Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лукашэнка: ад Расеі “пагроза цяжкаважнай дзяржаўнасьці”


Цытаты Аляксандра Лукашэнкі з нарады з кіраўнікамі замежных установаў Беларусі.




Лукашэнка: Эўразьвяз – гэта ня торг і не піяр


Зьменлівы ракурс супрацоўніцтва Беларусі з Эўразьвязам не зьяўляецца вынікам якога-небудзь торгу, згодніцтва або піяру, -- заявіў прэзыдэнт Беларусі падчас нарады з кіраўнікамі замежных устаноў

Беларусь вітае якасна новы стан узаемаадносін з Эўрапейскім зьвязам і выразна разумее, што дыялёг з ЭЗ не будзе простым. Аднак пазыцыя беларускага боку застаецца нязьменнай: узаемаадносіны павінны будавацца на раўнапраўнай аснове, без якіх-небудзь патрабаваньняў і ўмоў. "У Беларусі, як і ў кожнай дзяржавы, уласны шлях руху наперад, адпаведны ступені разьвіцьця, асаблівасьцям гісторыі, эканомікі і, што немалаважна, псыхалёгіі людзей. Уласны - не значыць горшы", - сказаў Лукашэнка.

У Беларусі ўласны шлях руху наперад. Уласны - не значыць горшы


Беларусь імкнецца да фармаваньня сапраўднага пояса добрасуседзтва ў самым шырокім яго разуменьні - у эканоміцы, палітыцы, культуры, свабодзе зносін і перамяшчэньня людзей. Пры гэтым не толькі для сябе, але і для Расіі, для ЭЗ. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, пакуль цяжка сказаць, якія формы прыме такі пояс добрасуседзтва. Магчыма, ён будзе часткай агульнай эканамічнай прасторы, задуманай некалькі гадоў таму ЭЗ і Расіяй. Стаць яе неад'емнай часткай было б найважнейшым складальнікам нашай стратэгіі.


ЗША і Эўропа ўжо ня супраць Лукашэнкі?


"Прынцыпова важна, што Эўразьвяз, кіруючыся новымі адносінамі з Беларусьсю, і адміністрацыя Злучаных Штатаў не ставяць на сваёй мэце адхіленьне дзейнай улады ў нашай краіне", — заявіў Аляксандр Лукашэнка 23 ліпеня ў Мінску на нарадзе з кіраўнікамі беларускіх замежных устаноў.

Паводле Лукашэнкі, і ў Эўразьвязу, і ў ЗША зьявілася разуменьне магчымасьці ісьці да адной мэты рознымі шляхамі. А Нямеччына, Італія, Францыя, "сталі сапраўднымі магутнымі лякаматывамі па ўцягваньні Беларусі ў агульнаэўрапейскія працэсы". "Мы за гэта ўдзячныя, разумеючы, чаго ім каштавала першымі кінуць выклік стэрэатыпам і прадузятасьцям у адносінах да нашай дзяржавы, сфармаваным у гады ізаляцыі", — сказаў Лукашэнка, дадаўшы, што беларускі бок гатовы адказаць самым цесным узаемным супрацоўніцтвам.
МІы чакаем зьняцьця эканамічных санкцый, зьневажальных для саміх ЗША


Лукашэнка падкрэсьліў, што Беларусь уваходзіць ва Усходняе партнэрства не прасіцелем, а раўнапраўным удзельнікам. Ступень прысутнасьці Беларусі ў гэтай праграме будзе вызначацца выключна зыходзячы з уласных нацыянальных інтарэсаў, "ні ў якім разе не з падзякі, што нас туды паклікалі".

"Ад амэрыканскага боку мы чакаем зьняцьця эканамічных санкцый, зьневажальных для саміх ЗША, — заявіў Лукашэнка. — Гэта стане сыгналам для паўнавартаснага ўзнаўленьня ўзаемнай дыпляматычнай прысутнасьці. Мы прапаноўваем Злучаным Штатам прадметны і канструктыўны дыялёг па ўсім коле актуальных пытаньняў і першымі гатовы працягнуць руку дапамогі для аднаўленьня клімату паразуменьня і даверу".


12 чэрвеня Прэзыдэнт ЗША Барак Абама на год прадоўжыў дзеяньне ўказа пра арышт уласнасьці “шэрагу асобаў, якія падрываюць дэмакратычныя працэсы ў Беларусі”, што знаходзіцца на тэрыторыі або пад юрысдыкцыяй ЗША. Дачыненьні з ЗША былі сапсаваныя яшчэ ў сярэдзіне 90-х гадоў. А ўвядзеньне санкцый супраць канцэрну “Белнафтахім” на пачатку 2008 году прывяло да дыпляматычнага канфлікту. Амбасадарка ЗША Карэн Ст’юарт вымушана была пакінуць Беларусь, а склад амбасады значна зьменшыўся. Амэрыканскі бок увёў санкцыі, патрабуючы вызваленьня палітвязьняў. Пасьля таго як апошні палітвязень зь міжнародна прызнанага сьпісу выйшаў на волю, ЗША адмянілі санкцыі супраць двух беларускіх прадпрыемстваў.



“Пагроза цяжкаважнай дзяржаўнасьці”


“Так, Саюзная дзяржава – гэта доўгабуд, але не правал і ўтопія”, -- заявіў Аляксандар Лукашэнка на нарадзе з кіраўнікамі замежных установаў Беларусі. Выступаючы з прамовай аб замежнапалітычных прыярытэтах краіны, беларускі кіраўнік адзначыў, што ў Расеі зараз ідзе “пераасэнсаваньне яе ролі і мэтадаў працы ў цэлым у сьвеце, у тым ліку і ў супрацоўніцтве з Беларусьсю”. Канстатуючы гэта, Лукашэнка перайшоў да рытарычных пытаньняў – “навошта зьнішчаць адзіную сыстэму бясьпекі аб Брэста да Ўладзівастоку, навошта зьнішчаць каапэрацыю ў сфэры машынабудаваньня?”
Саюзная дзяржава – гэта доўгабуд


Лукашэнка адзначыў зьяўленьне ўсё новых “спрэчных пытаньняў у адносінах з братняй Расеяй”. “Пытаньні сталі ўзьнікаць часьцей, і яны становяцца вастрэйшымі. Пры гэтым прасочваецца пасьлядоўнасьць і сыстэмнасьць іхняга ўзьнікненьня”. Падсумоўваючы, Лукашэнка адзначыў, што апошнім часам з боку Расеі для Беларусі праяўляецца “пагроза цяжкаважнай дзяржаўнасьці”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG