Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Капаць бульбу ня мае сэнсу”


Затоплены панадворак у Магілёве

Затоплены панадворак у Магілёве

Анамаліі цяперашняга надвор’я наносяць непапраўныя страты сельскай гаспадарцы Беларусі. Сёньня ў Нацыянальнай акадэміі навук заявілі “Свабодзе”, што ўраджай збожжа чакаецца істотна меншы, чым летась. У сваю чаргу, з рэгіёнаў паведамляюць, што сапсаваную дажджамі бульбу ўжо не ўратаваць.

Меншчына


Жыхарка Клецкага раёну Анастасія Краўчанка сёньня паскардзілася на “Свабоду”, што ня здольная самастойна абараніць свой прысядзібны ўчастак і ўраджай на ім ад залевы. Заяўніца пераконвае:

“Усё тут стаіць у вадзе, хоць на лодцы выяжджай. Суседка раней у ботах магла вылезьці на двор, а цяпер — не. Будзе зьвяртацца ў Клецкую інспэкцыю міністэрства па надзвычайных сытуацыях (МНС), каб выпампавалі ваду. У папярэднюю залеву выратавальнікі два дні ваду адпампоўвалі. А цяпер ня ведаю, ці дапамогуць”.

Гаспадаркі мусяць вяртаць працаўнікам грошы, узятыя за пасадку бульбы і апрацоўку яе пасеваў.
Паводле зьвестак Клецкай інспэкцыі МНС, на тэрыторыі раёну ад дажджоў моцна пацярпелі больш як 800 падворкаў. У гаспадарках раёну пад вадой 110 гектараў бульбы і 900 — збажыны. Гаворыць кіраўнік аднаго з тамтэйшых сельгаскаапэратываў спадар Анатоль:

“Капаць бульбу ня мае сэнсу. Наймі людзей на працу — яны паграбуцца, а зьядуць і вып’юць нашмат больш. У такім разе бульба не апраўдае сябе. Я вось таксама думаю, як дапамагчы нашым працаўнікам, участкі бульбы якіх вынесены на палі гаспадаркі. Ім жа цяпер трэба вярнуць грошы за пасадку і хімічную апрацоўку. Мы ж не разьлічвалі на такое ліхалецьце…”

Пытаюся ў суразмоўцы, ці варта гаспадаркам і насельніцтву спадзявацца на дапамогу дзяржавы, нейкія страхавыя выплаты?

“Нічога не атрымаецца, — кажа спадар Анатоль, — у Беларусі цяпер такая сыстэма, што нічога не адаб’еш. І ў насельніцтва ніякая расьліннасьць не страхуецца”.

Берасьцейшчына


Пад вадой бульба гіне за тыдзень.
Гіне сёлета ўраджай і на беларускім Палесьсі. Паводле назіраньняў вядомага эколяга Аляксея Дуброўскага, у зоне мэліярацыі не ўпраўляюцца з залевай помпавыя станцыі. Спэцыяліст удакладняе:

“На Піншчыне каля 70 помпавых станцыяў на поўную моц працуюць. Аднак на некаторыя палі немагчыма тэхніцы ўлезьці”.

Суразмоўца кажа і пра гібель бульбы на прысядзібных участках:

“Усюды, дзе нізкія гароды, яны цалкам залітыя вадой. Бульба там ужо прапала. Бо калі бульба знаходзіцца тыдзень пад вадой, то яна прападае”.

Магілёўшчына


У рэгіёне ня могуць распачаць жніво.
На Магілёўшчыне камбайны ня могуць выехаць на жніво. Дарогі гразкія, а збажыну прыбіла долу дажджом.

Спэцыялісты сельскай гаспадаркі прадказваюць вялікія страты. Фэрмэр з Дрыбіншчыны Аляксандар кажа: паводле ягоных падлікаў, ён страціў ужо да траціны свайго ўраджаю, і гэта яшчэ не мяжа:

“Выдаткі, якія былі ўкладзеныя, яны не акупяцца. Бульба там, дзе нізкія месцы, — страты да пяцідзесяці працэнтаў. Можа й болей. Стаіць вада. Немагчыма выкарыстаць тэхналёгіі вырошчваньня. Па полі нельга праехаць. Бяда — вось гэтае надвор’е. Бяда. Калі далей так будзе, то страты будуць вялікімі”.

Бяда і ў тым, што зерне зноў прарастае ў коласе.
Што да зерневых, то суразмоўца і тут ня надта аптымістычны:

“Цяпер дужа вялікая небясьпека, як пазалетась было, прарастаньня зерневых у коласе. Гэта вялізныя страты. Гэтае зерне не ідзе нікуды, нават у фураж зь цяжкасьцю. Цяпер пойдзе пустазельле ў любым выпадку. Тое, што яды трымалі пустазельле, — яны свае ўласьцівасьці страцілі, і цяпер актыўна пачне расьці пустазельле. Зноў жа страты”.

У дзяржаўных сельгаспрадпрыемствах таксама прагназуюць вялікія страты. Ураджай зерневых сёлета нібыта не саступае леташняму, але як яго зжаць?

На Магілёўшчыне пашкоджаныя пасевы на больш як 7000 гектараў.
“Дажджы ідуць. Камбайнам на поле ня ўлезьці. Палёгліца вялікая. Такое паляганьне — яно ж такое, як катком укатанае, — канечне, можа прарасьці ў коласе. Бульба ўся ў вадзе стаіць. Ураджаю бульбы, напэўна, сёлета ня будзе. Калі зерневыя вырасьці пасьпелі, то бульба — вада стаіць у барознах”, — наракае аграном адной з глускіх гаспадарак.

Суразмоўніца зазначае, што сытуацыю пагаршае і хвароба бульбы — фітафтора. Апрацаваць бульбяныя палеткі пасьпелі тры разы, а трэба чатыры.

“Няма спадзеву, што гэтага хопіць, каб перамагчы хваробу”, — кажа аграномка.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, дажджы і моцныя вятры пашкодзілі больш за сем тысяч гектараў сельскагаспадарчых пасеваў. Як кажуць сыноптыкі, бліжэйшым часам захаваецца няўстойлівае надвор’е з дажджамі.

Камэнтар “Свабоды”
Цяпер Нацыянальная акадэмія навук рыхтуе аналітычную запіску пра стан ураджаю ў Беларусі. Адзін з распрацоўнікаў гэтага дакумэнту паведаміў сёньня “Свабодзе”:

“Я асабіста даваў прагноз, што ў Беларусі сёлета будзе намалочана 7 мільёнаў 388 тысяч тон збожжа ў дапрацаваным выглядзе. Але сёньня я баюся нават за гэтую лічбу, нягледзячы на тое, што міністар Шапіра патрабуе: „Не, толькі 10 мільёнаў тон збожжа павінна быць!“ Мы такога ўраджаю ня возьмем. Я сёньня заяўляю, што такога, як у мінулым годзе, валу збожжа ня будзе”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG