Лінкі ўнівэрсальнага доступу

50 гадоў таму ЗША адчынілі Амэрыканскую нацыянальную выставу ў Маскве, на якой паказваліся дасягненьні амэрыканскай мастацтва, культуры і гаспадаркі. Выстава, вядомая ў гісторыі амэрыканска-савецкіх дачыненьняў перш за ўсё дзякуючы гэтак званым "кухонным дэбатам" паміж першым сакратаром КПСС Мікітам Хрушчовым і віцэ-прэзыдэнтам ЗША Рычардам Ніксанам, была яркай падзеяй у тагачасным кароткім пэрыядзе пацяпленьня сярод "халоднай вайны".


Амэрыканцы збудавалі ў парку Сакольнікі ў Маскве шэраг мадэрновых павільёнаў. Выстава мела велізарны посьпех. На працягу шасьці тыдняў яе наведала каля трох мільёнаў чалавек.

Тацяна Сьцяпанава з Масквы, якой у 1959 годзе было 16 гадоў, сказала нашаму радыё:

"Гэта было надзвычай займальна і цікава. Я думаю, што я пабывала ва ўсіх павільёнах, нават у тых з трактарамі. Я хацела пабачыць усё".

Выставу 24 ліпеня 1959 году адкрывалі Мікіта Хрушчоў зь Рычардам Ніксанам. Хрушчову на выставе амэрыканцы далі ўпершыню пасмакаваць пэпсі-колы. Калі верыць аўтару кніжак пра СССР Джорджу Файфэру, які быў адным з гідаў на той выставе ў павільёне аўтамабіляў "форд", кожны савецкі наведнік выставы атрымліваў задарма кубак амэрыканскай пэпсі-колы.

Хрушчоў падчас наведваньня выставы, будучы зь Ніксанам у адмыслова абсталяванай кухні амэрыканскага дому, выказаў памятныя словы пра тое, што СССР дагоніць і перагоніць ЗША ва ўсіх дзялянках жыцьця, і "зрабіў ручкай" перад тэлекамэрай і носам Ніксана. Гэты эпізод застаўся ў гісторыі амэрыканска-савецкіх дачыненьняў пад найменьнем "кухонных дэбатаў".



Дэбаты працягваліся ў студыі перад камэрамі амэрыканскага тэлеканалу RCA. Ніксан даказваў Хрушчову, што амэрыканцы апярэдзілі СССР, між іншым, у прадукцыі каляровай відэастужкі:

"Гэта паказвае на штораз большыя магчымасьці камунікацыі, і гэтая штораз большая камунікацыя навучыць нас некаторых рэчаў ды навучыць таксама вас некаторых рэчаў. Таму што ў рэшце вы ня ведаеце ўсяго”.

Пытаньне, які бок выйграў тыя дэбаты, засталося адкрытым. Але сьведкі дэбатаў сьцьвярджаюць, што важнейшым за ўсё быў сам факт, што яны ўвогуле адбыліся, уносячы ў пэрыяд "халоднай вайны" атмасфэру пэўнага адпружаньня.



Дызайнэр амэрыканскай выстаўкі 1959 году ў Маскве Джэк Мэйсі сказаў пра тыя дэбаты нашаму радыё так:

"Здарылася нешта важнае: мы пачалі гаварыць адзін з адным. Гэта была даволі вялікая падзея".

Аднак кароткае савецка-амэрыканскае пацяпленьне закончылася ў траўні 1961 году, калі над тэрыторыяй СССР быў зьбіты амэрыканскі выведніцкі самалёт U-2. А восеньню 1962 году, падчас гэтак званага "кубінскага крызысу", ЗША і СССР апынуліся на мяжы ядзернай вайны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG