Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вывучэньне Бібліі пад шум “баўгаркі”


У Гомелі міліцыя гвалтам абшукала прыватны дом, дзе зьбіраліся вернікі нэапратэстанцкай рэлігійнай арганізацыі “Сьведкі Еговы”.

Гэта здарылася 21 ліпеня позна ўвечары ў 1-м завулку Крупскай.

Міліцыянты пералезьлі праз плот, адчынілі браму й зайшлі на панадворак. Кіраваў апэрацыяй маёр міліцыі Дзмітры Бондараў.

“Паколькі гаспадара дому ў гэты час не было, — распавёў кіраўнік арганізацыі „Сьведкаў Еговы“ Юры Рашэтнікаў, — мы адмовіліся пускаць у дом чатырох міліцыянтаў і панятых. Але міліцыянты выклікалі мясцовых супрацоўнікаў Міністэрства надзвычайных сытуацыяў і з дапамогай спэцтэхнікі — наждачнай пілы „баўгаркі“ — расьпілавалі замок”.

Маёр Бондараў паказаў прадпісаньне пракуратуры Чыгуначнага раёну на дагляд памяшканьня. “Паступіла інфармацыя, што тут зьбіраюцца незразумелыя людзі”, — патлумачыў міліцыянт.

У доме знаходзіліся 68 чалавек, у тым ліку й дзеці. Яны вывучалі Біблію. Міліцыянты апытвалі прысутных, вінавацілі, што дом выкарыстоўваецца не па прызначэньні. Урэшце забралі аўдыёапаратуру й сышлі. Заявілі: каб ня скралі, бо дзьверы не замыкаюцца.

Арганізацыя “Сьведкі Еговы” зарэгістраваная афіцыйна. Аднак, паводле словаў спадара Рашэтнікава, мясцовыя ўлады не выдзяляюць ёй участак, каб пабудаваць малітоўны дом, а таксама адмаўляюць у арэндзе памяшканьня.

Актывіст БХК у рэгіёне Віктар Адзіночанка, знаёмы з сытуацыяй у нэапратэстанцкіх плынях, кажа з нагоды ўчарашняга гвалту міліцыі ў дачыненьні да егавістаў:

“Ім проста няма куды дзецца. Іх проста ставяць — і ня толькі гэтую арганізацыю, але й іншыя нэапратэстанцкія, гэта тыповая сытуацыя — іх ставяць у такія межы, што яны вымушаныя парушаць закон”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG