Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі будзе новы абвал рубля, нас зноў не папярэдзяць?”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 24 чэрвеня, пятніцу.


Аляксандар Лукашэнка правёў нараду зь беларускімі дыпляматамі, на якой абмяркоўваліся праблемы зьнешняй і ўнутранай палітыкі Беларусі. Камэнтар слухача:

Спадар: “Ізноў вось сабраў вялікую каманду гэтых замежных дыпляматаў і ізноў прынародна сьцябае і гаворыць, гаворыць. Каму гэтая гістэрыка патрэбная? І робіць вывалачку, міністраў сьцябае. Самавітым людзям несамавіта. Хіба гэта стыль працы? Адміністраваньнем нічога ня возьмеш. Гэта гаворыць пра тое, што ён не сасьпелы чалавек. Які там дыктатар?! Госпадзі, сьвятая воля. Гэта дзе гэта бачна такое было? Бессаромнасьць, безгаспадарлівасьць дзяржавы”.

Нацыянальны банк Беларусі забараніў выдачу валютных крэдытаў фізычным асобам да 1 студзеня 2011 году. Выказваньне на гэтую тэму:

Валеры Курневіч, Барысаў: “1 студзеня пра абвал беларускага рубля наш “бацька” зрабіў выгляд: ён нічога ня ведаў, ня знаў. Можна згадзіцца — ён тады ў хакей гуляў. Ён казаў: вінаваты ўсё Буш. Гэта ён выліў на галаву беларусам халодны душ. Відаць, калі будзе новы абвал рубля, ён зноў не папярэдзіць, ня будзе казаць. Рыгоравіч ізноў будзе невінаваты. Ён будзе беды ўсе, відаць, валіць на Злучаныя Штаты”.

Ва Ўкраіне затрыманы былы высокапастаўлены міліцэйскі чыноўнік, які прызнаў свой удзел у справе выкраданьня і забойства вядомага ўкраінскага журналіста Георгія Гангадзэ ў верасьні 2000 году. Камэнтар слухача:

Спадар: “Вось кажуць — палітычны бардак у Кіеве, а чамусьці на Ўкраіне органы шукаюць каго трэба. Вось затрымалі па справе Гангадзэ. А ў Беларусі ў справах аб зьніклых ведамства Васілевіча нават не цікавіцца публікацыямі ў “Народнай волі” экс-палкоўніка Алкаева і Лапаціка. І чаму гэта так? Трэба даведацца, спытаць хаця б у “Народнай волі”.

Выказваньне камэнтуе намесьніца галоўнага рэдактара “Народнай волі” Марына Коктыш:

“Я думаю, што амаль усё чынавенства чытае “Народную волю”, што называецца, ад коркі да коркі. Іншая рэч, мы ня ведаем, ці былі публікацыі спадара Алкаева ў газэце вывучаныя сьледчымі, якія вядуць справы пра гучныя зьнікненьні. Ці былі яны далучаныя да матэрыялаў крымінальнай справы, ці ўзьніклі пытаньні ў сьледчых. Да прыкладу, калі б я займалася расьсьледаваньнем гэтай справы, то задала б шмат пытаньняў спадару Алкаеву. І ня толькі яму, дарэчы”.

Слухачы “Свабоды” таксама працягваюць камэнтаваць вызваленьне зь беларускай турмы грамадзяніна ЗША Эмануіла Зэльцэра:

Спадарыня: “Па Эмануіла Зэльцэра прыяжджалі кангрэсмэны з даволі сур’ёзнай дзяржаўнай структуры ЗША. І ў іх было дастаткова, пэўна, паўнамоцтваў паставіць Лукашэнку такія ўмовы, што ён, як заяц, быў вымушаны аддаць ім Зэльцэра. А зайцы, як правіла, адважнымі бываюць, калі побач няма небясьпекі”.

Далей тэлефанаваньне з адказам слухачу “Свабоды”, які ўхваляў савецка-камуністычную сыстэму і ганьбіў капіталізм:

Спадарыня: “Прывітаньне, шаноўная “Свабода”. Я паслухала, што добра было пры камунізьме. Пры камуністах мы пакутавалі. Зарплаты былі малыя. Я і муж, мы не пілі, але ня ведалі, як зьвесьці канцы з канцамі. Калі трэба купіць якія боты, то думалі, як сабраць грошай. І толькі двое дзетак было. Вось як мы жылі цяжка. І іншыя жылі цяжка. Немагчыма. Камуніст — гэта дух нячыст, вон адсюль, камуністы. Мы хочам, каб капіталісты ў нас тут камандавалі. Гэта людзі. Яны жывуць і чалавеку даюць жыць”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG