Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Двое забойцаў, якія ўчынілі самасуд над аднавяскоўцам, памілаваны ўказам Аляксандра Лукашэнкі. 31 сьнежня 2008 году трое жыхароў вёскі Пухавічы забілі Мікалая Макарэвіча, якога падазравалі ў падпале хлява. Забойцы спрабавалі спаліць труп мужчыны, але ня сталі чакаць, пакуль ён дагарыць, і пасьпяшаліся на дыскатэку. 6 лютага на нарадзе ў пытаньнях удасканаленьня крымінальнага заканадаўства Аляксандар Лукашэнка зьвярнуўся да старшыні Вярхоўнага суду з просьбай адпусьціць забойцаў з ізалятара і жорстка іх не караць. Злачынцам далі 3 і 5 гадоў пазбаўленьня волі, але яны не адбылі пакараньня.


Дзякуючы ўказу Аляксандра Лукашэнкі забойцы не адбылі ніводнага дня пакараньня. Нагадаем: гомельскі абласны суд прызнаў чатырох жыхароў вёскі Пухавічы Жыткавіцкага раёну вінаватымі ў забойстве аднавяскоўца. Сяргея Аліфяровіча пакаралі зьняволеньнем на 5 гадоў, Ігара Макарэвіча — на 3 гады, Аляксандра Петручэню і Тацяну Юхнец -- двума гадамі абмежаваньня волі. Гэта пры тым, што за забойства групай асобаў Крымінальны кодэкс прадугледжвае пазбаўленьне волі ад 8 да 25 гадоў, пажыцьцёвы тэрмін альбо сьмяротнае пакараньне.

Справа “пухавіцкіх забойцаў” атрымала розгалас у грамадзтве. Па тэлебачаньні паказалі, як кіраўнік краіны на нарадзе, зьвярнуўшыся да старшыні Вярхоўнага суду Валянціна Сукалы, казаў: “Пастаўцеся як да сваіх родных людзей… Гэтых людзей трэба адпусьціць… Нельга іх саджаць! Што гэта, вялікі чалавек загінуў? Па турмах бадзяўся, прыйшоў, ды яшчэ й тэрарызуе цэлую вёску”.

Пазьней сталі вядомыя падрабязнасьці гэтай справы. Забойцы сачылі за Мікалаем Макарэвічам і сустрэлі яго за 20 кілямэтраў ад вёскі. Спачатку білі абухом па галаве, потым загарнулі ў цырату і адвезьлі да сажалкі. Потым вярнуліся і перасеклі яму хрыбет. Урэшце забойцы падпалілі труп і пайшлі на навагоднюю дыскатэку.

Калі маці атрымала труп з моргу, то на твары там, дзе павінны быць вочы і нос, былі кавалкі бінтоў.

Пасьля абвяшчэньня прысуду маці аднаго з забойцаў абуралася жорсткім прысудам і казала, што трэба было лепш схаваць труп.

Сваякі забойцаў сабралі подпісы ў абарону арыштаваных. Тады іншыя аднавяскоўцы сабралі 120 подпісаў, каб забойцаў судзілі згодна з заканадаўствам.

Юрысты бачаць у справе пухавіцкіх забойцаў яўныя прыкметы няроўнага падыходу да суду і выкананьня пакараньня.

Старшыня БХК Алег Гулак выказаў сваю думку:

Калі з вышэйшых трыбун па тэлебачаньні кіраўнік дзяржавы дае ўказаньні, то гэта нядобра. Гэта парушае прынцып незалежнасьці суду
“Суд, калі разглядаў гэтую справу, відавочна ня быў самастойны. Калі з вышэйшых трыбун па тэлебачаньні кіраўнік дзяржавы дае ўказаньні, то гэта нядобра. Гэта парушае прынцып незалежнасьці суду. Калі б гэта было пасланьне пра тое, што ў нас, у прынцыпе, вельмі жорсткія пакараньні і іх трэба рабіць мякчэйшымі, гуманізаваць пакараньні, то гэта іншая справа.

Людзі ўвогуле практычна не адбывалі пакараньня. Тут не вытрымліваецца прынцып крымінальнай адказнасьці”.

9 ліпеня Аляксандар Лукашэнка памілаваў 21 чалавека, пакаранага зьняволеньнем. Прозьвішчы астатніх 19 чалавек застаюцца пакуль невядомымі.

За некалькі тыдняў да падпісаньня ўказу на волю выйшаў Эмануіл Зэльцэр, чыйго вызваленьня дамагаліся прадстаўнікі Эўразьвязу і амбасады ЗША. Ён выйшаў на волю празь некалькі гадзінаў пасьля таго, як на сустрэчы з сэнатарамі і кангрэсмэнамі ЗША Лукашэнка паабяцаў вызваліць амэрыканскага грамадзяніна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG