Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкі рэдактар тыдня – Зьміцер Дзежыц з Полацку.


Грамадзкі рэдактар тыдня – Зьміцер Дзежыц з Полацку. Нарадзіўся 23 траўня 1977 году ў горадзе Горкі, што на Магілёўшчыне. Дзякуючы бацьку, зацікавіўся і пачаў рабіць першыя крокі ў свеце фотаздымкаў гадоў зь дзесяці.У 2007 годзе дэбютаваў як фотарэпартэр на сайце “Тузін Гітоў”. Зараз супрацоўнічае з полацкай гарадзкой недзяржаўнай газэтай “Информ плюс”, інтэрнэт-сайтамі “Хімік”, “Народныя навіны Віцебска”, здымае для “Народнага слова”.

Калі прыйшла чарга пісаць пяты, заключны матэрыял для рубрыкі “Грамадзкі рэдактар”, у галаву адразу прыйшла думка распавесьці шматлікім наведвальнікам інтэрнэту пра Полацак. Так, у бязьмежных прасторах нэту адпаведнай інфармацыі хапае. Але не падзяліцца ўражаньнямі аб старажытным горадзе, у якім я зараз жыву, – нельга. Расказ пра старажытную калыску Беларусі – ніколі не банальны.

І пачну з даволі красамоўнага факту: на цэнтральным пляцы ля гарвыканкаму няма ўсюдыіснага Леніна, зьвернутага найболей значнай часткай цела да ўлад, як практычна ва ўсіх беларускіх гарадох. Затое побач ахінае ўсіх сваім крыжом сьвятая Эўфрасіньня Полацкая. Ды й на самой плошчы акрамя афіцыйных імпрэз можна ўбачыць то рыцараў, то байкераў, а то і археолягаў.

Байкеры распачынаюць сезон з галоўнай плошчы горада

Полацкія музыкі

Калі ісьці па цэнтральнай алеі гораду, разьмешчанай на былым праспэкце Карла Маркса, які цяпер носіць імя славутага палачаніна Францыска Скарыны, можна ўбачыць помнікі Леніну (куды ж безь яго...), Сімяёну Полацкаму, літары "Ў", Францыску Скарыну і памятны знак “Полацак – геаграфічны цэнтар Эўропы”.

Полацак – геаграфічны цэнтр Еўропы


Сімяён Полацкі

Помнік літары Ў

Хай дагэтуль ідуць спрэчкі аб тым, дзе гэты цэнтар насамрэч знаходзіцца – галоўнае, палачане як сьлед паварушыліся... Памятны знак паставілі і наладзілі вытворчасьць і продаж сэртыфікатаў (аб пражываньні, нараджэньні, рэгістрацыі шлюбу і аб наведваньні цэнтра Эўропы).

Упрыгожвае невялікую пляцоўку ля Дому гандлю статуя полацкага купца або, як жартуюць мясцовыя жыхары, помнік Невядомаму валютчыку. Кажуць, калі пацерці манэтку, што трымае ён у руцэ, то перастанеш выпрабоўваць якія-небудзь фінансавыя цяжкасьці. Бліскоча манэтка, нацёртая шматлікімі тысячамі пальцаў, бліскоча і вельмі аб'ёмнае пуза полацкага купца – што мясцовыя жыхары, што турысты лічаць лепшым перастрахавацца й дзейнічаць яшчэ і па фэншую...

Кажучы аб старажытным горадзе, нельга абыйсці ўвагай яго ўладароў. Полацкіх князёў у нас сёньня паважаюць і любяць. Красуецца насупраць піўнога бару Ўсяслаў Брачыслававіч (Усяслаў Чарадзей), стаіць ва ўтульным панадворку апошні полацкі князь Андрэй Альгердавіч (Андрэй Полацкі), а ў будучыні і Рагнеда зьявіцца.

Андрэй Полацкі

Усяслаў Чарадзей

Дарэчы, Усяслаў Чарадзей – другі конны помнік у Беларусі. Апярэдзіў славутага князя ягоны сын Барыс, конную статую якому ўзьвялі да 900-годзьдзя Барысава. А яшчэ гэта першы помнік Ваўкалаку. Прычым ня толькі ў Беларусі, але і (наколькі я ведаю) ў Эўропе. Надпіс на мячы Чарадзея зьмяшчае прозьвішчы трох скульптараў – аўтараў помніка. На жаль, іхнія імёны на княскай зброі напісаныя чамусьці па-руску.

Для мяне заўсёды горад – гэта яго храмы. Стаіць на беразе Заходняй Дзьвіны Багаяўленскі сабор, узвышаецца над ракою Сафія, знаходзіцца на ўскраіне Полацку на беразе Палаты Спаса-Эўфрасінеўскі кляштар.

Сафійскі сабор


На жаль, Сафійскі сабор (XI - XVIII ст.), пабудаваны яшчэ за Ўсяславам Чарадзеем, неаднаразова пераладжваўся. Тое, што мы бачым цяпер (звонку ён выглядае як касцёл, а ўнутры як імпэрскі праваслаўны храм – золата, ляпніна) – вынік перабудовы XVIII ст. Ад XI-га застаўся толькі падмурак і нейкія часткі сьцен. Некалі ў Сафійскім саборы ня толькі маліліся, але і прымалі амбасадараў, абвяшчалі вайну або падпісвалі мір, захоўвалі княжую маёмасьць і бібліятэку. Цяпер – уладкоўваюць арганныя канцэрты.

Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Дзень памяці Cвятой

Спаса-Эўфрасінеўскі кляштар (XII ст.) – прыклад арыгінальнай полацкай школы дойлідзтва. Адной з самых вялікіх святынь кляштару зьяўляецца знакаміты Крыж Эўфрасіньні Полацкай, створаны ў 1161 годзе майстрам-ювелірам Лазарам Богшам. Арыгінал быў згублены ў гады другой сусьветнай вайны, і цяпер у кляштары знаходзіцца яго дакладная копія, асьвячоная ў 1997 годзе.

У манастырскі комплекс уваходзяць Спаса-Эўфрасінеўская (Спаса-Праабражэнская) царква (1152-1161), дзе знаходзяцца моцы сьвятой Эўфрасіньні; Крыжаўзьвіжанская царква (1893-1197); царква прап. Эўфрасіньні (1847,1886) і вароты-званіца (1882) з жылым манастырскім корпусам.

Барысаў камень

Што яшчэ можна ўбачыць у Полацку? Барысаў камень (XII ст.); лютэранскую кірху (1900г., цяпер краязнаўчы музэй); кляштар бэрнардынцаў (1758г., захаваўся часткова); кляштар францысканцаў (1628 - 1778); езуіцкі калегіюм (XVI-XIX); ксавэраўскія, стараверскія, лютэранскія могілкі. Чырвоны мост (празь яго рускія войскі генэрала Вітгенштэйна і атрады пецярбургскага апалчэньня ў кастрычніку 1812 г. увайшлі ў горад. Адтуль у памяць аб разьлітай крыві мост стаў звацца Чырвоным); музэй старога Полацку ў хаце XVII стг., дзе жыў у Паўночную вайну Пётар I; шыльды з назвамі вуліц, упрыгожаныя гербам Полацку; арыгінальныя калёнкі на гарадзкіх вуліцах і шмат што іншае.

Тым, хто зацікавіўся, магу даць толькі адну параду: “Прыяжджайце і паглядзіце!”

Акуніцеся ў сьвет дыхаючага даўніной Полацку, пагуляйце яго вуліцамі і вулкамі, наведайце архітэктурныя помнікі і скульптуры, паглядзіце чым і як жыве старажытны горад Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG