Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У Багушэўскай сухотнай лякарні горай, чым у турме — ня ведаеш, выйдзеш ці не…”


Год таму ў абласной сухотнай лякарні, што ў гарпасёлку Багушэўск Сеньненскага раёну, усчаўся бунт. 100 чалавек распачалі галадоўку. Пацыенты былі незадаволеныя ўмовамі ды абыходжаньнем мэдпэрсаналу — на 320 месцах ляжалі паўтысячы хворых. На ўсіх — адна ванна і адзін душ, якімі было амаль немагчыма карыстацца. Пры нішчымнай ежы ў палатах бегалі пацукі з прусакамі. Дагэтуль глябальны фонд ААН выдаткаваў Беларусі 17,5 млн. эўра на барацьбу з сухотамі, СНІДам, малярыяй. Якая ж сытуацыя ў Багушэўску зараз, як разьмеркаваліся аанаўскія сродкі? Каб знайсьці адказы, я прыяднаўся ў вандроўцы да сябра ПКБ ды праваабарончай грамадзянскай арганізацыі “Наш Дом”, майго даўняга знаёмага, спадара Мікалая Петрушэнкі. Апошні назірае за канфліктам сухотнікаў з адміністрацыяй лякарні ня першы год.

Цягнік у Багушэўск прыбывае а чацьвёртай раніцы. Дакладней — на станцыю Багушэўская. Мой спадарожнік у зьвязку з гэтым бліснуў сваімі энцыкляпэдычнымі ведамі.

Петрушэнка: “Станцыя Багушэўская атрымала назву ад памешчыка, які паставіў пытаньне рубам — я даю пад станцыю вам зямлю бясплатна, але ж вы яе назавіце імем маёй жонкі — графіні Багушэўскай…”

Багушэўск — асноўны транспартны цэнтар Сеньненшчыны. Пагутарылі з брыгадзірам пуцей Анатолем Халадком. І гэта быў, бадай, адзіны спаміж тых, з кім сустрэліся, каму жыць хораша.

Халадок: “У нас прэстыжная прафэсія. Зараз асноўны сродак руху — чыгунка, бо самыя танныя квіткі. Крыза на руку — больш сталі езьдзіць на цягніках. Цераз Багушэўск цягнікі на Оршу, Віцебск — не было б, жылі б, як у Антарктыцы (сьмяецца). У Сяньне няма чыгункі. У сярэднім у нас заробак тысяч 800, у мяне больш — на жыцьцё хапае…”

На пустэльнай прывакзальнай плошчы, жадаючы, відаць, быць першым пасьля вірлівых выхадных, зьбіраў пустыя пляшкі былы экспэдытар, 70-гадовы Іван Бандуру. Ён 40 гадоў як жыве ў Багушэўску. Мужчына меў бамжаваты выгляд, але гаварыў падкрэсьлена па-расейску — маўляў, “пскапскі”, нарадзіўся ў Пскоўскай вобласьці.



Бандуру: “А навошта мне мовай валодаць? Я ж чысты расеец. Прозьвішча чыста малдаўскае? Ёсьць украінскі інструмэнт — “здуру ўзяў бы я бандуру, бандурыстам здуру стаў бы…”

Петрушэнка: “Нос у вас яўна габрэйскі…” (Сьмех.)

Бандуру: “А пашпарт я памяняў на беларускі. А мову мне н..й ведаць?”

Петрушэнка: “У вас нянавісьці больш да беларусаў, чым да немцаў…”

Бандуру: “Жонка 9 гадоў у Нямеччыне была — на авіяцыйным заводзе адбыла, там хлебца ела. Тры разы грошы выплаціў сучасны ўрад нямецкі, як вязьню канцлягера. А ў мяне пэнсія 300 — цэны падымаюцца, а яна на месцы калом стаіць. Парасят двух трымаў, зараз, акрамя ката, нічога не трымаю. Булка хлеба ж 2000 рублёў — чым тое сьвінчо карміць? Раней на Дзень вызваленьня дзьве бляшанкі тушонкі і пляшка гарэлкі вэтэранам, а зараз толькі на лекі скідка. А ў вас па колькі рыба карп? 5 тысяч? А ў нас каля 8 тысяч — паспрабуй вазьмі — а я бяз рыбы не магу…”

Сацыяльную незадаволенасьць, па яго словах, адчувае нават спадар Віталь Шарэцкі, трактарыст самага платнага прадпрыемства ў гарадку — леспрамгаса. Гэты каржакаваты, з мазолістымі рукамі мужык 6 гадоў запар штодзень нарыхтоўвае 30 кубамэтраў лесу. Мы сустрэліся зь ім у дарозе на працу.



Шарэцкі: “Месяц на месяц не прыходзіцца — залежыць ад дзялянкі. У чэрвені ўжо 730, а найвышэй па мільёне было…”

Карэспандэнт: “А патрапіць да вас на працу цяжка?”

Шарэцкі: “Ды не — праца дужа цяжкая. У 7 прыходзіш і за 100 км адвозяць.Тэхніка старая — „Анега“. Але гэта ня тая праца, якую ў Багушэўску кідаюць…”

Пагрэцца на прызьбе ў ранішніх прамянях выйшла 84-гадовая цётка Тацьцяна Краўчанка. Жыве на адным месцы больш за паўвека. Сьлепаватая. Але досыць пабачыла на сваім веку.

Бабуля: “Паміраць трэба, сынок, бо не жыцьцё. Адна 8 гадоў ужо, пэнсія 400, а толку няма. Два браты былі ў партызанах, а мяне ў Нямеччыну забралі — працавала па 12 гадзін за 100 грамаў бруднай баланды. Дала Нямеччына кампэнсацыю — о, адзін раз 52 маркі, а тады 90 — раён дзяліў. Два гады там была. Камуністы былі лепшыя, чым цяперашняя ўлада. Дзьверы ў хатах не зачыняліся, а цяпер бандыты ходзяць, рабуюць старых людзей.
Бязьдзельнікі, п’яніцы — у ваду адразу кідала б і страляла!
Бязьдзельнікі, п’яніцы — у ваду адразу кідала б і страляла! Бомж — у бальніцы была — прыйшоў, крук паддзеў і ўкраў пліту, калатнікі, дзёркі. Прыйдуць, казалі, міліцыянты — два месяцы няма — пайшлі ўсе да чарцякоў!”

Непадалёк ад памянёнай сухотнай лякарні ў вёсцы Янова знаходзіцца бальніца для так званых сацыяльна хворых. Іх пад два дзясяткі з усяе Сеньненшчыны. Патрапляюць сюды, як самі апавядаюць, праўдамі і няпраўдамі. Як былы кіроўца, 69-гадовы спадар Георгій Шлык. Далоні ампутаваныя, сагнуты, глядзіць спадылба.



Шлык: “Родам я зь Сеньненскага раёну, вёска Новае Сяло. Я атрымаў траўмы на руках. А ў нас там хлеба няма. Застаўся адзін. Родныя засталіся, але адтуль не даедзеш — аўтобусы ня ходзяць, машыны ніводнай няма. Ня ведаю, як сюды даехаў. Пэнсію па інваліднасьці зараз не даюць, безграшовыя ўсе сталі…”

Пытаюся ў мэдсястры Тацьцяны Акуленкі:

Карэспандэнт: “Таня, пэўны адсотак забірае бальніца. А ім на рукі колькі выдаецца?”

Акуленка: “10%, ходзім ім прадукты купляем…”

Шлык: “Мне зараз на рукі не даюць ні капейкі, і нікому тут не даюць…”

84-гадовы спадар Антон Дацэнка ўсяго тут паўгода, але кажа, што ў поўным бяспраўі.



Карэспандэнт: “А ў вас колькі пэнсіі?”

Дацэнка: “Ня ведаю, нічога не даюць. А пэнсіі колькі — ня помню…”

Карэспандэнт: “Радыё, ТБ у вас ёсьць?”

Дацэнка: “Радыё хтосьці ўключаў, тэлевізара ня маем, газэты нам не чытаюць — а ў мяне з вачамі дрэнна…”

Крыж зараз 15 тысяч, а труна 120 тысяч каштуе. У месяц нам выходзіць 300-350 тысяч. Два гады таму нашмат менш было.
У Доме быту зранку працавалі толькі трунары. Нядаўна тут з-за недахопу матэрыялаў і замоваў закрылі швачную майстэрню, выкінуўшы на вуліцу 8 жанчын. Затое 23-гадовы сталяр-станочнік Андрэй Казлоў, які вымушана зьмяніў кваліфікацыю, без замоў не сядзіць.

Казлоў: “Крыж зараз 15 тысяч, а труна 120 тысяч каштуе. У месяц нам выходзіць 300-350 тысяч. Два гады таму нашмат менш было — сьмяротнасьць узрасла ўдвая…”

* * *

Нарэшце мы ля нядаўна пабудаванага з бэтонных плітаў плота, за якім сухотная лякарня — асноўная мэта вандроўкі. Паводле чутак, павінны былі ўсталяваць відэанагляд, але камэр пакуль не відаць. Мой спадарожнік, палітык і праваабаронца Мікалай Петрушэнка, адсочвае сытуацыю другі год. У тым ліку і з грашыма, выдзеленымі на дапамогу хворым ААН.



Петрушэнка: “Год таму, калі быў страйк хворых, я нелегальна пранік на 5 паверх і пабачыў, як жанчыны наўперамен з мужчынамі стаяць у прыбіральню, каб падмыцца з садовага шлянгу. Ёсьць людзі, якіх па 3-4 гады лекуюць — без пашпартоў і, значыць, ня могуць атрымліваць пэнсіі. Я адразу паехаў да Хаджаева, начальніка Віцебскага абласнога ўпраўленьня аховы здароўя. Ён размаўляць адмовіўся. Яны ня хочуць адказваць на пытаньне, што адбываецца за гэтым плотам. Бо каб захварэць на пранцы ці ганарэю, трэба жанчыну яшчэ ўгаварыць. А ад сухотаў не гарантаваны ніхто. А ўсе грошы пайшлі ва ўпраўленьне ўнутраных спраў — паставілі платы, і міліцыянты ставяць пост на 4 чалавекі і відэакамэры…”

Адзін з двух ахоўнікаў, зь якімі разгаварыліся, зазначыў:

Ахоўнік: “За 180 гадзін на 15 дзяжурстваў — 180 тысяч. За такія грошы „мянты“ працаваць ня будуць — кожнаму сяржанціку па мільёне трэба…”

Да дырэктаркі лякарні Натальлі Лясной, як і чакалася, ахоўнікі нас не пусьцілі — “тэрміновая нарада”. Затое зь Менску праз тэлефон тая пра “сваю тэрыторыю” адказала “на блакітным воку”:

Лясная: “Пачакайце, а што гэта такое? Афіцыйна, з дакумэнтамі прыяжджайце да мяне на тэрыторыю — пагаворым і паглядзім…”

Мікалай Петрушэнка тым часам распавёў пра прэс-канфэрэнцыю дэпутата Палаты прадстаўнікоў спадара Папкова, якая напярэдадні вандроўкі адбылася ў Талачыне:

Петрушэнка: “Мне стала вядома, што ў раённай бальніцы няма плёнкі для правядзеньня флюараграфіі. Гэта значыць, цэлы месяц мэдыкі ня могуць паставіць дыягназ, што ў чалавека падазрэньне на сухоты. А за гэты час палачку Коха разносяць. Дэпутат Папкоў пацьвердзіў, што другі месяц ва ўсёй Віцебскай вобласьці няма фотаплёнкі — ляжыць на складах, ня могуць дамовіцца з мытняй. Затое „паедзь паглядзі — мы 500 мільёнаў у Багушэўск далі“. На плот?! А дэпутатам у мясцовы савет 500 хворых абралі начальніка мясцовай міліцыі, які займае пазыцыю такую — „я даю справаздачу толькі перад начальствам“. А што тут за выбаршчык — зацюканы, які зранку ў лес выбягае падыхаць, які ня ведае, колькі тут будзе — год, два, чатыры…”

Ля праёму ў плоце мы літаральна затрымалі за рукі пацыента Валодзю, які выбег з навакольнага лесу. Яму 37, сам зь Віцебску, у лякарні паўгода. Спужаўся, што мы міліцыянты.

Карэспандэнт: “На якім паверсе жывяце?”

Валодзя: “На другім…”

Петрушэнка: “У вас жа там гарачай вады няма…”

Валодзя: “Пры мне тыдні два — рамонт катла ідзе. У лазьню ходзім у той корпус — там тры „саскі“…”

Петрушэнка: “Шакаляду даюць?”

Валодзя: “Не, але рыбу, курыцу…”

Карэспандэнт: “А калі параўнаць жыцьцё тут і ў турме?”

Валодзя: “Тут горш, бо няма ўпэўненасьці, ачуняеш ці не. Там ведаеш, калі выходзіш…”

Карэспандэнт: “А выходзіце ў горад свабодна?”

Валодзя: “Калі там ня злапае міліцыя і мясцовыя па галаве не дадуць…”

Непадалёк разгаварыліся з карэнным, 25-гадовым інжынэрам-геолягам Аляксандрам, які сьпяшаўся на працу ў Сянно. Не пасьпелі прадставіцца, як той нечакана спытаў:

Аляксандр: “А вы з Радыё Свабода?”

Карэспандэнт: “А вызначылі пра „Свабоду“ вы па чым?”

Аляксандар: “Па беларускай мове… Зараз там плот паставілі. Але выходзяць часта хворыя, ходзяць па Багушэўску п’яныя. Пісалі ў „СБ“, каб не выпускалі — там жа і турэмныя. Яны натоўпамі ходзяць, а тут дзеці малыя — могуць заразіцца…”

Будучы ў Янове, пачулі і камэнтар вэтэрынарнага ўрача, спадара Васіля Падліцкага.

Падліцкі: “Бальніца ў Багушэўску згубна ўплывае на экалёгію — палачка ж Коха лётае…”

Карэспандэнт: “Ці магчыма атрымаць ад каровы сухоты чалавеку?”

Ідэоляг сказаў, што мы мусім прадставіцца, выслухаць іх рэкамэндацыі і толькі пасьля пачынаць працаваць.
Падліцкі
: “Наўпрост не — ад прадукцыі. А тое, што свабодна гуляюць і п’юць хворыя па Багушэўску — віна ўлады, міліцыі. Яны мусяць сядзець за гэтымі платамі. Гэта ўсё-ткі людзі зь нядобрым мінулым, былыя зэкі. З вопыту стасункаў ведаю, што працаваць ня пойдуць — лепш ноччу пакрадуць, ізноў сядуць…”

Пры канцы вандроўкі нас на двух аўто прыпынілі, адмыслова прыехаўшы зь Сянна — трэба думаць, па нечай наводцы, — загадчык ідэалягічнага аддзелу райвыканкаму Сяргей Мяцеліца ды начальнік Багушэўскай міліцыі Аляксандар Сенчанка. Доўга вывучалі камандзіровачнае пасьведчаньне, тэлефанавалі “наверх”, прасілі-патрабавалі праслухаць зробленыя запісы. Урэшце, не знайшоўшы зачэпкі, адпусьцілі. Ужо ў цягніку вынікі вандроўкі абмеркавалі зь Мікалаем Петрушэнкам.

Карэспандэнт: “Загадчык ідэалягічнага аддзелу мясцовай вэртыкалі, спадар Сяргей Мяцельскі сказаў, што мы мусім прадставіцца, выслухаць іх рэкамэндацыі і толькі пасьля пачынаць працаваць…”

Петрушэнка: “Дык вось яна, улада! Начальнік міліцыі затое да бабулькі, у якой пакралі, 2 месяцы не зьяўляўся! Віталь, калі ты размаўляў зь Мяцеліцам, у гэты самы час яго кіроўца навёў лічбавую камэру і вёў запіс размовы. Я яму сказаў: навошта так рабіць? Папярэдзь і вядзі! Хто ён такі? Можа, „іншае“ ведамства? Гэта прыклад паліцэйскай дзяржавы ў пасёлку Багушэўск. І ўспомні: калі размаўлялі з галоўным ідэалягічным вэртыкальшчыкам, ён заўважыў: „Петрушэнка і Радыё Свабода ўсё роўна знойдуць нешта дрэннае“…”

Карэспандэнт: “Але калі я прапанаваў выказацца пра яго стаўленьне да „малочнай вайны“, ён сказаў — „гэта не яго тэма“…”

Петрушэнка: “Якую ж дапамогу яны маглі аказаць, калі ім вельмі не выгодна прыслухоўвацца да таго, што кажа просты народ?! Яны забараняюць праўду, але праблемы ад гэтага не зьнікаюць!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG