Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сувязі з заканчэньнем працоўнага тыдня, а таксама з прычыны некаторай зьмены надвор’я на халаднейшае, што можа стацца стымулам для падарожжаў, варта з высокіх матэрыяў ды інтэлектуальных разважаньняў пра назвы, імёны ды іншыя хардавыя рэчы перайсьці нечага лягчэйшага і больш практычнага. А што можа быць больш практычнага за інфармацыю наконт магчымасьцяў адпачынку, раскладу транспарту ды прагнозу надвор’я?

Шукайце — і знойдзеце


Наконт апошняга пытаньня нешта пэўнае раіць складана, бо ў кожнага свой погляд на адпачынак і свае патрабаваньні, падмацаваныя ці, наадварот, не падмацаваныя фінансавымі магчымасьцямі. Таму выбар падарожжаў і пагатоў турыстычных агенцтваў лепш рабіць самастойна. Усё, што я магу падказаць, — гэта наведаць спэцыялізаваныя сайты, адрасы якіх разьмешчаны ў двух найбольш буйных і салідных каталёгах беларускіх інтэрнэт-сайтаў: http://catalog.tut.by і http://all.by/. Але пры гэтым трэба памятаць, што першыя паводле рэйтынгу, а таму самыя верхнія на старонцы лінкі не абавязкова могуць быць найлепшымі і прыдатнымі менавіта для таго ці іншага выпадку.

Таму было б някепска на дадатак да кліканьня па гатовых лінках пашукаць патрэбную інфармацыю ў пошукавых сыстэмах. Тыя ж парталы tut.by і all.by даволі добра гэта робяць па сайтах байнэту. Але пошук праз сайт http://www.google.com.by/ можа быць больш удалым, бо google мае больш дасканалы мэханізм, чым на беларускіх парталах. На дадатак да гэтага, google размаўляе па-беларуску. Трэба адзначыць, што па-беларуску таксама аформлены інтэрфэйс рэйтынгавага сайту “Акавiта”, але іх каталёг http://catalog.akavita.by/ вельмі рэдка абнаўляецца, і ўвогуле акавітаўскі рэйтынг часта не працуе. Таму вынік пошуку не абавязкова будзе адэкватны.

Аўтобусам, цягніком, самалётам


З выбарам транспарту трохі прасьцей. Прынамсі для жыхароў беларускай сталіцы. Усе асноўныя беларускія перавозчыкі маюць нядрэнныя сайты, дзе інфармацыя пра расклад, кошты квіткоў ды іншыя аспэкты паслуг, якія аказваюць транспартнікі, апэратыўна абнаўляецца. Расклад менскіх гарадзкіх, прыгарадных ды міжнародных маршрутаў можна паглядзець на афіцыйным сайце дзяржаўнага прадпрыемства “Мінсктранс”. Што асабліва зручна для менчукоў, расклад менскіх аўтобусаў можна выбіраць паводле як нумароў маршрутаў, так і некаторых прыпынкаў. Апроч сьвежых навінаў — на якія, дарэчы, можна падпісацца — наконт аўтобусных перавозак, на аўтобусным сайце ёсьць інфармацыя пра адрасы і тэлефоны замежных консульстваў, найбольш папулярных сярод пасажыраў, а галоўнае — спасылкі на іхнія сайты. На сайце Міністэрства замежных спраў РБ, дарэчы, спасылак на сайты амбасадаў няма. Так што менскія транспартнікі больш прасунутыя ў вэб-сэнсе.

Расклады цягнікоў, кошты квіткоў ды іншую патрэбную пасажырам інфармацыю можна даведацца на сайтах беларускіх чыгуначнікаў: менскага аддзяленьня БЧ http://railwayminsk.by/ і галоўным сайце перавозчыка http://www.rw.by/. Чыгуначнікі таксама прапануюць такую паслугу, як замову білетаў праз інтэрнэт і іх дастаўку пасажырам.

Што да падарожжаў самалётам, то асноўная крыніца інфармацыі тут — афіцыйны сайт нацыянальнай авіякампаніі “Белавія”, але гутарка тут ідзе выключна пра рэйсы самой авіякампаніі. Да таго ж гэты сайт ня вельмі зручны і функцыянальны. Так што ў пошуках больш падрабязнай інфармацыі лепей зазіраць на сайт http://aviabilet.by/. Гэты сайт належыць турыстычнай кампаніі, і тут утрымліваецца значна больш карыснай інфармацыі. Таксама тут ёсьць вельмі падрабязны пералік замежных дыпляматычных прадстаўніцтваў у РБ з пазначэньнем адрасоў, тэлефонаў і вэб-лінкаў.

Для тых, хто вандруе за межы Беларусі, будзе карысна наведаць сайт Дзяржаўнага мытнага камітэту http://www.gtk.gov.by/. Тут ёсьць інфармацыя пра тое, як увозіць і вывозіць тавары, а таксама правілы іх мытнага афармленьня. Цікава, што сайт, апроч расейскага і ангельскага варыянту, мае і нямецкі, але беларускай мовы, напэўна, беларускія мытнікі ня ведаюць. Зрэшты, няма беларускай мовы на ніводным зь пералічаных вышэй сайтаў.

Ну, і на заканчэньне, як гэта прынята ў радыйных ды тэлевізійных навінах, — надвор’е. Дзеля гэтага ў байнэце ёсьць два асноўныя месцы: афіцыйны сайт Гідрамэтцэнтру РБ і люстэрка расейскага праекту Gismeteo. Першы дае больш падрабязную інфармацыю пра надвор’е ў Беларусі, а апошні ахоплівае ўвесь сьвет. У чым яны абсалютна не адрозьніваюцца — гэта ў адсутнасьці беларускай мовы.
XS
SM
MD
LG