Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле эканамічнага выданьня «Handelsblatt», беларуская эканоміка, якая, акрамя транзыту паліва, існавала галоўным чынам за кошт экспарту харчаваньня і абсталяваньня ў Расею, моцна церпіць у выніку эканамічнага крызысу. Міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы (“Standard & Poor») прагназуюць падзеньне беларускага ўнутранага валавага прадукту на 5%.

Сытуацыю, у якой апынуўся беларускі аўтарытарны кіраўнік Аляксандар Лукашэнка, можна параўнаць са складаным палітычным шпагатам.

З аднаго боку, беларускі кіраўнік заклапочаны напружанасьцю вельмі складаных дачыненьняў з былой “братняй” Расеяй і ня хоча выклікаць з боку Масквы сумневу адносна аказаньня фінансавай дапамогі. Зь іншага боку, Лукашэнка ня можа дазволіць сабе надта набліжацца да ЭЗ, бо за гэтым працэсам вельмі пільна сочыць Крэмль. У выніку пакуль адзіным надзейным крэдыторам зьяўляецца МВФ, – піша «Handelsblatt».

Каб дапамагчы свайму суседу-жабраку, Масква ўжо летась ухваліла выдзяленьне Менску надзвычайнага крэдыту. Аднак расейскі міністар фінансаў Аляксей Кудрын ня хоча выплачваць другую частку траншу і ставіць пад сумнеў плацёжаздольнасьць беларускага партнэра. Да таго ж трэба дадаць і цяперашні ледніковы пэрыяд у дачыненьнях паміж абедзьвюма краінамі.
Вельмі верагодна, што перакрыўшы на гэтым тыдні нафтавы трубаправод, Менск такім чынам хацеў выставіць сваю апошнюю казырную карту.

Таксама ў Маскве падазрона ставяцца да павелічэньня беларускіх пазыкаў за газ. Да таго ж у Крамлі не забыліся пра тое, што Менск не пераняў прыкладу Масквы і не прызнаў незалежнасьці грузінскіх тэрыторый – Паўднёвай Асэтыі ды Абхазіі. Нялішне казаць і пра тое, што Маскве не даспадобы спробы Менску, з аднаго боку, наблізіцца да Эўразьвязу, а, з другога, весьці паралельныя перамовы з Расеяй і Казахстанам адносна стварэньня мытнага саюзу.

Паводле “Handelsblatt”, Лукашэнка не ў захапленьні ад свайго шпагату паміж Расеяй і ЭЗ – тым больш, калі кожны з бакоў патрабуе ад яго саступак. Справа нават ня ў тым, што аўтарытарны кіраўнік ня хоча пайсьці на пашырэньне дэмакратыі: ён таксама ня хоча вяртацца назад у абдымкі Расеі. Вельмі верагодна, што перакрыўшы на гэтым тыдні нафтавы трубаправод, Менск такім чынам хацеў выставіць сваю апошнюю казырную карту. Сапраўды, большая частка расейскай нафты праходзіць праз беларускую тэрыторыю. Пра тое, як цяжка Лукашэнку, сьведчаць ягоныя словы ў часе нядаўняга візыту ў Менск эўракамісара Бэніты Фэрэры-Вальднэр. Лукашэнка сказаў, што ягоная краіна знаходзіцца паміж “двума монстрамі”, – піша нямецкі “Handelsblatt”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG