Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы перакрылі нафтаправод у Латвію


Міністэрства па надзвычайных сытуацыях прыняло рашэньне часова забараніць эксплюатацыю беларускага ўчастка нафтаправода “Унеча-Вэнтспілс”, паведамляе “Інтэрфакс” з спасылкай на начальніка прэсавай службы МНС Віталя Навіцкага. Прычына — незадавальняльны тэхнічны стан.

Апошняя дыягностыка трубаправоду, якую праводзіла нямецкая кампанія, выявіла больш 1082 дэфэкты. Дзяржпрамнагляд МНС выдаў прадпісаньне, што гэтыя дэфэкты мусяць быць ліквідаваныя да 17 ліпеня 2009 году. Тым ня менш, было ліквідавана толькі 254 дэфэкты. Дзеля меркаваньняў экалёгіі транзыт нафтапрадуктаў было вырашана прыпыніць“, — сказаў сп. Навіцкі.

Прадстаўнік МНС адзначыў, што на гэтым участку нафтаправоду ўжо здараліся ўцечкі дызэльнага паліва ў 2007-2008 гадах. У першым выпадку частка паліва трапіла ў прыток Дзьвіны. У другім — дызпаліва разьлілося на плошчы ў 100 квадратных мэтраў.

Пасьля дзьвюх аварый міністэрства прыроды й аховы навакольнага асяродзьдзя выступіла з ініцыятывай спыніць эксплюатацыю нафтаправоду.

“Прапампоўваньне па нафтаправодзе на беларускім участку будзе ўзноўленае, калі “Захад-Транснафтапрадукт” ліквідуе дэфэкты.

Прынамсі, мы чакаем актывізацыі дзейнасьці кампаніі ў гэтым кірунку“, дадаў Навіцкі.

Беларускі ўчастак магістральнага нафтапрадуктаводу Ўнеча-Вэнтспілс эксплюатуецца кампаніяй “Захад-Транснафтапрадукт”, якая ўваходзіць у склад акцыянэрнай кампаніі “Транснафтапрадукт”, уласьніка беларускага ўчастку. Гадавы аб’ём транзыту нафтапрадуктаў церазь Беларусь складае каля 10 мільёнаў тон.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG