Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марцін Фінке: Я не рабіў палітычнай экспэртызы справы Аўтуховіча


Марцін Фінке

Марцін Фінке

У беларускіх электронных СМІ зьявіліся паведамленьні адносна заключэньня па справе Мікалая Аўтуховіча, якое падрыхтаваў Марцін Фінке, нямецкі экспэрт у галіне працэсуальнага права, прафэсар унівэрсытэту Пасаў.

Згодна з паведамленьнямі, нямецкі экспэрт адмыслова прыяжджаў у Беларусь на запрашэньне офісу АБСЭ і на просьбу беларускага ўраду. Тут цягам некалькіх дзён ён вывучаў справу ваўкавыскага прадпрымальніка, арыштаванага ў лютым па абвінавачаньні спачатку ў падпалах, а потым у тэрарызьме. У выніку ў заключэньні Фінке нібыта зьявіліся словы, што ніякіх парушэньняў у справе Мікалая Аўтуховіча няма. Гэта і выклікала найбольшыя абурэньні з боку беларускіх праваабаронцаў. З гэтай нагоды “Свабода” зьвязалася з самім Марцінам Фінке.

Струвэ: “Спадар Фінке, вы быццам бы сьцьвярджалі, што ніякіх працэсуальных парушэньняў у справе Аўтуховіча няма?”

Фінке: “Не. Я такога ня мог сьцьвярджаць. Па-першае, паводле патрабаваньня АБСЭ, арганізацыі, якая запрасіла мяне, я абавязаны захоўваць маўчаньне. Калі б я такое сказаў, гэта было б парушэньнем крымінальна-працэсуальнага права. Я азнаёміўся з матэрыяламі сьледзтва, а не абароны. Мая праца ў Менску выглядала так: спачатку дыскусія з прадстаўнікамі беларускага МУС (на гэты пайшоў дзень), а потым шчыльнае знаёмства з актамі. Матэрыялаў было надзвычай шмат. Я шукаў парушэньні ў заканадаўстве. Маім заданьнем была не экспэртыза палітычнага боку справы ці экспэртыза пакараньня, а менавіта экспэртыза працэсу пакараньня, парушэньняў самога працэсуальнага права”.

Струвэ: “Напярэдадні маёй размовы з вамі мне ўдалося паразмаўляць з былым старшынёй місіі АБСЭ ў Менску Гансам-Георгам Вікам. Ён сказаў, што ў межах мандату АБСЭ магчыма, калі арганізацыя запрашае заходніх спэцыялістаў дзеля высьвятленьня нейкіх складаных юрыдычных момантаў. Вядома, што вы — экспэрт менавіта ў галіне крымінальна-працэсуальнага права ў краінах былога СССР. Як выглядае сытуацыя з гэтым у Беларусі?”

Фінке: “Магу сказаць, што на постсавецкай прасторы ўсё ў гэтай галіне вельмі кансэрватыўна. Аднак гэта ня толькі бяда Беларусі. Гэта ідзе ад традыцый францускага права, якія ў свой час пераняла Расейская імпэрыя… Калі б падобны выпадак здарыўся ў Нямеччыне, то думаю, што ў нас гэта ішло б хутчэй. Дарэчы, юрыстаў у якасьці экспэртаў запрашаюць таксама і іншыя арганізацыі, акрамя АБСЭ. Напрыклад, ПАРЭ. Па сутнасьці, шмат у якіх краінах існуюць падобныя праблемы — працэс сьледзтва ідзе вельмі марудна. Калі гаварыць пра Беларусь, то я маю меркаваньні адносна недасканаласьці працэсуальнага права, аднак яны не зьвязаныя з канкрэтным выпадкам”.

Струвэ: “Некаторыя беларускія СМІ перадалі, што ваша заключэньне нібыта ўжо рассылаецца ў розныя амбасады ЭЗ у Менску. Ці можа яно быць агучана і шырэй? Бо лёс Аўтуховіча на слыху ў шмат каго, і наконт ягонай віны распаўсюджваецца шмат чутак”

Фінке: “Вось гэтага я ня ведаю. Гэта цалкам залежыць ад рашэньня АБСЭ”.

Кіраўнік офісу АБСЭ ў Менску Ганс-Ёган Шмідт камэнтаваць сытуцыю СМІ адмовіўся.

Адвакат Аўтуховіча Павал Сапелка лічыць прадстаўленьне матэрыялаў справы нямецкаму экспэрту “страшэнным беззаконьнем”. Паводле Сапелкі, Мацін Фінке з прадстаўнікамі Аўтуховіча не сустракаўся.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG