячы 578. Міграцыйны прырост за 6 месяцаў склаў 6 тысячаў 170 чалавек.

Паводле мінулагодняй статыстыкі, агульная колькасьць насельніцтва зьніжаецца. Хоць нараджальнасьць крыху ўзрасла, сьмяротнасьць усё адно яе перавышае. Насельніцтва краіны старэе.

На 2008 год у краіне пражывала 9 мільёнаў 668 тысяч чалавек. Нацыя старэе: у Беларусі 14% насельніцтва — пажылыя людзі (а паводле прагнозаў ААН, дэмаграфічная сытуацыя лічыцца крытычнай, калі ў краіне 7% насельніцтва ў пэнсійным узросьце). Працаздольных у краіне 62%, каля 6 мільёнаў.

Нагадаем, З 14 па 24 кастрычніка ў Беларусі будзе праводзіцца перапіс насельніцтва.
XS
SM
MD
LG