Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія пэрспэктывы маюць выпускнікі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту? Куды ўладкоўваюцца працаваць? Ці бяруць іх на працу ў дзяржаўныя ўстановы?

Усіх выпускнікоў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту можна ўмоўна падзяліць на 3 часткі. Першая частка — гэта тыя, хто вучыўся і атрымаў дыплём у Беларусі да 2004 году, калі ўнівэрсытэт быў вымушаны спыніць сваю дзейнасьць у краіне. Другая група — тыя, хто пачаў вучыцца ў ЭГУ, але потым перавёўся ў дзяржаўныя ВНУ. І трэцяя — хто вучыцца ў Вільні, дзе, дарэчы, сёньня адбываюцца ўрачыстасьці з нагоды першага выпуску бакаляўраў. Значная частка выпускнікоў ЭГУ традыцыйна працягвае навучаньне ў магістратуры ці ў замежных унівэрсытэтах і застаецца там. Значна менш выпускнікоў уладкоўваецца ў Беларусі.

Людміла Берташ — зь першага выпуску ЭГУ 1998 году, калі ўнівэрсытэт быў яшчэ ў Менску. Яна вучылася на франка-беларускім факультэце, а зараз — палітоляг зарэгістраванага ў Вільні Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў:

“У нас скончылі 7 чалавек бакаляўрэат у той час. 3 чалавекі зьехалі, 4 засталіся тут. Паступала нас каля 30, сямёра дайшлі да канца. З палітолягаў я адна засталася, астатнія былі эканамісты — у нас была спэцыялізацыя “паліталёгія і эканоміка”. У нейкіх камэрцыйных фірмах аднакурсьнікі працуюць. У дзяржструктурах нікога няма. З малодшых курсаў, я ведаю, таксама многія пазьяжджалі”.

Аляксей 3 гады правучыўся ў ЭГУ на факультэце псыхалёгіі. У 2004 годзе, пасьля закрыцьця ўнівэрсытэту ў Беларусі, перавёўся ў БДУ. Але мае дыплём бакаляўра ЭГУ. Вось што ён распавёў пра працаўладкаваньне аднакурсьнікаў, якія засталіся ў Беларусі:

“У асноўным яны на працы па спэцыяльнасьці, у прыватных, недзяржаўных структурах. Ёсьць тыя, хто працуе не па прафэсіі — напрыклад, у авіякампаніі, па адбору пэрсаналу, ёсьць яшчэ ў тэатры”.

Карэспандэнтка: “А вы самі дзе працуеце?”

“Час ад часу фрылансэрам, фатаграфую, ну, і ў бары”.

Натальля таксама пачынала ў ЭГУ ў Менску, а завяршала вучобу ў БДУ. Спэцыялізацыя — міжнароднае прыватнае права. Яна распавяла, што зь яе выпуску ў студэнтаў з ЭГУ было больш “чырвоных дыплёмаў”, чым у выпускнікоў БДУ. Нягледзячы на гэта, кажа Натальля...

“З тых, хто застаўся ў Беларусі працаваць, бальшыня — у камэрцыйных арганізацыях. Калі народ спрабаваў уладкавацца ва ўстановы сыстэмы Міністэрства юстыцыі — маўляў, “юрыдычная адукацыя”, фактычна прамым тэкстам казалі: “Якое ЭГУ? Куды вы? І не спадзявайцеся...” Цяпер я працую ў камэрцыйным банку, яшчэ адна дзяўчына — у кампаніі мабільнай сувязі “Velcom”, дзьве — у прадстаўніцтве ААН у Беларусі, у міжнароднай структуры”.

Што да цяперашніх студэнтаў ЭГУ, пра іх настроі распавядае другакурсьніца Кася Сьцяпанава:

“Вельмі шмат хто спэцыяльна паступае ў ЭГУ, каб зьехаць зь Беларусі, таму што і жыць, і вучыцца там дастаткова складана. Нядаўна ў нас была агульная лекцыя ўва ўсіх разам. Нехта з тых, хто прыяжджаў, папрасіў падняць рукі тых, хто захоча вярнуцца (Рэд: прыяжджаў прэзыдэнт Радыё Свабода – Радыё Свабодная Эўропа Джэф Гедмін). З усёй аўдыторыі вялікай падняло чалавекі чатыры рукі, бо людзі ня бачаць пэрспэктываў. Яны хочуць зьехаць куды-небудзь далей, у Эўропу, паглядзець сьвет, кар’еру рабіць, і ня хочуць ехаць у Беларусь, дзе застой, балота”.

Ukrainian Elections
ЭГУ быў створаны ў 1992 годзе. У 2004 годзе быў вымушаны спыніць дзейнасьць у Беларусі. Пры падтрымцы грамадзкіх арганізацый і фондаў ЗША і краінаў Эўразьвязу, ЭГУ аднавіў сваю дзейнасьць у Літве і восеньню 2005 году пачаў рэалізацыю праграмаў бакаляўрскай і магістэрскай падрыхтоўкі студэнтаў зь Беларусі. У лютым 2006 году ўрад Літвы даў ЭГУ статус літоўскага ўнівэрсытэту.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG