Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Беларусь не прызнавала незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі


Кроніка заявіў і дэклярацый. Абяцаньні: выкананыя і ня выкананыя. Заклікі і тлумачэньні. Пазыцыя Менску, Масквы і Брусэлю.


ВАЙНА ЦЫТАТАЎ. БЕЛАРУСЬ, ГРУЗІЯ, РАСЕЯ

2008 ГОД

Жнівень

У пасланьні Дзьмітрыю Мядзьведзеву Аляксандар Лукашэнка адзначыў, што “ва ўмовах, якія склаліся, у Расеі не было іншага маральнага выбару, як падтрымаць Абхазію і Паўднёвую Асэтыю”, і заклікаў заклікаў разгледзець пытаньне аб незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі на саміце Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы .




Амбасадар Расеі Аляксандар Сурыкаў: "Гэта сувэрэннае права Беларусі — прызнаваць або не прызнаваць незалежнасьць, але мы ў гэтым разьлічваем на Беларусь, як на аднаго з самых блізкіх саюзьнікаў".

Верасень


А.Лукашэнка на сустрэчы з расейскімі журналістамі заявіў, што пытаньне пра прызнаньне Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі будзе разглядаць беларускі парлямэнт пасьля выбараў.

На саміце АДКБ ў Маскве рашэньня наконт падтрымкі незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі на саміце ўхвалена не было.

Прэзыдэнт Абхазіі Сяргей Багапш заявіў, што яго рэспубліка зьбіраецца падаць заяўку на ўступленьне ў саюзную дзяржаву Беларусі і Расеі

Амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў заявіў, што Расея зацікаўленая ў тым, каб Беларусь прызнала незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.

Кастрычнік


У Палату прадстаўнікоў не паступала дакумэнтаў з просьбай прызнаць незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Вадзім Папоў.


Лістапад

Новаабраная Палата прадстаўнікоў пачала разгляд законапраектаў. Пакуль у парадку дня пытаньне прызнаньня незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі ня значыцца.

Сьнежань

Абхазія мае намер прадпрыняць крокі дзеля далучэньня да “саюзнай дзяржавы” Беларусі і Расеі, паведаміў сьпікер народнага сходу Абхазіі Нугзар Ашуба на паседжаньні сэсіі Парлямэнцкага сходу Саюзу Беларусі і Расеі, які праходзіць у Менску.


Афіцыйнае кіраўніцтва Паўднёвай Асэтыі й Абхазіі не зьвярталася ў Выканаўчы камітэт Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў з заявай аб прыняцьці ў лік сяброў арганізацыі паведаміў журналістам выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў


2009 ГОД



Студзень


Палата прадстаўнікоў можа разгледзець пытаньне аб прызнаньні незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі на вясеньняй сэсіі, паведаміў намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Валеры Іваноў.


Сакавік

Пытаньне аб прызнаньні Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі ня ўключана ў папярэдні праект парадку вясновай сэсіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, якая адкрыецца 2 красавіка.

Вярхоўны камісар ЭЗ Хавіер Саляна заклікае афіцыйны Менск не прызнаваць незалежнасьць тэрыторыяў Грузіі. Ён заяўляе, што ў адваротным выпадку адносіны ЭЗ-Беларусь будуць перагледжаныя і «зьменяцца не зусім у добрым напрамку». «У далейшых адносінах Беларусі і ЭЗ вялікае значэньне будзе мець тое, як вырашыць Менск пытаньне прызнаньня незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. У адваротным выпадку адносіны арганізацыі і Менску будуць перагледжаныя», – заявіў Хавіер Саляна.



Падчас візыту ў Сочы кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка правёў сустрэчу з прэзыдэнтам непрызнанай рэспублікі Абхазія Сяргеем Багапшам. На пытаньне, ці абмяркоўвалася там сытуацыя з прызнаньнем самаабвешчаных Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, кіраўнік прэзыдэнцкай прэс-службы Павал Лёгкі заявіў "Свабодзе", маўляў, апошнім часам «зьявілася шмат спэкуляцый і бязглузьдзіцы вакол гэтага пытаньня

Красавік


Лукашэнка ў пасланьні Нацыянальнаму сходу і народу Беларусі: "Раздаюцца галасы, што калі мы прызнаем Абхазію і Паўднёвую Асэтыю, то мы вас пакараем. Дык вы Расею пакарайце. Яна першая прызнала".

“Абхазія не фарсіруе свайго прызнаньня Беларусьсю ды іншымі краінамі”. Пра гэта кіраўнік самаабвешчанай рэспублікі Абхазія, заявіў Сяргей Багапш. “Калі нас прызнае Беларусь, Абхазія і Паўднёвая Асэтыя ўступяць у Саюз Расеі і Беларусі. Гэта нармальнае разьвіцьцё: разам жыць прасьцей, чым паасобку”.


Травень

Старшыня расейскай Дзярждумы Барыс Грызлоў заявіў, што Расея чакае прызнаньня Беларусьсю самаабвешчаных каўкаскіх рэспублік.

Адбыўся візыт кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Ўладзіміра Макея ў Абхазію.


Чэрвень

Міністры замежных справаў Беларусі і Расеі абмяркоўвалі ў Маскве і пытаньне аб прызнаньні Беларусьсю Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў: “Мы нікога ня ўпрошвалі і ня будзем упрошваць прызнаваць Паўднёвую Асэтыю і Абхазію.


Расія зьвязала выдачу Беларусі крэдыту ў памеры 500 млн долараў з прызнаньнем незалежнасьці самаабвешчаных рэспублік — Паўднёвая Асэтыя і Абхазія., заявіў Аляксандр Лукашэнка.


Ліпень

Прызнаньнем незалежнасьці Абхазіі й Паўднёвай Асэтыі мелася займацца Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. На днях завяршылася другая сэсія Палаты прадстаўнікоў. Пытаньня Абхазіі й Паўднёвай Асэтыі дэпутаты не разглядалі. Восеньню чакаецца разгляд гэтага пытаньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG