Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі я ўпершыню зайшоў у Авальную залю, адчуў тое, што, напэўна, адчувае асуджаны на сьмерць, калі яго ставяць перад растрэльнай камандай. У вачах — нянавісьць, у манэрах — упэўненасьць у абсалютным валоданьні тваім лёсам; хіба што зброяй былі ня стрэльбы, а кнопкі для электроннага галасаваньня. Затое не дзесятак чалавек, а — амаль трыста.

Дэпутаты БНФ складалі толькі 8 працэнтаў ад агульнай колькасьці Вярхоўнага Савета. Наша перавага перад сьмяротнікамі была ў тым, што можна было павярнуцца і сысьці. Але прыйшлося перамагчы эмоцыі і працаваць.

Пракамуністычны парлямэнт

Зразумець складанасьць прыняцьця Дэкларацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце і, шырэй, аднаўленьня Незалежнасьці Беларусі немагчыма бяз тлумачэньняў раскладу палітычных сілаў ў пачатку 90-ых гадоў, пра якія ні сучасныя падручнікі гісторыі, ні афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі аб’ектыўна не гавораць.

На сакавіцкіх выбарах 1990 году ў Вярхоўны Савет БССР 12-га скліканьня Беларускі Народны Фронт выставіў сваіх кандыдатаў па большасьці з 310 акругаў (усяго было 360 мандатаў, але 50 дэпутатаў абіраліся, ці, лепш казаць, прызначаліся арганізацыяй ветэранаў, таварыствамі інвалідаў, сьляпых і глухіх). Прадбачачы іранічныя ўсьмешкі, адразу скажу, што большасьць дэпутатаў ад трох апошніх таварыстваў потым засьведчылі свае дэмакратычныя перакананьні і зрабіліся сапраўднымі прафэсійнымі парламэнтарыямі; дэпутаты ж ад вэтэранскай арганізацыі, колькасьцю у 30, вызначаліся гранічным непрыняцьцем усяго прагрэсіўнага. Яны да апошняга дня існаваньня ВС 12 скліканьня шалёна ненавідзелі ўсё беларускае — магчыма, таму, што ў большасьці былі рускімі па нацыянальнасьці. Гэта былі пэнсіянэры — былыя партыйныя работнікі, генэралы, вэтэраны КДБ. Яны блякавалі ўсе прапановы Апазыцыі БНФ. Гэтыя трыццаць дэпутатаў адыгралі чорную ролю ў найноўшай гісторыі Беларусі.

Народнаму Фронту ўдалося правесьці ў Вярхоўны Савет каля дваццаці сваіх кандыдатаў. Партыйныя (натуральна ж, камуністычныя) камітэты кантралявалі выбары, адмоўна паўплывалі і паклёпніцкія артыкулы, зьмешчаныя ў афіцыйных газэтах за дзень да выбараў, калі ўжо не было магчымасьці абвергнуць хлусьню.

Сапраўды, першы дзень у Авальнай залі пакінуў незабыўныя успаміны. Гэтыя некалькі сотняў партыйных сакратароў, старшыняў выканкамаў, дырэктараў прадпрыемстваў «сацыялістычнай вытворчасьці» падаліся ў нечым вельмі падобнымі; да таго ж, ці то выпадкова, ці то з нейкай невядомай мне прычыны, але практычна ўсе яны былі ў аднолькавых сьветла-блакітных касьцюмах. Жанчын было няшмат. Адна ветэранка, з зоркай Героя сацыялістычнай працы, паказала на мяне пальцам:

— Посмотрите, «бэнээфовец» такой молодой, а с бородой, что он этим хочет сказать?

Між іншым адзначу, што ці не галоўнай перашкодай ва ўсталяваньні ўзаемаразуменьня з апанентамі быў якраз наш малады ўзрост — мне было 28 гадоў, Мікола Маркевіч, Ігар Гермянчук, Юрась Беланькі, Лявон Баршчэўскі былі равесьнікамі плюс-мінус год, Валянціну Голубеву, Лявонцію Зданевічу, Вользе Галубовіч, Сяргею Антончыку, ды, бадай, большасьці дэпутатаў будучай апазыцыі не было і 35-ці. Саракашасьцігадовы Зянон Пазьняк здаваўся нам ў той час калі не старым, дык нешта блізка да таго. Праз некалькі тыдняў «ўзроставы бар’ер» зьнік.

Цалкам артыкул чытаць ТУТ

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG