Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Разбурылі прадмесьце, дзе вучыліся кіраўнікі Ізраілю


У Пінску, каб пабудаваць карпусы Палескаму дзяржаўнаму ўнівэрсытэту, разбурылі частку гістарычнага габрэйскага прадмесьця Каралін, дзе жылі і вучыліся першы прэзыдэнт Ізраілю Хаім Вэйцман і прэм’ер-міністар Голда Мэір,

Пра гэта паведаміў БелаПАН старшыня Пінскай габрэйскай абшчыны Іосіф Лібэрман.

Ён нагадаў, што ў 1690 годзе пінскі стараста Ян Караль Дольскі заснаваў пад горадам прадмесьце Каралін, куды запрасіў жыць заможных габрэяў. З часам у Караліне зьявіліся сынагогі, юдэйскія навучальныя ўстановы, майстэрні й крамы.

У прадмесьці нарадзіліся, жылі й вучыліся

  • першы прэзыдэнт Ізраілю Хаім Вэйцман,
  • прэм’ер-міністар Ізраілю Голда Мэір,
  • нобэлеўскі ляўрэат па эканоміцы Сайман Кузьнец,
  • трэнэр чэмпіёна сьвету па шахматах Анатоля Карпава Сямён Фурман,
  • продкі аднаго з заснавальнікаў кампаніі Microsoft Стыва Балмара

Каралін, паводле Лібэрмана, ёсьць сьвятыняй для габрэяў-хасыдаў, бо тут у XVIII стагодзьдзі ўзьнікла гэтая плынь юдаізму.

У савецкія часы плошча прадмесьця прыкметна скарацілася, ад яго засталося ўсяго шэсьць кварталаў мураваных і драўляных жылых дамоў, якія захавалі характар забудовы Караліна XIX-XX стагодзьдзяў з уласцівым яму габрэйскім духам.

Сёлета вясной прадстаўнікі грамадзкасьці прапанавалі ўпраўленьню па ахове гісторыка-культурнай спадчыны й рэстаўрацыі Міністэрства культуры надаць Караліну статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Зь Пінскага гарвыканкаму адказалі, што работы па зносе будынкаў вядуцца згодна з указаньнем кіраўніка дзяржавы пра будаўніцтва ў горадзе карпусоў Палескага ўнівэрсытэту.

“Толькі другая адозва грамадзкасьці ў Міністэрства культуры прывяла да таго, што прадмесьце было ўзятае дзяржавай пад часовую ахову. Аднак да гэтага часу было разбурана прыблізна 40% будынкаў квартала, заплянаванага да зносу”, — сказаў Лібэрман.

Ён мяркуе, што дзяржава павінна надаць Караліну статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці, аднавіць прадмесьце і ўключыць яго ў нацыянальныя і мясцовыя турыстычныя маршруты.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG