Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацоўнікі офісу АБСЭ ў Менску паведамілі “Свабодзе”, што яны рыхтуюць адмысловае паведамленьне для прэсы адносна экспэртызы нямецкага доктара права Марціна Фінке ў справе ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча і што гэты прэс-рэліз будзе распаўсюджаны ў мэдыях ужо сёньня.


23 ліпеня ў размове з нашым радыё прадстаўнікі офісу АБСЭ сказалі, што яны не камэнтуюць гэтай інфармацыі.

Сам Марцін Фінке ў інтэрвію “Свабодзе” пацьвердзіў, што на запрашэньне офісу ён знаходзіўся ў Менску цягам двух дзён і сапраўды рыхтаваў экспэртызу адносна таго, як выконваецца крымінальна-працэсуальнае заканадаўства ў справе Мікалая Аўтуховіча. Ён дадаў, што шукаў парушэньні заканадаўства і што ягоным заданьнем была экспэртыза не палітычнага боку справы і не характару пакараньня, а менавіта крымінальна-працэсуальнага аспэкту. Знаходзячыся ў Менску, Фінке кантактаваў у гэтай справе выключна з прадстаўнікамі МУС і ня меў аніякіх кантактаў ні з прадстаўнікамі абароны, ні абвінавачваньня, ні з самім Мікалаем Аўтуховічам.

"Нічога не магу сьцьвярджаць адносна заключэньняў нямецкага экспэрта, аднак падобнае запрашэньне ў межах мандату АБСЭ цалкам магчымае", заявіў “Свабодзе” колішні амбасадар гэтай арганізацыі ў Менску, доктар права Ганс-Георг Вік.

Паводле слоў Віка, у часе ягонай працы ў Менску місія АБСЭ ў пэўных выпадках запрашала ў Беларусь некаторых экспэртаў-юрыстаў.

“Гэта, праўда, былі спэцыялісты не ў галіне крымінальна-працэсуальнага, а ў галіне выбарчага права, — сказаў вядомы дыплямат. — Таксама міжнародная камісія, якая вывучала справу зьніклых палітыкаў. Проста мы не пакладаліся выключна на высновы беларускай юстыцыі, пракуратуры”.
Мы не пакладаліся выключна на высновы беларускай юстыцыі, пракуратуры


Як падкрэсьліў колішні кіраўнік КНГ АБСЭ ў Менску, ад запрошаных экспэртаў заўсёды патрабавалася, каб іхныя высновы былі аргумэнтаванымі. Заключэньні экспэртаў не былі закрытымі, яны накіроўваліся на азнаямленьне ў адпаведныя камісіі.


Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч знаходзіцца за кратамі з 8 лютага. Прадпрымальнка абвінавачваюць у падпале дома міліцыянта і падазраюць у датычнасьці да захоўваньня гранатамёту. Сваёй віны Аўтуховіч не прызнае і кажа пра палітычны перасьлед.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG