Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“МВФ ня мае маральнага права падтрымліваць рэжым Лукашэнкі”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 22 ліпеня, сераду.

СЛУХАЦЬ:


Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

У Менску адбыўся круглы стол “Злачынствы камунізму ў Беларусі”. Яго ўдзельнікі заклікалі ўлады асудзіць сталінізм і скасаваць сьвяткаваньне 7 лістапада. Выказваньне на гэтую тэму:

Валеры Курневіч, Барысаў: “Злачынствы камунізму на Беларусі трэба кожнаму ведаць, гісторыю знаць. Бальшавікі навешалі людзям локшыны — нейкі камунізм, а на справе гэта сыстэма — садызм. А на справе беларусы згубілі сваю зямлю, свае хаты, узамен іх — атрымалі Курапаты. Немцы-нацысты, былыя фашысты, у сваіх злачынствах павініліся, а ў нас былыя камуністы яшчэ больш загардзіліся. Чаму такое маем? Ім улада ды прэзыдэнт памагае”.

У наступных тэлефанаваньнях слухачы выказваюцца з нагоды V зьезду беларусаў сьвету, які адбыўся ў Менску, і “Славянскага базару” ў Віцебску.

Спадар: “На пяты зьезд беларускай “Бацькаўшчыны” прыйшлі лукашэнкаўскія міністры, каб ратаваць эканоміку”.

Аляксандар Яцкевіч, Віцебск: “Добры дзень, паважаная “Свабода”. Ужо колькі год турбуе адно і тое ж пытаньне: каб працаўладкавацца, каб далі хоць які-небудзь заробак. З двума пратэзамі ў сэрцы атрымліваю ўсяго дзьвесьце тысячаў гэтых грабавых няшчасных. Ужо не хапае на лекі. Гледзячы на ўсе цуды, якія былі ў дні “Славянскага базару”, колькі грошыкаў высыпана, колькі мільёнаў высыпана на тое, каб правесьці парад, на які Мядзьведзеў не прыехаў, — гэта жаху даесься”.

Працягваем праграму СМС-допісам: “Чаму гэта размова толькі аб тым, каб таньней за 60 Эўра былі візы ў Шэнгэн. А аб тым, што ў Беларусь віза каштуе нам 180 Эўра — маўчок?” На пытаньне адказвае намесьнік старшыні партыі БНФ Віктар Івашкевіч:

“Беларускія палітыкі перадусім маюць запатрабаваньні ад жыхароў Беларусі. А праблемы беларусаў, якія зьехалі, закранае адмысловая арганізацыя “Бацькаўшчына”. Зьезд гэтай арганізацыі адбыўся ў Менску мінулымі выходнымі, і там гэтае пытаньне было пастаўлена перад беларускімі ўрадоўцамі”.

Далей камэнтар з нагоды зьняволеньня ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча, які ад лютага знаходзіцца за кратамі:

Зіноўеў: “Па-мойму, трэба растлумачыць працэдуру засяленьня на Валадарцы, бо па УПК на папярэдняе заключэньне трыццаць дзён даецца, а далей сядзеньне ў КПЗ толькі з санкцыі генпракуратуры. А Аўтуховіч ужо дзевяноста сутак адседзеў”.

Выказваньне камэнтуе праваабаронца і юрыст Алег Воўчак:

“Паводле выстаўленага артыкула Мікалая Аўтуховіча могуць трымаць за кратамі да паўтара года. Паводле захаваньня працэсуальнай працэдуры нікога папракнуць нельга. Іншая рэч, што выстаўлены артыкул і абвінавачаньні мы лічым незаконнымі, бо яны не абгрунтаваныя сьледзтвам. Я ня бачу сэнсу ў іх зьняволеньні”.

Працягваем праграму:

Прадстаўнік Менскага грамадзкага аб’яднаньня ахвяраў палітычных рэпрэсій Аляксандар Лапіцкі: “Паважанае Радыё Свабода. Лукашэнка павінен унесьці ў Канстытуцыю дзевяноста шостага году палажэньне аб адхіленьні ад улады Прэзыдэнта за парушэньне Канстытуцыі. Лукашэнка і ягоны парлямэнт павінныя неадкладна ратыфікаваць канвэнцыю Эўропы, паводле якой грамадзянін Беларусі меў бы права зьвярнуцца ў Эўрапейскі суд па правах чалавека са скаргай на рашэньні судоў Беларусі. Бяз гэтых умоў Міжнародны валютны фонд ня мае маральнага права падтрымліваць рэжым Лукашэнкі”.
XS
SM
MD
LG