Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жалезьнічэнка: Жыцьцё — яно даўжэйшае за паўтара гады


Зьміцер Жалезьнічэнка

Зьміцер Жалезьнічэнка

Першы палітычны прызыўнік, былы студэнт-выдатнік і сябра партыі БНФ Зьміцер Жалезьнічэнка на два дні раней за тэрмін звольнены з войска ў запас. Пасьля другога адлічэньня з унівэрсытэту Зьміцер праслужыў амаль 18 месяцаў у транспартнай вайсковай частцы ў Жлобіне. Прысягу не прымаў.

У дзень звальненьня радавога Жалезьнічэнку прызначылі былі ў нарад, але пасьля ротны старшына паведаміў Зьмітру, што нарад адмяняецца. “Гэта табе дэмбельскі падарунак”, — пажартаваў старшына й перадаў загад начальства: праз 15 хвілін быць гатовым да ад’езду дадому”.

Зьміцер Жалезьнічэнка: “Першы раз, напэўна, супалі мае інтарэсы й інтарэсы дзяржаўнай машыны. Як я зразумеў з ускосных сьведчаньняў, ускосных крыніц, проста вайсковыя чыноўнікі не хацелі, каб паплечнікі прыяжджалі да мяне на дэмбель на КПП. Ну, адпусьцілі раней — і добра. За 15 хвілінаў сказалі: зьбірайся — і каб цябе тут не было”.

На разьвітаньне галоўны ідэоляг транспартнай часткі Аляксандар Макарэвіч з ноткамі пагрозы павучаў Зьмітра:

“Ідэоляг, падпалкоўнік Макарэвіч, калі праводзіў дэмбеляў, сказаў мне так вельмі сур’ёзна: трэба падумаць і перагледзець стаўленьне да жыцьця. Маўляў, ты бачыў, што з табою здарылася, і трэба на гэта зьвяртаць увагу. Ну, такая прыхаваная пагроза чулася. Ідэоляг стала лазіў у маёй тумбачцы, калі я адсутнічаў, забіраў кампакт-дыскі, некаторыя кнігі. Так было ўвесь час. Гэта тое, што я ведаю. А чаго ня ведаю, то хто ўжо зараз пра гэта скажа?!”

Спадар Жалезьнічэнка лічыць, што ў беларускім войску ня вучаць патрыятызму. Так званае выхаваньне заменена прымітыўнай падгонкай “пад стандарт”:

“Гэта — не выхаваньне, гэта — падгонка людзей пад стандарт. Здаецца, з грэцкай міталёгіі пайшоў выраз “пракрустава пасьцель”. Хто большы за стандарт, таго зробім меншым — галаву падкруцім ці ногі там крышку падрэжам. Хто не дацягвае да стандарту, выцягнем на паўмэтра. Усіх пад стандарт! А стандарт гэты войска прапануе даволі нізкі.
Усіх пад стандарт! А стандарт гэты войска прапануе даволі нізкі.


У войска прыходзіць шмат людзей неадукаваных. Канечне, у мяне няма статыстыкі па ўсіх збройных сілах, а сам я быў толькі ў адной частцы. Для некаторых войска — гэта нармальна й прымальна. Яно можа прапанаваць нейкую сьціплую кар’ерку, нейкія знаёмствы. Прапанаваць стандарты ў паводзінах, стаўленьні да сябе, да іншых, да жыцьця ў калектыве”.

Паводле Жалезьнічэнкі, калі не задумвацца над “прапанаванымі стандартамі”, не імкнуцца ісьці супраць плыні, дзе гэта магчыма, то ў войску чалавек з інтэлектам больш страчвае, чым набывае.

Дарэчы, ніякай вайсковай спэцыяльнасьці Зьмітру набыць не далі. Супрацоўнікі Гомельскага ваенкамату, калі Жалезьнічэнка прыехаў пасьля службы стаць на улік, ня ведалі нават, што запісаць у ягоным ваенным білеце. Урэшце знайшліся: рознарабочы будаўнічых працаў.

Зьміцер у зьвязку з гэтым прыгадвае анэкдот з газэты “Наша Ніва”, якую дасылалі яму ў войска сябры:

“Ня так даўна там надрукавалі анэкдот якраз пра беларускае войска. Салдат жаліцца другому: „Вось мы тут днямі толькі падмятаем пляц ды ў нарады ў сталоўку ходзім. Калі на нас вораг нападзе, мы яму толькі й зможам дарогу расчысьціць ды ежы прыгатаваць“. Насамрэч, паўтара гады альбо мыў падлогу, альбо падмятаў, альбо нейкую тэхніку праціраў”.

Зьміцер кажа, што ў войску імкнуўся ўвесь гэты час паступаць так, каб не было сорамна ні перад самім сабой, ні перад сябрамі:

“Я трымаўся прынцыпу: правесьці гэтыя паўтара гады так, каб не было сорамна. Паўтара гады — гэта доўга, гэта — цяжка. Ну… непрыемна! Але ж жыцьцё — яно даўжэйшае за паўтара гады. Сумленьне застаецца з табою на ўсё твае жыцьцё. Я нёс адказнасьць ня толькі перад сабой, але й перад партыяй БНФ, перад усімі тымі людзьмі, якія ў мяне верылі, якія былі б расчараваныя, каб я дапусьціў нейкія хібы. Мне ня сорамна за тое, што было. Ня сорамна за адмову даць прысягу — я ведаю, навошта я так рабіў, і, на маю думку, гэта было слушна. Ня сорамна за свае паводзіны — як паводзіў сябе з афіцэрамі, сяржантамі, з салдатамі свайго прызыву”.

Сёньня Зьміцер Жалезьнічэнка ўжо рыхтуецца да здачы тэстаў. Паглыбляе веды ў праграмаваньні, ангельскай мове. З пачаткам верасьня ён наважаны аднавіць навучаньне па спэцыяльнасьці за мяжой. І навучацца ён будзе па-ангельску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG