Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латвія: “Спадзяемся, што справа толькі ў рамонце трубы”


Латвійскі бок спадзяецца, што пампаваньне дызэльнага паліва па беларускім участку трубаправоду “Унеча- Вэнтсьпілс” будзе адноўленая згодна з абяцаньнямі беларускага Міністэрства надзвычайных сытуацыяў сёньня а 23-й гадзіне.

Як заявіў у размове з агенцтвам LETA віцэ-прэзыдэнт Вэнтсьпілскай думы Яніс Віталіньш, “гэты важны для Латвіі бізнэс зачыняецца на рамонтныя працы не ўпершыню”.

“Аднак будзем спадзявацца, што для закрыцьця трубаправоду не існуе ніякіх іншых прычын — толькі рамонт”, — падкрэсьліў спадар Віталіньш.

Пра зацікаўленасьць у тым, каб праца трубаправоду, спыненая беларускім бокам, аднавілася як найхутчэй, заявілі журналістам і адказныя прадстаўнікі ўраду Латвіі.

Яны падкрэсьлілі, што адсочваюць усю інфармацыю, якая трапляе да іх як зь беларускага, так і расейскага боку, і што, згодна зь ёй, на ўчастку “Унеча — Вэнтсьпілс” робіцца ўсё, каб аднавіць бесьперабойную працу трубаправоду.

У тэлефоннай размове з прадстаўнікамі некаторых СМІ міністар эканомікі Латвіі Артыс Кампарс сказаў, што ня можа камэнтаваць сытуацыю, бо знаходзіцца па-за межамі краіны.
XS
SM
MD
LG