Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“АБЛОГА. ТЫДЗЕНЬ З БЛОГЕРАМ” — летні праект сайту “Свабоды”, аўтарскі агляд самых цікавых публікацый, камэнтароў, дыскусій у беларускай блогасфэры ад вядомых блогераў. Пяць разоў на тыдзень.
На гэтым тыдні цікавосткі ў фрэнд-стужцы, суполках Жывога Журналу і іншых плятформаў шукае і камэнтуе
balachon.

Паводка, падлодка і герб БССР


“Я не Аліса, але мой сьвет таксама трошачкі таго… :)))”, — невядома зь якой прычыны на пачатку мінулых выходных напісала ў сваім сеціўным дзёньніку юная nyuta16_com з Івацэвічаў. Але ж мноства жыхароў беларускай сталіцы, якія перад выходнымі зьведалі на сабе капрызы стыхіі, маглі б цалкам пагадзіцца зь юначкай, бо, падобна Алісе з казкі Льюіса Кэрала, раптоўна апынуліся ў незвычайнай для сябе сыстэме каардынат.

Пятнічная залева, якая спрычынілася да патопу ў Менску, выглядала сапраўдным вар’яцтвам надвор’я. І толькі той факт, што абышлося без чалавечых ахвяраў, надаваў свавольству прыроды пэўнага кшталту шарм. Нездарма ж на шматлікіх здымках зь месцаў стыхіі, якія апэратыўна зьявіліся ў сеціве, людзі пераважна ўсьміхаюцца і нават выглядаюць шчасьлівымі, нібы патрапілі ў добрую казку.

Ці не найлепшыя фатаграфіі менскага патопу можна пабачыць у блогу toxaby. Яго пост з фотарэпартажам пра стыхію ў Менску ўвесь уік-энд знаходзіўся ў топ-30 папулярных допісаў блогасфэры паводле вэрсіі Яндэкса. Цікава, што сам аўтар, зафіксаваўшы дужа маляўнічыя эпізоды і зьмясьціўшы іх у інтэрнэт, дадаў адмысловае папярэджаньне для СМІ, што красьці чужы кантэнт ёсьць заняткам нягодным. Зрэшты, toxaby — не адзіны фотахранікёр наступстваў залевы. Так, свае здымкі “вадзяной эпапеі” выклаў і by-dialog:



Сымптаматычна, што першы ж камэнтатар да ягонага допісу характарызуе ўсё вельмі сьцісла і трапна: “Краіна цудаў”. Проста-ткі як у Кэрала.

Менскі патоп даволі хутка стаў прадметам гаркаватай іроніі з боку беларускіх інтэрнаўтаў. Прыкладам, michaltraceuski падаў наступны (выдуманы?) дыялёг:

— Ну што, беларусы? Сьмяяліся са зводак навінаў з Эўропы, казалі, маўляў, так ім і трэба?

— Так, ойча! Вох, сьмяяліся, грэшныя… А каб нас…

— Спаганілі вы Сасуд Хрустальны сэрцам чорным і ротам ліхім, вось і пакараў вас сьвяты Ільля!

— Вох, так нам і трэба, паганцам. Не ўсьцераглі ж алмазу!

Гэты дыялёг выдатна дапаўняе карцінка, на якую ўпершыню давялося натрапіць у блогу pink_by:

Падводная лодка праплывае побач з Нацыянальнай бібліятэкай. Можна толькі здагадвацца, хто кіруе гэтай субмарынай. Можа, гэта Аліса Селязьнёва ў рэдкай для сябе іпастасі падводніцы з аповесьці Кіра Булычова “Вязьні “Ямагіры-Мару”. Калі гэта сапраўды Селязьнёва, то, дзякуючы фатаграфіям мянчаніна rebel80, які працуе ў Маскве, можна выказаць здагадку, адкуль яна магла прыплыць. Акурат на мінулых выходных rebel80 рушыў шпацыраваць у маскоўскі Паўночны рачны порт, ды, зазірнуўшы ў парк Дружбы народаў, знайшоў там выяву герба БССР узору 1927 году і алею імя той самай Алісы Селязьнёвай:





Перад будучыняй: хваляваньні і хітрыкі


Тым часам нашая Краіна Цудаў працягвае жыць сваім жыцьцём. Маладыя блогеры — учорашнія школьнікі — пераймаюцца з нагоды паступленьня. Гамяльчанін fes_by, які зьбіраецца паступаць на гістарычны факультэт БДУ, цешыцца, што не патрапіў пад менскую залеву. Віцяблянка undercover_girl турбуецца, ці здолее апынуцца на бясплатным аддзяленьні: “Паўтары гадзіны. Засталося. Усяго толькі. Самыя складаныя паўтары гадзіны. Калі ніхто за гэты час не падасьць дакумэнты, я паступлю. Зь верагоднасьцю 90% — на бюджэт. Калі… Ня хочацца пакуль думаць. Хай будзе так, як будзе”. За гэтымі хваляваньнямі дзяўчына пераглядае амэрыканскі фільм “Жорсткія гульні” (асучасьненая экранізацыя раману XVIII ст. “Небясьпечныя сувязі” Шадэрло дэ Лакло) і пускае сьлязіну. А вось сталічная жыхарка Ромашка вырашае адразу “перапісаць дакумэнты” і паступіць на платнае. Разам з тым яе жыцьцё крынічыць, і яна выбіраецца на дапамогу маме, каб перакладаць італьянцам:

“Выявілася, што гэта былі нейкія палітыкі, якія прыехалі на “сэмінар” у справе камэрцыйных дачыненьняў “Беларусь-Італія” (так, так, менавіта ў такой пасьлядоўнасьці!). Была з намі яшчэ адна дзяўчына. Яны казалі пра вячэру ў амбасадзе і запрашалі нас, далі грошай на цырульню, пасьля чаго пакацілі ў тую самую амбасаду.

Гм, бясплатны сыр толькі ў мышалоўцы? Так, пагаджуся. Зрэшты, калі быць спрытнай і хітрай, можна-ткі сьцягнуць кавалачак, што я і зрабіла. Схадзілі з той дзяўчынай у цырульню, падстрыгліся за іх кошт. Потым давяла дзяўчыну да месца сустрэчы. Мяне пазнаёмілі з чатырма мужчынамі з амбасады ў дарагіх італьянскіх гарнітурах. “Molto piacere”. Ну, а пасьля я міла разьвіталася і пайшла, бо зноў жа бабулі стала кепска.

— Ах, мне вельмі шкада, але даведалася, куды вы можаце схадзіць. Ёсьць цудоўная рэстарацыя. Falcone… — сказала я па-тальянску.

— Не-не, мы паедзем да нашага сябра ў яго дом, як гэта ў вас кажуць “дача”, — вось і яна, мышалоўка.

— Гм, прыемна адпачыць, — і з тым махлярачка ўцякла. Хутка зьліняла дадому з новай стрыжкай”.

Так і хочацца ў яе спытаць: “А якія яшчэ мовы ты ведаеш, Аліса?”

Творчасьць, вытворчасьць і выверты


А пакуль нам і хочацца, і колецца, eidograph прыводзіць у сваім блогу першыя радкі верша Льюіса Кэрала “Jabberwocky” у арыгінале, на лаціне, па-нямецку, па-француску, а таксама падае поўны пераклад на ўкраінскую. Урэшце ён задаецца пытаньнем: “Няўжо беларусам няма адказаць нечым вартым?” Блогер пытаецца, ня ведаючы, што ўжо колькі гадоў ёсьць пераклады гэтага верша на беларускую аўтарства Джэці “Мармазяўрык” і Дамiнiка ад Патрыка “Жаблацмокiя”. Вось, як выглядае першае чатырохрадкоўе ў перакладзе Джэці:

Брылела… Сьлюткія джгуркі
Лацьверна сьвердзілі ў нальлі.
Мурнелі ў мэмзе бабукі
І сьнінкі-хатылі.

Дамiнiк ад Патрык, між іншым, скончыў нядаўна перакладаць казку Кэрала пра Алісу ў Залюстроўі, усе часткі якой зьмешчаны на старонках яго блогу.

Блогі працягваюць рабіцца своеасаблівай прэзэнтацыйнай пляцоўкай для творчых беларусаў. Так, на мінулых выходных зьявіўся блог паэта Рагнеда Малахоўскага, які ён абяцае прысьвяціць вершам (што зразумела), а таксама фатаграфіі і музыцы. Сярод першых пастоў яго інтэрнэт-дзёньніка зьвяртае на сябе ўвагу здымак, дзе адлюстраваны культавы паэт нашай Краіны Цудаў Андрэй Хадановіч і маладая паэтка, майстарка ўсходніх танцаў, Ганна Федарук:



Даводзіцца шкадаваць, што Ганна не чытала свае вершы і ня танчыла экзатычныя танцы для стваральніка “пастамэнту Ліхтарніка”, які надоечы адкрылі ў Берасьці.

У блогу “Вменяемый Брест” можна пабачыць гэты дзівосны помнік з шыльдай, на якой зьмешчаны “Наказ’ городского головы”:



Ці не жыве аўтар гэтага шэдэўра ў Расейскай імпэрыі? На жаль, падобныя сьвядомасныя выверты ў Беларусі зусім ня рэдкасьць. З-за іх, напрыклад, бывае няпроста знайсьці густоўны беларускі сувэнір ці побытавую рэч сувэнірнага кшталту. Таму няйнакш як дзівосамі выглядае расповед maystra пра бляшанку для гарбаты, аздобленую выявамі, зьвязанымі з асобамі і падзеямі беларускай гісторыі.



Чароўнасьць, як ёсьць

Пакуль іншыя беларускія блогеры звыкаюцца з думкай, што панядзелак дзень цяжкі, і то палымяна, то млява нагадваюць адзін адному пра гадавіну прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР, dobrozhinetsky зьмяшчае колькі здымкаў дзяўчынкі з чароўнымі вачыма.



Завуць яе, праўда, не Аліса, а Яна. Але гэта ніяк не скасоўвае ейнае чароўнасьці. Бо як жа без чароўнасьці ў нашай Краіне Цудаў?
XS
SM
MD
LG