Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За крэдыты на аўтамабілі давядзецца пераплочваць


Ад 28 ліпеня набывае моц распараджэньне Нацыянальнага банку, у адпаведнасьці зь якім банкаўскім установам забаронена крэдытаваць фізычных асобаў (за выключэньнем індывідуальных прадпрымальнікаў) у замежнай валюце. Паводле папярэдніх дадзеных, абмежаваньні будуць дзейнічаць сёлета і ўвесь наступны год. Апроч таго, з 28 чэрвеня беларускія банкі маюць заблякаваць усе валютныя апэрацыі па крэдытных картках. Якія наступствы для шараговых грамадзянаў пацягнуць падобныя захады?

Фінансавы аналітык Кацярына Сьмірнова лічыць, што навацыі Нацбанку перадусім закрануць аўтамабільны рынак і сэгмэнт спажывецкага крэдытаваньня. І ў тым, і ў другім выпадку пераарыентацыя на крэдыты ў беларускіх рублях выльецца наперш у падвышаныя працэнтныя стаўкі — часам пераплачваць давядзецца ўдвая:

“На рынку аўтакрэдытаваньня гэта абсалютна дакладна адаб’ецца. Нават у гэтым годзе, калі лічыць, што рынак на 25% існаваў за кошт аўтакрэдытаў, а самі крэдыты практычна ўсе выдаваліся ў валюце, то цалкам зразумела, што ўсё зьменіцца. І ці будуць людзі браць у рублях па стаўках, якія, канечне ж, падвысяцца, — вялікае пытаньне. Таксама досыць моцна гэта адаб’ецца на спажывецкім крэдытаваньні, бо вельмі вялікая доля крэдытаў выдавалася ў валюце. Асабліва гэта было відавочна ў апошнія месяцы 2—3. Па прапановах банкі выйшлі на ўзровень мінулага году калі не ў працэнтных стаўках, то прынамсі ў колькасьці крэдытаў. Прапановаў было шмат. А ўвогуле ў “Белросбанку”, “Белгазпрамбанку”, банках “ВТБ”, “Москва — Минск” і ў МТБ-банку максымальную ўдзельную вагу маюць менавіта валютныя крэдыты”.
На рынку аўтакрэдытаваньня гэта абсалютна дакладна адаб’ецца.

Банкаўскае крэдытаваньне ў Беларусі набыло значныя маштабы некалькі гадоў таму, а самым “ураджайным” лічыцца 2008 год, калі бадай кожны беларускі банк меў у сваім актыве па некалькі дзясяткаў тысяч кліентаў. З паглыбленьнем фінансавага крызісу бальшыня банкаў згарнулі крэдытныя лініі. Пэўная стабілізацыя пачалася сёлета ў красавіку. Вымушаную адмову ад валютных крэдытаў банкіры лічыць не найлепшай мерай, бо давядзецца тэрмінова распрацоўваць новыя схемы прыцягненьня кліентаў.

Нацыянальны банк лічыць сваё рашэньне цалкам адпаведным цяперашнім эканамічным рэаліям. Як паведамляецца ў прэс-рэлізе, грамадзяне краіны атрымліваюць заробак у беларускіх рублях, і калі ўлічыць гэтую акалічнасьць, а таксама магчымыя ваганьні ўзаемных курсаў валют, то крэдытаваньне ў замежнай валюце нясе высокую рызыку невяртаньня пазыкаў у выпадку падвышэньня сум плацяжоў. Паводле экспэртаў Нацбанку, прыпыненьне такога крэдытаваньня дазволіць зьнізіць рызыкі як для банкаў, так для насельніцтва.

Між тым, генэральны дырэктар Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Людміла Шабанава зьвяртае ўвагу, што валютныя крэдыты заўсёды больш прадказальныя і, галоўнае, маюць меншую працэнтную нагрузку. Калі цяпер стаўка на аўтакрэдыт вагаецца ў межах 11—18%, то ў беларускіх рублях яна дасягае 28%. Пры такім “перакосе” дазволіць сабе машыну ў растэрміноўку змогуць нямногія:
Нейкая частка людзей, якая яшчэ думала, каб узяць крэдыт на машыну, проста адмовіцца ад такой ідэі.

“Любыя дзеяньні, якія могуць перашкодзіць аўтааматарам набыць ці памяняць аўтамабіль, натуральна, заўсёды прыносяць свой нэгатыў. Тут схема якая? Я бяру валютны крэдыт. Мне на рукі яго ўсё роўна не даюць, а пераводзяць прадаўцу ў рублях (у нас жа не дазволеныя такія апэрацыі ў валюце). Але нават у такім выпадку працэнт атрымліваецца значна меншы, чым калі ад пачатку браць крэдыт рублёвы. У такім выпадку канчатковы кошт майго крэдыту атрымліваецца значна ніжэйшы. Такім чынам, у цяперашняй сыстэме — пры пераводзе з валюты на рублі — узрастае кошт аўтакрэдыту. А гэта значыць, нейкая частка людзей, якая яшчэ думала, каб узяць крэдыт на машыну, проста адмовіцца ад такой ідэі. Ну хто ж будзе пераплачваць такія сумы? То бок, гэта не зусім добра”.

У меншай ступені, паводле экспэртаў, ад распараджэньня Нацбанку пацярпяць удзельнікі рынку нерухомасьці. Будаўніцтва жыльля ў асноўным вядзецца за кошт ільготных крэдытаў, якія яшчэ раней пачалі вылічвацца ў беларускіх рублях. Цяпер будуецца пераважна так званае муніцыпальнае жыльлё, вядзецца долевае будаўніцтва — у гэтых выпадках дзяржаўныя банкі таксама даюць пазыкі ў рублях. Што тычыцца крэдытаў на агульных падставах, то яны не карысталіся асаблівай папулярнасьцю з-за кароткага тэрміну іх вяртаньня і надзвычай высокіх працэнтных ставак, што ў выніку рабіла жыльлё ўдвая даражэйшым, чым пачаткова закладзены кошт.

Сёньня інфармацыйныя паведамленьні падобнага зьместу зьявіліся на інтэрнэт-сайтах шэрагу камэрцыйных банкаў. Так, банк “Москва — Минск” папярэджвае сваіх кліентаў: у сувязі з пастановай Нацбанку, ад 28 ліпеня будуць спыненыя расходныя апэрацыі па ўсіх відах крэдытных картак банку зь вядзеньнем рахунку ў далярах ЗША. Сярод пералічаных апэрацый — атрыманьне наяўных грашовых сродкаў у банкаматах і касах банку, а таксама разьлікі ў пунктах гандлю і сэрвісу. Удакладняецца, што дадзеныя зьмены не распаўсюджваюцца на дэбэтавыя валютныя карткі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG