Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзевятнаццаць гадоў таму Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі. Дэклярацыя абвясьціла поўны дзяржаўны сувэрэнітэт БССР як вяршэнства, самастойнасьць і паўнату дзяржаўнай улады рэспублікі ў межах яе тэрыторыі, правамоцнасьць яе законаў, незалежнасьць у замежных адносінах. Як прымалі Дэклярацыю? Успаміны дэпутатаў тагачаснага Вярхоўнага Савету.

За Дэклярацыю прагаласавалі 229 дэпутатаў пры ніводным “супраць” альбо “ўстрымаўся”. Намесьнік старшыні КХП-БНФ, былы дэпутат Юрась Беленькі ўзгадвае, што першым ідэю пра незалежнасьць Беларусі агучыў Зянон Пазьняк. Апазыцыя БНФ, якая складала 8% у парлямэнце, паэтапна ішла да гэтай перамогі. Перад канчатковым галасаваньнем па Дэклярацыі дэпутаты БНФ пакінулі Авальную залю. Паводле спадара Беленькага, у той час Масква спрабавала ўзяць пад кантроль працэс сувэрэнізацыі рэспублік.

Юрась Беленькі
“Яны прапанавалі Дземянцею ініцыяваць прыняцьце гэтага рашэньня. Але ў такім выглядзе, каб потым, праз гэтую ж самую дэклярацыю, стварыць абноўлены Савецкі Саюз. Пачалася вельмі жорсткая барацьба ў парлямэнце. Мы настойвалі, каб пункту аб абноўленым Савецкім Саюзе не было. Тая камуністычная бальшыня, ацаніўшы гэты дакумэнт, пачала разумець, што гэта сур’ёзна. Тады быў ужыты плян, каб вымусіць абсалютную бальшыню прагаласаваць за дэклярацыю. К таму часу ўжо склалася такая сытуацыя: калі апазыцыя БНФ нешта прапануе, то гэтая бальшыня Вярхоўнага Савета галасуе супраць. Сытуацыя была вельмі напружаная. Бо нам трэба было выйсьці з залі ў знак пратэсту супраць гэтай нормы аб абнаўленьні Савецкага Саюзу і такім чынам пакінуць бальшыню, каб яна прыняла Дэклярацыю аб незалежнасьці. На гэты раз яно спрацавала выдатна. Ну, гэта была Божая ласка, Божая дапамога, бо на наступны дзень асабліва артадаксальныя камуністы зразумелі, што, фактычна, апазыцыя іх абула ў лапці. Яны хадзілі і казалі: як гэта адмяніць?”

Станіслаў Шушкевіч
Станіслаў Шушкевіч, які быў намесьнікам старшыні Вярхоўнага Савету, назіраў за сытуацыяй у залі. Ён згадвае, што ўзначальваў адну з камісіяў, якая працавала над праектам дэклярацыі. Паводле спадара Шушкевіча, апазыцыя БНФ “катэгарычна хацела зрабіць дэклярацыю больш рашучай, але час паказаў, што яна добрая”:

“Я лічу, што тады было зроблена ўсё магчымае і што гэта ўдалося. Але ўжо пасьля, калі ачунялі камуністы, яны пачалі выпрацоўваць свае падыходы і фактычна ўсталявалі ў нас нэакамунізм на чале з Лукашэнкам. Гэта было, фактычна, зруйнавана. І колькі б сёньня ні казала афіцыйная ўлада пра незалежнасьць, яна вораг беларускасьці і, фактычна, вораг незалежнасьці. Гэта прарасейская ўлада. Дарэчы, і Расеі гэта абсалютна не патрэбна, каб тут была такая ўлада. Але расейскія кіраўнікі любяць, калі ім падпарадкаваны мясцовы правадыр племені, як яны гэта лічаць. Вось таму так і адбываецца, што ў нас антыбеларуская ўлада — лічыцца, што яна змагаецца за незалежнасьць Беларусі”.

Былы дэпутат Вярхоўнага Савету і Палаты прадстаўнікоў, цяпер пэнсіянэр Раман Унучко кажа, што ён не належаў ні да якай фракцыі, быў старшынёй плянава-бюджэтнай камісіі. Як ён галасаваў?

“Канечне, „за“, за сувэрэнітэт. Прайшло на ўра. Я ня памятаю, каб там нехта быў супраць. Мне здаецца, што было так прыстойна. Па-мойму, гэта быў парад сувэрэнітэтаў. Гэта адно. Такі матыў быў галоўны. І яшчэ быў матыў, мы казалі так, што мы кормім Расею, што яна нас абірае, бярэ наш бюджэт, што мы даем мяса, малако, таму ў нас у крамах не хапае. Усё, што трэба, яна ў нас забірае. Таму хацелася жыць у сваёй хатцы, хацелася быць самастойнымі, фармаваць сваю ўнутраную і зьнешнюю палітыку, хацелася быць значнымі ў гэтым сьвеце. Гэта вельмі правільна, што мы ўсё ж стварылі сваю рэспубліку. Хоць урэшце беларусы пачалі называцца беларусамі”.

З 1991 па 1996 гады галоўнае нацыянальнае сьвята Беларусі — Дзень незалежнасьці — адзначалася 27 ліпеня і было прымеркавана да даты прыняцьця Дэклярацыі. Пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі ў выніку рэфэрэндуму 1996 года было прынята рашэньне аб сьвяткаваньні Дня Рэспублікі (Дня незалежнасьці) 3 ліпеня, у дзень вызваленьня Менску ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG